Царква
Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго... нічога, што ў блізкага твайго
(10 запаведзь, Выхад 20:17)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

22.11.2011

Калядныя паштоўкі на карысьць хворых дзяцей

У Горадні валанцёры хрысьціянскага Руху сьв. Мікалая разам з навучэнцыамі з нядзельнай школкі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай распачалі дабрачынную акцыю “Калядныя паштоўкі на карысьць хворых дзяцей”.
   
Мэта гэтай дабрачыннай акцыі – да Дня інваліда, які адзначаецца 2 сьнежня, сабраць сродкі для набыцьця падарункаў, а таксама набыць гульні і канцтавары для дзяцей з асаблівымі патрэбамі.
 
Кожны, хто складзе ахвяраваньні для набыцьця падарункаў для дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі, атрымае калядную паштоўку, зробленую рукамі валанцёраў хрысьціянскага Руху сьв. Мікалая і навучэнцаў нядзельнай школкі грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні.
 
Дзецьмі з асаблівымі патрэбамі гарадзенскія валанцёры апякуюцца ўжо на працягу двух гадоў. “Мы ў парафіі і сярод валанцёраў часта зьбіраем грошы на дабрачынныя мэты, людзі ў нас ахвярныя, але іх мажлівасьці абмежаваныя, – кажа душпастыр гарадзенскіх грэка-католікаў а. Андрэй Крот у інтэрв’ю для гарадзенскага інтэрнэт-выданьня “Твой стыль”. – Праз акцыю з паштоўкамі мы хочам прыцягнуць да дабрачыннасьці і дапамогі дзецям-інвалідам больш шырокае кола людзей”.

Калядныя паштоўкі гарадзенцы робяць з усяго таго, што ёсьць пад рукамі: з фальгі ад цукерак, шпалераў, упакоўкі ад кветак, з гузікаў, стужак і карункаў. Матэрыяламі для паштовак дапамагаюць парафіяне, прыносяць “усё, што блішчыць” – са сьмехам адзначае айцец Андрэй Крот. Нешта давялося набыць. Кожная паштоўка атрымліваецца ўнікальная. Такім чынам валанцёры і дзеткі з нядзельнай школкі ня толькі зьбіраюць грошы для дапамогі хворым дзецям, але і самі вучацца рабіць прыгожыя рэчы. 
 
Агульнымі намаганьнямі ўжо зроблена каля 120 паштовак, і праца працягваецца. Каля 40 паштовак ужо разышліся. Валанцёры будуць радыя ўсім, хто захоча далучыцца да гэтай працы.
 
Скласьці ў скарбонку ахвяраваньні на карысьць хворых дзетак і выбраць сабе калядную паштоўку можна ў грэка-каталіцкай капліцы на Дзевятоўцы ў Горадні (вул. Курчатава, каля польскай школы) пасьля нядзельнай літургіі (у 11.00 - 11.30 гадз.) альбо пасьля багаслужбаў у буднія дні.
 
Збор сродкаў працягнецца да самага сьвята Нараджэньня Хрыстова.
 
Хрысьціянскі валанцёрскі рух сьв. Мікалая ў Беларусі паўстаў як дабрачынна-душпастырская грэка-каталіцкая ініцыятыва ў 2007 годзе. З 2009 году дзейнічае пры гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі. Рух мае экуменічны характар і яднае людзей добрай волі незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасьці, якія хочуць бескарысьліва дапамагаць тым, хто ў патрэбе.
 
З 1 лістапада 2011 году валанцёрскім рухам сьв. Мікалая ў розных гарадах Беларусі распачата акцыя “Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей”, якая будзе працягвацца да сьвята Нараджэньня Хрыстова. Згодна з ідэяй акцыі, кожны чалавек можа на нейкі час стацца Сьвятым Мікалаем і падрыхтаваць падарунак для пэўнага дзіцяці з дзіцячага дому альбо з небагатай сям’і.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 266 разоў (-ы)