Царква
Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум. Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе; ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 4:7-9)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

25.11.2011

Нарада каталіцкіх патрыярхаў Блізкага Ўсходу

Патрыярхі Каталіцкіх Цэркваў на Блізкім Усходзе заклікалі сваіх вернікаў заставацца на роднай зямлі і ўдзельнічаць у палітыцы дзеля міру. Такую заяву яны зрабілі ў канцы сваёй канферэнцыі, якая адбылася 14-17 лістапада 2011 году ў Бкерке каля Бейруту (Ліван), у рэзідэнцыі зьверхніка Мараніцкай Царквы.
 
Тэмай абмеркаваньня ўсходніх каталіцкіх першаярархаў было складанае становішча хрысьціянаў на Блізкім Усходзе. Сярод задачаў, якія вылучылі ярархі – неабходнасьць уніфікаваць дату сьвяткаваньня Вялікадня, што было б заўважнай прыкметай прагрэсу экуменічнага руху ў гэтым рэгіёне. Гэта таксама датычыць і каталіцкіх супольнасьцяў, якія павінны выразна засьведчыць еднасьць паміж сабою.
 
Каталіцкія патрыярхі зьвяртаюць увагу і на неабходнасьць нацыянальнага дыялогу ў краінах, ахопленых так званай арабскай вясною. Гаворка найперш пра тое, каб забясьпечыць там абарону правоў чалавека, а таксама ажыцьцявіць так неабходны працэс паяднаньня і сацыяльна-палітычныя рэформы. Пры гэтым Царква асуджае гвалт як сродак дасягненьня зьменаў і заклікае каталікоў да актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці. Патрыярхі кажуць таксама пра неабходнасьць мірнага вырашэньня ізраільска- палестынскага канфлікту ў адпаведнасьці з міжнароднымі пагадненьнямі і інтарэсамі абодвух бакоў.
 
Падчас нарады ўсходнія патрыярхі вырашылі таксама арганізаваць зьезд сьвецкіх вернікаў на Блізкім Усходзе і склікаць рэгіянальную канферэнцыю каталіцкіх выхавацеляў. Яна адбудзецца 12-17 красавіка наступнага году ў Ліване.
 
У нарадзе ўсходніх каталіцкіх патрыярхаў прынялі ўдзел першаярархі маранітаў, коптаў, грэка-каталікоў, сіра-каталікоў, лацінскіх каталікоў і армяна-каталікоў, а таксама Старшыня Папскай Рады “Cor Unum”, кардынал Роберт Сара.
 
Паводле Credo-ua.org

 

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 140 разоў (-ы)