Царква
А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:44-45)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

01.12.2011

Архібіскуп Гуджароцьці: важна, каб у вашых сэрцах гарэў агонь веры

У нядзелю, 27 лістапада 2011 году вернікі менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў сьвяткавалі памяць сьв. апостала Андрэя Першапакліканага. Урачыстую літургію ў капліцы душпастырскага цэнтра сьв. Язэпа ўзначаліў архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці, Апостальскі нунцый у Беларусі.
 
 
Архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці ў менскіх грэка-католікаў
Разам з Апостальскім нунцыем літургію служылі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, протапрасьвітар айцец Яўген Усошын, айцец Аляксандар Шыбека, а таксама сьвятары лацінскага абраду.
 
У слове да вернікаў архібіскуп Гуджароцьці разважаў пра багацьце грэка-каталіцкай традыцыі. Ярарх выказаў радасьць з магчымасьці маліцца разам з грэка-католікамі Менску, бо, як адзначыў, для яго гэтая традыцыя не чужая.
 
“Менавіта на беларускіх землях, ня так далёка адсюль, у Берасьці, была заключана Унія. Сёньня сярод вас я знаходжуся нібы ў санктуарыі еднасьці”, – адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Беларусі.
 
“Няважна, ці вас шмат, але важна, каб у вашых сэрцах гарэў агонь веры, – заахвочваў ярарх грэка-каталіцкую супольнасьць. – Агонь не губляе сваіх якасьцяў у залежнасьці ад аб’ёму: ён такі самы, у ім заўсёды ёсьць цеплыня і бляск. І нават маленькі агеньчык здольны распаліць усё навокал”.
 
Кажучы пра асобу сьвятога Андрэя, Апостальскі нунцый адзначыў, што пасьля таго, як Ісус паклікаў апостала, ён пабег і паклікаў свайго брата. Так і кожны вернік: спазнаўшы Бога, павінен дзяліцца Ім з іншымі.
 
На заканчэньне літургіі прадстаўнікі менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў і парафіяльных груп падзякавалі архібіскупу за яго пастырскую апеку і папрасілі бласлаўленьня для дзейнасьці парафіяў і розных ініцыятываў, якія яны рэалізуюць.

Паводле
Catholic.by

Фота Аляксандры Шчыглінскай. Увесь фотарэпартаж са сьвята гл. на сайце Catholic.by.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 126 разоў (-ы)