Царква
I вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта - доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?
(Кніга Эклезіяста 3:22)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

10.12.2011

Яны чакаюць заўсёды…

3 сьнежня 2011 году ў рамках акцыі “Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей” валанцёры Руху сьв. Мікалая на чале з самім Сьвятым Мікалаем наведалі Сялюцкі псіханеўралагічны інтэрнат, што на Віцебшчыне. Валанцёры прывезьлі з сабой салодкія падарункі, а таксама рэчы для асабістай гігіены і цёплую вопратку. Насельнікі Сялюцкага дому-інтэрнату з задавальненьнем прымалі ўдзел у праграме, якую падрыхтавалі валанцёры: маліліся разам, адказвалі на пытаньні, сьпявалі песьні і танчылі для сьв. Мікалая.
   
Ці даўно вы былі ў гасьцях? Ці даўно самі кагосьці запрашалі ў госьці да сябе? Напэўна, кожны з скажа, што гэта было зусім нядаўна, можа нават на гэтым тыдні! Гэта праўда, што для большасьці людзей запрашэньне ў госьці ці наведваньне кагосьці – зусім звычайная справа… Гэта – ў парадку рэчаў.

А вось мы ведаем людзей, для якіх кожны госьць і кожная з ім сустрэча – неверагодная падзея, якую яны ўзгадваюць некалькі месяцаў! Хто яны? Гэта насельнікі Сялюцкага псіханеўралгічнага інтэрнату (Віцебскі раён). Яны чакаюць ЗАЎСЁДЫ… Тут пражывае каля 170 чалавек ва ўзросьце ад 18 гадоў. Пераважна гэта людзі з пэўнымі псіхічнымі адхіленьнямі і парушэньнямі апорна-рухальнага апарату.
 
3 сьнежня ў рамках акцыі “Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей” валанцёры Руху сьв. Мікалая на чале з самім Сьвятым Мікалаем наведалі Сялюцкі псіханеўралгічны інтэрнат. Валанцёры прывезьлі з сабой салодкія падарункі, а таксама рэчы для асабістай гігіены (мыла, грэбні, рушнікі, зубныя шчоткі і пасты) і цёплую вопратку. Насельнікі Сялюцкага дому-інтэрнату з задавальненьнем прымалі ўдзел у праграме, якую падрыхтавалі валанцёры: маліліся разам, адказвалі на пытаньні, сьпявалі песьні і танчылі для сьв. Мікалая. Пасьля гэтага валанцёры прапанавалі паўдзельнічаць ў практычных занятках – зрабіць гірлянды для надыходзячых сьвятаў. Ва ўсёй праграме прымалі ўдзел каля 80 асобаў, якія хоць і маюць пэўныя псіхічныя адхіленьні і парушэньні апорна-рухальнага апарату, але змаглі прыйсьці ў актавую залу.

Пасьля завяршэньня праграмы валанцёры перадалі ў інтэрнацкую бібліятэку Бібліі і іншую духоўную літаратуру – дар Біблійнага Таварыства. Пасьля гэтага валанцёры наведалі хворых ў ляжачым – самам складаным – аддзяленьні. Тут пераважна знаходзяцца людзі, якія самі ня могуць абслугоўваць сябе. Гэта ляжачыя хворыя, людзі на калясках. Некаторыя з іх ня могуць размаўляць. Многіх з іх не наведвае ніхто, таму асабліва для іх прыход валанцёраў кожнага разу ператвараецца ў сапраўдную ПАДЗЕЮ…

Днём раней, з нагоды Дня інвалідаў, які адзначаецца 3 сьнежня, і сьвята Мікалая Цудатворцы адбылася падобная праграма і ў віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага. Мела яна больш духоўна-малітоўны характар. Праводзіць падобныя духоўна-малітоўныя сустрэчы, прысьвечаныя розным хрысьціянскім сьвятам, стала ўжо добрай традыцыяй у Віцебску.
 
Гэтым разам валанцёры падрыхтавалі для няпоўнаспраўных асобаў і іх бацькоў незвычайную праграму. Упершыню гледачы ўбачылі Тэатар ценяў, які распавёў пра жыцьцё сьв. Мікалая. Пасьля гэтага адбылася віктарына, дзе выявілася, наколькі ўважліва гледачы сачылі за падзеямі ў пастаноўцы. Гэтак яны мелі магчымасьць распавесьці тое, што запомнілі з зямнога жыцьця Сьвятога. Таксама ўдзельнікаў сустрэчы, а іх сабралася каля 30 асобаў, наведаў сам Сьвяты Мікалай!

Безумоўна, не абышлося без падарункаў: але ў адказ на падарунак і самі ўдзельнікі сьвяточнай сустрэчы павінны былі штосьці падараваць Сьвятому: хто вершык, хто песьню, хто танец, а адзін з хлопцаў нават змог сыграць на гітары! Пасьля былі падрыхтаваныя конкурсы, а таксама салодкі стол.

Калядны пост – надзвычайна добры час для таго, каб адкрыць сваё сэрца на штосьці большае, чым клопат толькі пра сябе. Нагадваем, што акцыя “Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей” яшчэ працягваецца. Больш падрабязна пра яе можна даведацца на сайце Хрысьціянскага валанцёрскага Руху сьв. Мікалая: www.valancer.by
 
Яўгенія ІЗОТАВА
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 82 разоў (-ы)