Царква
Голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
(Кніга Ёва 1:21)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

15.12.2011

Першаярарх УГКЦ заклікае штодня чытаць Сьвятое Пісаньне

«Усе мы ствараем Адзіную, Сьвятую, Паўсюдную і Апостальскую Царкву. Таму ўсе павінны быць “жывымі камянямі” у будынку нашай парафіі, якая зьяўляецца ўвасабленьнем гэтай Царквы ў нашай мясцовасьці», – пра гэта напісаў Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў Шаўчук у пастырскім лісьце «Жывая парафія – месца сустрэчы з жывым Хрыстом», які ён скіраваў да духавенства, манаства і ўсіх вернікаў УГКЦ 2 сьнежня 2011 году.
   
Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук
Першаярарх УГКЦ Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук) адзначыў, што Слова Божае зьяўляецца асновай царкоўнага, парафіяльнага, сямейнага, грамадзкага і асабістага быцьця чалавека. Заахвочваючы пастыраў да належнай падрыхтоўкі пропаведзі на аснове абвешчанага Божага Слова, Зьверхнік УГКЦ адзначыў, што гэтае «Слова павінна быць “жывым і дзейным” у жыцьці вернікаў, здольным карміць іх, даваць ім адказы на актуальныя праблемы сучаснасьці і натхняць іх на служэньне».
 
Зьверхнік УГКЦ заклікаў да штодзённага чытаньня Сьвятога Пісаньня, нагадваючы пры гэтым, што Катэхізіс павінен быць таксама незаменнай кнігай для духоўнага росту кожнага верніка.
 
«Сабраная на Боскай Літургіі парафіяльная грамада аб’ядноўваецца са сваім нябачным Зьверхнікам – Хрыстом, – адзначае Першаярарх УГКЦ. – Няма больш каштоўнага моманту ў нашым зямным жыцьці, як Служба Божая. Таму сьвятая нядзеля, дзень Гасподні, павінна быць у пашане кожнага хрысьціяніна ».
 
Важным асьпектам хрысьціянскага жыцьця зьяўляецца асабістая і сямейная прыватная малітва, адзначае Ўладыка Сьвятаслаў (Шаўчук). Яна зьяўляецца працягам царкоўнай літургічнай малітвы.
 
Паводле яго словаў, кожная парафія павінна быць арганізаванаю супольнасьцю, у якой пад апекай свайго параха і ў супрацоўніцтве з ім кожны павінен служыць іншаму. Акрамя гэтага, у парафіі належыць мець «добра сфармаваных і дасьведчаных супрацоўнікаў сьвятара, якія будуць дапамагаць яму весьці катэхетычныя школы, царкоўныя брацтвы, дабрачынныя ўстановы, моладзевыя арганізацыі і малітоўныя групы».
 
 Паводле Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 85 разоў (-ы)