Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

24.12.2011

 

Захавайма ня толькі веру, але і традыцыі бацькоў 

Калядны зварот Апостальскага Візітатара для беларусаў католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.

Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандар Надсан
Cорак гадоў таму я наведаў першы раз Амерыку. Быў якраз перадкалядны час. Што мяне ўразіла амаль адразу пасьля высадкі з самалёту ў Нью-Ёрку — гэта рэкламы на ўсіх вялікіх крамах і ўстановах з пажаданьнямі Merry Christmas (вясёлых Калядаў), і тут жа побач Happy Hanuka (Вясёлай Ханукі).
 
Ханука — сьвята габрэйскае, якое прыпадае прыблізна ў той самы час, што і Каляды. Як і Каляды — гэта радаснае сьвята, «сьвята сьвятла», калі габрэі ўспамінаюць аднаўленьне ў 165 годзе да нараджэньня Хрыста ў Ерусаліме сьвятыні, якую зьнішчылі ворагі, пад чыім панаваньнем тады апынулася Палестына, і якія хацелі «ашчасьлівіць» габрэяў, змусіўшы іх адмовіцца ад веры ў адзінага Бога і традыцыі бацькоў, і далучыцца да «вышэйшай» паганскай культуры іхніх заваёўнікаў.
 
Аднак «няўдзячныя» габрэі адмовіліся ад такіх дабрадзействаў, паўсталі супраць сваіх захопнікаў і, нягледзячы на няроўныя сілы, перамаглі іх, захаваўшы непарушнай сваю веру і вернасьць традыцыям сваіх бацькоў. Стрыжневым пунктам гэтай веры было чаканьне Месіі для аднаўленьня Валадарства Божага, што і здарылася з прыйсьцем на сьвет Госпада нашага Ісуса Хрыста, нараджэньне якога мы цяпер сьвяткуем.
 
Такім чынам сьвята Ханукі мае прамое дачыненьне да нашых Калядных сьвятаў. Яно дае нам таксама шмат матэрылу да роздуму аб важнасьці захаваць ня толькі веру, але і вернасьць традыцыі бацькоў, мець сьмеласьць бараніць яе і не паддацца спакусе далучыцца да «вышэйшай» чужой культуры. Вось гэтую думку хачу пакінуць да развагі вам, дарагія чытачы, у гэты радасны дзень нараджэньня Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста.
 
 Каляды, 2011

Радыё Свабода

 

 

 

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 3747 разоў (-ы)