Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

07.01.2012

Архібіскуп Гуджароцьці на 10-годдзе сваёй хіратоніі: вялікая радасьць служыць народу, які напоўнены любоўю

5 студзеня 2012 году ў менскім касьцёле сьв. Сымона і Алены адбылася літургія з нагоды 10-годдзя біскупскай хіратоніі Апостальскага нунцыя ў Беларусі архібіскупа Клаўдыё Гуджароцьці. Разам з юбілярам маліліся ўсе беларускія біскупы, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і шматлікія сьвятары абодвух абрадаў.
   

Аностальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці
Гамілію прамовіў Мітрапаліт Кандрусевіч, у якой нагадаў, што біскуп пакліканы кіраваць даручанай яму Царквой, абвяшчаць Евангельле, а таксама быць вартаўніком веры і літургіі. Рыма-каталіцкі архіпастыр, кажучы пра служэньне юбіляра, адзначыў, што за два месяцы яго знаходжаньня ў Беларусі яго вельмі палюбіла каталіцкая супольнасьць нашай краіны.
 
Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў архібіскупу Клаўдыё Гуджароцьці за яго адкрытасьць, бадзёрасьць, гумар, маладосьць і за імпульс, які ён дае беларускаму народу.
 
Мінула 10 гадоў з дня біскупскага пасьвячэньня Клаўдыё Гуджароцьці. Сьвяткаваньне гэтай даты мімаволі скіроўвае яго ў той памятны дзень. “Гэта была раніца, калі я адчуваў сябе ў руках Госпада”, — прыгадаў юбіляр словы бл. Маці Тэрэзы, кажучы пра пачатак свайго служэньня.
 
Памяць пра “далікатны дотык” Яна Паўла ІІ падчас біскупскай хіратоніі ярарх пранясе праз усё сваё жыцьцё. Тады Папа ўсклаў на яго толькі адну руку, бо другою ўжо мусіў трымацца за крэсла. Яшчэ жывыя ў памяці архібіскупа Гуджароцьці размовы з Янам Паўлам ІІ.
 
Сярод мноства словаў удзячнасьці архібіскупа Гуджароцьці былі і словы падзякі Сьвятому Айцу, які пажадаў накіраваць яго ў Беларусь, дзе ён сустрэў “выключны народ”, “напоўнены любоўю”, “народ, які не хацеў паміраць, калі яго забівалі”, “народ, які заўсёды меў сваё імя — беларусы”. Ярарх заклікаў каталіцкую супольнасьць Беларусі даваць сьведчаньне любові, тады іншыя, як ён адзначыў, таксама адкажуць любоўю.
 
Напрыканцы Апостальскі нунцый падкрэсьліў, што Царкву нельга зьнішчыць. Яе могуць прынізіць, растаптаць, прадаць... Але “Царква — гэта Цела Хрыста. І праз тры дні Ён уваскрэсьне”.
 
Паводле Catholic.by

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 758 разоў (-ы)