Царква
Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум. Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе; ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 4:7-9)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

22.01.2012

Экуменічны тыдзень: малітва ў Менску

21 студзеня 2012 году на экуменічную малітву ў менскім архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі сабраліся прадстаўнікі Рыма- і Грэка-Каталіцкай Царквы, Праваслаўнай, Лютаранскай Царквы, а таксама супрацоўнікі Біблейскага таварыства з пратэстанцкіх супольнасьцяў.
   
Экуменічная малітва ў Менску, 21.01.2012.
Сёлета больш за 100 краінаў сьвету прымаюць удзел у міжнародным экуменічным Тыдні малітваў за еднасьць хрысьціянаў, які штогод з 18 па 25 студзеня ладзіць Каталіцкая Царква.
 
Матэрыялы для 45-га Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў 2012 году ўпершыню былі падрыхтаваныя хрысьціянамі з Польшчы. У склад экуменічнай рэдакцыйнай групы, якая працавала над гэтымі тэкстамі, уваходзілі прадстаўнікі Рыма-Каталіцкай, Лютаранскай, Праваслаўнай Цэркваў, старакатолікі, а таксама прадстаўнікі розных пратэстанцкіх супольнасьцяў, якія дзейнічаюць у Польшчы. Тэмай сёлетняга экуменічнага тыдня сталі словы з 1-га Пасланьня апостала Паўла да Карынцянаў — “Перамененыя перамогай Ісуса Хрыста” (1 Кар 15, 51-58).
 
Экуменічная малітоўная сустрэча з удзелам прадстаўнікоў розных хрысьціянскіх канфесіяў адбылася ў Менску 21 студзеня 2012 году ў пяты раз, паведамляе пра яе беларускі каталіцкі партал Catholic.by.
 
Зьвяртаючыся да словаў Апостала народаў сьв. Паўла, прадстаўнік кожнай канфесіі казаў пра важнасьць падобных сустрэчаў і малітваў, бо яны зьяўляюцца спаўненьнем волі самога Ісуса Хрыста — каб усе былі адно. “Таму д’ябал баіцца такіх малітваў”, — заўважыў Старшыня Праўленьня Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Герман Родаў.
 
“Сьвет слухае сьведкаў, а не настаўнікаў”, — аб гэтым нагадаў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Антнон Дзям’янка падчас сьв. Імшы, якая папярэднічала малітоўнай сустрэчы. Для таго, каб у сучасным сьвеце моцна і ўпэўнена сьведчыць пра Хрыста, неабходна быць адзінымі. Заданьне кожнага хрысьціяніна, як адзначыў ярарх, паказаць, што хрысьціянства — гэта тое, да чаго варта імкнуцца.
 
Паводле словаў біскупа Самастойнай евангельска-лютаранскай Царквы Ўладзіміра Меерсана, хрысьціянства можна ахарактарызаваць адным словам — любоў. Бо ўся яго сутнасьць заключаецца ў дзьвюх запаведзях любові — да Бога і бліжняга. “Мы ўсе — дзеці Божыя, таму давайце разумець, любіць і паважаць адно аднаго”, — адзначыў прадстаўнік Лютаранскай Царквы.
 
“Мы павінны перамяніцца, несьці сьвятло, добразычлівасьць, быць спакойнымі ў сэрцах і ня быць злымі, — адзначыў протаярэй Праваслаўнай Царквы айцец Аляксандар Шымбалёў. — Шмат залежыць ад нас. Таму будзем жа выконваць словы Сьвятога Пісаньня і станем «перамененымі перамогай Ісуса Хрыста»”.
 
“Перамагаць зло дабром, — падкрэсьліў протапрасьвітар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Яўген Усошын. — Дабром — значыць захоўваць супакой, ня помсьціць, рабіць учынкі міласэрнасьці і чыніць дабро, праяўляць клопат пра іншых”.
 
Напрыканцы малітоўнай сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз нагадаў: “Бог перамог д’ябла — крыніцу падзелаў і непаразуменьняў, каб і мы маглі перамагаць падзелы”. Таксама рыма-каталіцкі ярарх адзначыў: “Дар еднасьці — гэта дар Сьвятога Духа, таму трэба маліцца, каб усе былі адно, умелі прасіць прабачэньня і прабачаць. “Каб усе былі адно” — гэта праграма жыцьця кожнага хрысьціяніна. Ісус захоўвае нас ад усялякага зла, трэба толькі адкрыць сваё сэрца на Яго”, — падкрэсьліў у сваёй прамове Мітрапаліт Кандрусевіч.
 
Малітоўная сустрэча завершылася сумеснай малітвай “Ойча наш”, якой навучыў сваіх вучняў Сам Ісус Хрыстос. Як сымбалічны знак у пацьверджаньне гатоўнасьці ісьці за Хрыстом, прадстаўнікі канфесіяў паклалі каля ясьляў з немаўляткам Ісусам жывую чырвоную ружу.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 578 разоў (-ы)