Царква
Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 7:24)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

26.01.2012

Экуменічная малітва ва Ўкраінскім каталіцкім універсітэце

У Львове прадстаўнікі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, Рыма-Каталіцкай Царквы, Армянскай Апостальскай Царквы і Царквы хрысьціянаў веры евангельскай прынялі ўдзел у міжканфесійнай сустрэчы з малітвай за еднасьць хрысьціянаў, паведамляе прэс-служба УКУ. Гэтае экуменічнае мерапрыемства адбылося 24 студзеня 2011 году ў капліцы Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту.
   
Экуменічны малебен у капліцы УКУ ў Львове.
Сустрэча была арганізавана Інстытутам экуменічных дасьледаваньняў УКУ і адбылася ў рамках Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, які штогод ладзіцца 18-25 студзеня. Удзельнікі экуменічнай сустрэчы прынялі ўдзел у экуменічным малебне, паглядзелі сцэнку, якую падрыхтавалі студэнты УКУ, паслухалі хрысьціянскія сьпевы, а прадстаўнікі канфесіяў падзяліліся словам.
 
“Падзел паміж хрысьціянамі адкрыта супярэчыць волі Хрыста, адзначыў пасьля сумеснай малітвы а. Кшыштаф Шэбля, прадстаўнік Рыма-Каталіцкай Царквы. Гэты падзел адбыўся праз наш грэх і ганарлівасьць”. На думку кс. Кшыштафа Шэблі, еднасьць хрысьціянаў не азначае ліквідацыю канфесіяў: “Гаворка ідзе пра еднасьць у разнастайнасьці, у якой хрысьціянскія дэнамінацыі могуць дзяліцца багацьцем Літургіі, багаслоўскай спадчыны, бо праўда ёсьць адна”.
 
Айцец Васіль Саган, прадстаўнік Золачаўскага дэканату УАПЦ, распавёў пра сумесныя экуменічныя малітвы, якія ў Золачаве ладзяць з 1994 году: “Яны зьяўляюцца ўзорам хрысьціянскага духу і павагі да ўсіх хрысьціянаў”, адзначыў прадстаўнік Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
 
Сымбалічна, піша прэс-служба УКУ, што экуменічная малітва за еднасьць адбывалася ў капліцы Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту. “Тут намаляваны сьвятыя розных канфесіяў гэта і праваслаўныя, і рыма-каталікі, і кананізаваныя Армянскай Царквы”, — адзначыў навуковы супрацоўнік Інстытута экуменічных дасьледаваньняў УКУ а. Раман Фігас. Таксама на сьценах храму мастачка Іванка Крып’якевич-Дымід распрацавала ўласны ўнікальны сюжэт. Акрамя выяваў мучанікаў і кананізаваных сьвятых, там намаляваныя паэты, мастакі, настаўнікі, якія праз сваё пакліканьне служылі Хрысту.
 
“Хрыстос на пачатку сваёй публічнай дзейнасьці робіць, здавалася б, парадаксальны крок становіцца побач з грэшнікамі, хрысьціцца ў Ярдане і так становіцца прыкладам для нас, сказаў прысутным удзельнікам экуменічнага малебну духаўнік УКУ а. Ігар Пецюх (УГКЦ). Мы будзем падзеленыя, пакуль кожны з нас ня будзе гатовы ісьці шляхам Яна і Ісуса на Ярдан, ісьці шляхам пакаяньня. Толькі праз пакаяньне мы можам ламаць гэтую сьцяну, якая нас разьядноўвае”.
 
І сёлетні дэвіз Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, адзначае прэс-служба УКУ, таксама заклікае да перамяненьня: “Усе мы пераменімся перамогаю Госпада нашага Ісуса Хрыста (пар. 1 Кар 15, 51-58). Хрысьціяне з усяго сьвету разважалі над гэтай тэмай, зьвязанай з сілай веры ў Хрыста, якая здольная перамяняць, у прыватнасьці, паводле нашай малітвы за бачную еднасьць Царквы, Цела Хрыстова.
 
Экуменічны малебен ва Ўкраінскім каталіцкім універсітэце завершыўся малітвай “Ойча наш”, якой навучыў сваіх вучняў Ісус. Усе ўдзельнікі прамаўлялі яе разам, узяўшыся за рукі.
 
Фотарэпартаж з экуменічнай сустрэчы можна паглядзець на сайце УКУ.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 611 разоў (-ы)