Царква
Бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:2)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

27.01.2012

Экуменічны тыдзень у Барысаве

Ужо больш за 10 гадоў у Барысаве праводзяцца экуменічныя малітоўныя служэньні з удзелам сьвятароў і пастараў розных хрысьціянскіх супольнасьцяў. Ня стаў выключэньнем і гэты год, паведамляе беларускі каталіцкі партал Catholic.by.
   
Барысаў. Экуменічная малітва ў касьцёле.
У экуменічных малітоўных сустрэчах 19-23 студзеня 2012 году прымалі ўдзел душпастыры і вернікі пяці канфесіяў з розных хрысьціянскіх супольнасьцяў г. Барысава. Сьвятары Каталіцкай Царквы і пастыры розных хрысьціянскіх супольнасьцяў слухалі Божае слова, на яго аснове казалі словы прывітаньня, вернікі сьпевамі праслаўлялі адзінага Госпада, а на заканчэньне экуменічнай сустрэчы кожны з душпастыраў прамаўляў малітву.
 
Сёлета ў экуменічных малітоўных сустрэчах у Барысаве бралі ўдзел: ад рыма-каталіцкай парафіі Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі былі а. Міхал Цьвячкоўскі, МІС і а. Юзаф Пятушка, МІС, кс. Аляксандар Тарасевіч прадстаўляў рыма-каталіцкую парафію Спасланьня Духа Сьвятога, пастар Васіль Ложачнік быў ад Адвентыстаў сёмага дня, пастар Сяргей Жукоўскі ад евангельскіх хрысьціянаў баптыстаў, пяцідзясятнікаў прадстаўляў пастар Уладзімір Міхадзюк з супольнасьці “Божыя Дары”, а поўнаевангельскую супольнасьць “Сьвятло сьвету” прадстаўляў пастар Яўген Пугач.
 
Як узгадваюць арганізатары экуменічнай малітвы ў Барысаве, пачыналася ўсё з малітоўных сустрэчаў саміх пастыраў. Яшчэ перад тым, як зьявілася ідэя праводзіць малітоўныя сустрэчы з удзелам вернікаў, узьнікла ініцыятыва стварыць “тэлефон даверу” (псіхалагічнай кансультацыі ў хрысьціянскім экуменічным духу). Калі ж пачаліся сустрэчы з удзелам вернікаў, спачатку, у рамках экуменічнага тыдня, праводзілася толькі адна сустрэча. Але з цягам часу, адзначае кс. Аляксандар Тарасевіч, гэтыя мерапрыемствы сталі адпавядаць агульнапрынятаму ў сьвеце парадку правядзеньня такіх служэньняў: набажэнствы на працягу экуменічнага тыдня праводзяцца па чарзе ва ўсіх супольнасьцях Цэркваў-удзельніц. Напачатку кожны прысутны пастыр кажа прывітальнае слова, затым казаньне прамаўляе пастыр з іншай канфесіі, а напрыканцы малітоўнай экуменічнай сустрэчы, па чарзе, кожны прысутны пастыр уголас моліцца.
 
Разам з удасканальваньнем студзеньскіх сустрэчаў падчас Тыдня еднасьці ўвасабляліся ў жыцьцё і іншыя сумесныя пачынаньні, кажа кс. Аляксандар Тарасевіч. Так, сустрэча пастыраў стала штомесячнай, узьнікла ўзаемная дапамога ў падрыхтоўцы і правядзеньні сьвяточных (велікодных і калядных) мерапрыемстваў. Было праведзена некалькі сустрэчаў у рамках «Рэха каталіцкага кінафестывалю “Magnificat”», сумесна абмяркоўваліся пытаньні правядзеньня хрысьціянскага музычнага фестывалю.
 
Экуменічная малітва ў Барысаве.
Да “перамяненьня перамогай Ісуса Хрыста” заклікае нас у гэтым годзе польская экуменічная супольнасьць. Трэба спадзявацца, што тыя хрысьціяне ў Барысаве, якія прыходзяць у розныя хрысьціянскія супольнасьці на экуменічныя малітоўныя сустрэчы падчас Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, сапраўды хочуць бліжэй пазнаць адно аднаго і шчыра прагнуць шукаць шлях да зьяднаньня, бо чуюць заклік Госпада “каб усе былі адно”.
 
Фота А.Шчыглінскай, Catholic.by.

Фотарэпартажы з Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў у Барысаве: у пратэстанцкіх супольнасьцях гл. тут, а ў каталіцкіх парафіях гл. тут.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 581 разоў (-ы)