Царква
I ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць, ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 5:3-4)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

05.02.2012

Чароўная казка для маладэчанскіх дзяцей з аслабленым зрокам

З ініцыятывы душпастыра і вернікаў грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне ў нядзелю, 29 студзеня 2012 году, валанцёры Хрысьціянскага руху сьв. Мікалая наведалі мясцовую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэньнямі зроку, якім паказалі сваю Калядную праграму, – паведамляе сайт гэтага руху.
  
Гульні, конкурсы, казачныя героі, а галоўнае адкрытасьць і шчырасьць сэрцаў – усё гэта зрабіла сустрэчу незабыўнай як для дзяцей з аслабленым зрокам, так і для саміх валанцёраў.
 
Вось што распавядаюць пра гэтую падзею самі валанцёры з руху сьв. Мікалая.
 
Алена: “Асабіста я хвалявалася, бо ніколі не працавала з дзецьмі, якія дрэнна бачаць, альбо ня бачаць увогуле. Якія гульні праводзіць? Ці патрэбны грым акторам? Перажываньні былі дарэмныя! Гэта, на маю думку, было найлепшым нашым выступленьнем. Можа, таму, што дзеткі былі актыўнымі і дружнымі, з ахвотай удзельнічалі ва ўсіх гульнях.
 
Пераапраналіся валанцёры-акторы ў бібліятэцы. Зьдзівілі там памеры кніг. Напрыклад, кніга “Прыгоды Нільса з дзікімі гусямі” азбукай Брайля будзе выглядаць як адзін з тамоў энцыклапедыі. Яе нават трымаць вельмі цяжка. Падумалася: асабіста я магу чытаць усё, што захачу, рэальна і віртуальна, а хтосьці толькі тое, што надрукавана азбукай Брайля…
 
Дзеткі сустракалі нас “на ура!” Толькі хтосьці глядзеў, а хтосьці сваімі рукамі абмацоўваў, набліжаў свой нос-курнос амаль да твайго і пытаўся: “А што гэта за чорная пляма? А навошта яна? А дзе твае кіпцюры? А чаму ты ў рукавіцах?” І сьмяяліся, і абдымалі цябе. Але больш за усіх дасталося хвасту Аднарога! А былі і такія, што ўвесь час сядзелі на сваіх месцах (амаль заўсёды так робяць старэйшыя, бо ня хочуць бавіцца разам з малымі). Але ў гэтым інтэрнаце ўсё трошкі інакш. Калі ў дзіцяці цалкам адсутнічае зрок, то хлопчыкі і дзяўчынкі проста сядзелі і ўсьміхаліся, бо толькі чулі цябе. Але, калі актор падыходзіў, дакранаўся, частаваў цукеркамі, яны пачыналі адчуваць-уяўляць. І гэта зусім ня страшна! Бо дзіцячая радасьць і адкрытасьць ня могуць напалохаць.
 
Я яшчэ вельмі-вельмі малады валанцёр (толькі месяц як далучылася да Хрысьціянскага валанцёрскага руху сьв. Мікалая), але магу з упэўненасьцю сказаць, што тут можна займацца тым, што табе падабаецца, столькі, колькі захочаш, і да таго ж, гэта каму-небудзь, акрамя асабіста цябе (маем такую надзею) таксама прыносіць карысьць і радасьць”.
 
Натальля: “Нягледзячы на па-сапраўднаму зімовае надвор’е, наш візіт да дзяцей з аслабленым зрокам у маладэчанскім інтэрнаце запомніўся мне вельмі цёплым і радасным. Дзеці вельмі чакалі нас, чакалі нечага незвычайнага, чароўнага, адным словам – казкі. І падаецца, мы з Божай дапамогай, змаглі іх не расчараваць. Гульні, конкурсы, казачныя героі, а галоўнае – адкрытасьць і шчырасьць сэрцаў – усё гэта зрабіла нашую сустрэчу незабыўнай. Вельмі ўразіла тое, як натуральна, без ніякага страху і няёмкасьці камунікуюць дзеці з тымі, хто ня бачыць нічога, ці амаль нічога. Падаецца, што гэта вельмі важны досьвед роўнасьці, аднолькавай вартасьці кожнага чалавека, досьвед, якога, на жаль, у наш час не хапае ў нашым грамадзтве.
 
Таксама вельмі прыемна зьдзівіў надзвычайна высокі ўзровень творчай таленавітасьці, які мы ўбачылі ў нашых новых маленькіх сяброў: дзяўчына-падлетак, якая амаль ня бачыць, займаецца пляценьнем з бісеру… Яе сяброўка, якая бачыць толькі сьвятло і цемру – цудоўна сьпявае… Вельмі хочацца маліцца, каб гэтыя таленты, дадзеныя ім Богам, разьвіваліся на Ягоную хвалу.
 
Вельмі хочацца прыехаць у Маладэчна яшчэ раз, і нават ня раз!”
 
Уся акцыя завершылася малітвай у грэка-каталіцкай капліцы, якую ўзначаліў душпастыр маладэчанскай парафіі а. Алесь Шыбека. На Службе Божай валанцёры падзякавалі Міласэрнаму Хрысту-Чалавекалюбцу за дапамогу ў стварэньні атмасферы каляднай казкі для дзяцей і папрасілі блаславеньня для ўсіх дзетак, якія апынуліся ў складаных жыцьцёвых абставінах.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 628 разоў (-ы)