Царква
Хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 1:6)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

16.02.2012
Успамін мучаніцкай сьмерці архімандрыта Андрэя Цікоты

Сёлета 11 лютага мінула 60 гадоў з дня сьмерці ў “Озерлагу” – савецкім асобым лагеры для палітзьняволеных — архімандрыта а. Андрэя Цікоты з Ордэну айцоў марыянаў, выдатнага беларускага царкоўнага і грамадзкага дзеяча першай паловы XX стагоддзя. З гэтай нагоды ў Маладэчна і Менску адбыліся мемарыяльныя набажэнствы, а ў шэрагу еўрапейскіх гарадоў прайшлі дні памяці і рэфлексіяў над шматбаковым душпастырскім служэньнем і жыцьцёвым сьведчаньнем беларускага архімандрыта-мучаніка Андрэя Цікоты.
  
Мемарыяльныя ўрачыстасьці ў Маладэчна ў гонар архімандрыта Андрэя Цікоты.
У нядзелю 12 лютага ў маладэчанскай рыма-каталіцкай парафіі сьв. Юзафа мясцовыя вернікі разам з грэка-католікамі з парафіі Хрыста Чалавекалюбцы адзначалі ўспамін мучаніцкай сьмерці Слугі Божага Андрэя Цікоты, паведамляе Catholic.by.
 
Маладэчна невыпадкова было абрана месцам урачыстага ўспаміну гэтага выдатнага беларускага сьвятара і грамадзкага дзеяча. Віленшчына — гэта яго родны край. Андрэй Цікота нарадзіўся 5 сьнежня 1891 году ў рыма-каталіцкай сям’і ў мясцовасьці Тупальшчына Віленскай губерні (сёньня — у Смаргонскім р-не), навучаўся ў Ашмянах і менавіта тут, у Маладэчна, у 1917–1918 гг. пачынаў сваё душпастырскае служэньне пасьля заканчэньня Петраградзкай духоўнай акадэміі.
 
Падчас мемарыяльных урачыстасьцяў у Маладэчна вернікі абодвух абрадаў удзельнічалі ў Еўхарыстыі, якую ўзначаліў пробашч парафіі сьв. Юзафа кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Сьвятар падкрэсьліў, што ўспамін пра трагічныя падзеі мінулага вучыць сучасных хрысьціянаў быць мужнымі вызнаўцамі Хрыста.
 
Казаньне прамовіў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Архімандрыт Сяргей узгадаў словы сьвятара-марыяніна а. Язэпа Германовіча, які разам з а. Цікотам быў арыштаваны ў Харбіне і падзяліў цяжар савецкіх лагераў, аб тым, што Слуга Божы Андрэй “стаўся ахвярай за веру і Бацькаўшчыну”.
 
Архімандрыт Андрэй Цікота (1891-1952) быў вядомым беларускім сьвятаром Віленскай дыяцэзіі. З блаславеньня біскупа Эдварда Ропа ён пачаў актыўна карыстацца беларускай мовай у сваёй душпастырскай дзейнасьці ў парафіях у Маладэчне, Вілейцы і Будславе. Наогул у беларускім нацыянальным руху ён пачаў удзельнічаць з 1913 году, яшчэ з часоў навучаньня ў Віленскай духоўнай семінарыі, дзе належаў да беларускага культурна-асьветнага гуртка. Быў удзельнікам 1-га зьезду беларускіх каталіцкіх сьвятароў у Менску 24-25 траўня 1917 году. У 1918 годзе біскуп Віленскі Юры Матулевіч дазволіў яму для лепшага служэньня Бацькаўшчыне пераехаць у Менск, які стаў цэнтрам беларускага грамадзкага і рэлігійнага жыцьця. З 1918 году а. Андрэй Цікота стаў прафесарам фундаментальнай і дагматычнай тэалогіі ў Менскай духоўнай семінарыі. У тым жа 1918-ым абраны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Да верасьня 1919 году працаваў у складзе Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту. Падчас польска-бальшавіцкай вайны арыштоўваўся бальшавікамі як закладнік, але быў вызвалены.
 
У 1920 годзе а. Андрэй Цікота вырашыў уступіць у супольнасьць айцоў-марыянаў, стварыў марыянскі кляштар і навіцыят у Друі, які стаў калыскай беларускай марыянскай супольнасьці. Працаваў у Друі таксама як пробашч, грамадзкі і культурны дзеяч, быў дырэктарам і выхавацелем у гімназіі, якую заснаваў. Па даручэньні біскупа Юрыя Матулевіча (сёньня — блаславёны Царквы) ён займаўся стварэньнем і апекай заснаванай у Друі манаскай супольнасьці Сясьцёр Еўхарыстак.
 
Айцец Андрэй Цікота шмат цікавіўся каталіцтвам усходняга бараду, у 1927 годзе браў удзел ва Ўнійным кангрэсе ў Велеградзе (Чэхія). Разам з а. Фабінам Абрантовічам распрацоўваў планы місійнай дзейнасьці для адраджэньня Уніі ў Беларусі.
 
У 1933-1939 гг. а. Андрэй Цікота зьяўляўся зьверхнікам (Генеральным суперыёрам) Ордэну марыянаў.
 
У 1939 году папа Пій ХІІ прызначыў а. Цікоту Апостальскім адміністратарам экзархату для католікаў візантыйскага абраду ў Харбіне (Маньчжурыя).
 
Адзін з апошніх фотаздымкаў Архімандрыта Андрэя Цікоты
22 сьнежня 1948 году кітайская міліцыя арыштавала манахаў-марыянаў і перадала іх НКВД. Падчас допытаў у Чыцінскай турме архімандрыту Андрэю Цікоту прапаноўвалі перайсьці ў праваслаўе, але ён катэгарычна адмовіўся ад гэтага. Ведаючы яго вялікі духоўны аўтарытэт і здольнасьці, савецкія ўлады прапаноўвалі яму пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкану Каталіцкай Царквы. Незважаючы на моцна падарванае ў турэмных умовах здароўе, архімандрыт Цікота рашуча адкінуў гэтую правакацыйную прапанову. Пасьля працяглага сьледчага працэсу, будучы абвінавачаны ў арганізацыі тэрарыстычнае групоўкі ў ліцэі сьв. Мікалая ў Харбіне, антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысьць Ватыкану і Японіі, разам з іншымі манахамі ён быў асуджаны на 25 гадоў лагероў.
 
Сваё зьняволеньне а. Андрэй Цікота адбываў у “Озерлагу” – асобым лагеры № 7 для палітвязьняў з асабліва суровым рэжымам, дзе патаемна выконваў сьвятарскае служэньне сярод вязьняў, падтрымліваў іх веру і дух. Памёр у выніку хваробаў, змучаны цяжкімі лагернымі ўмовамі і працай, будучы пазбаўлены медычнай дапамогі, 11 лютага 1952 году. Пахаваны беларускі сьвятар-мучанік на шпітальных лагерных могілках у ваколіцах Брацку Іркуцкай вобласьці. Магіла была пазначана простым калком і сёньня яе знайсьці практычна немагчыма. Афіцыйная прычына сьмерці — спыненьне сардэчнай дзейнасьці пры агульнай інтаксікацыі арганізму, выкліканай туберкулёзным менінгітам. (З копіяй дакумента аб сьмерці архімандрыта Андрэя Цікоты можна пазнаёміцца тут).
 
У 2003 годзе з ініцыятывы Каталіцкай Царквы ў Расеі афіцыйна распачаты працэс беатыфікацыі Слугі Божага архімандрыта Андрэя Цікоты.
 
8 лютага 2012 году ў Генеральным доме айцоў марыянаў у Рыме распачалася міжнародная кансультацыйная праграма, прысвечаная дасьледаваньню жыцьця і мучаніцкага подзьвігу Архімандрыта Андрэя Цікоты. Перш цыкл гэтай праграмы адбыўся ў Рыме, Сінт-Ніклаасе (Бельгія), Трумаў (Аўстрыя), Празе (Чэхія) і Менску і завяршыўся 13 лютага. Другі цыкл пройдзе ў Варшаве (Польшча), Вільні (Літва), Іркуцку і Чыце (Расея).
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 701 разоў (-ы)