Царква
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 1:8)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

17.02.2012

Асуджаны як “шпіён Ватыкану і Японіі”

11 лютага 1952 году ў адным з лагероў пад Тайшэтам закончыўся зямны шлях грэка-каталіцкага архімандрыта Андрэя Цікоты. Савецкія ўлады прапаноўвалі яму прыняць сан праваслаўнага япіскапа і ўзначаліць праваслаўную Царкву ў Беларусі. Катэгарычная адмова прысьпешыла сьмерць былога генэрала Ордэну марыянаў. У 2003 годзе ў Рыме быў распачаты працэс беатыфікацыі гэтага выдатнага беларускага сьвятара. Да 60-х угодкаў ягонай мучаніцкай сьмерці прапануем гутарку Міхася Скоблы з дасьледчыкам беларускага хрысьціянскага руху Юрасём Гарбінскім, якая адбылася на Радыё Свабода.
  
— Юрась, Вы зьяўляецеся аўтарам даведніка “Беларускія хрысьціянскія дзеячы ХХ стагоддзя”. Як бы Вы акрэсьлілі асобу Андрэя Цікоты, яго ролю ў айчынным хрысьціянскім руху першай паловы мінулага стагоддзя?
 
Андрэй Цікота – генерал Ордэну марыянаў. Рым, 1934 г. (зьлева), Вязень савецкага ГУЛАГу. 1949–1951 гг.
— Калі паглядзець на беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагоддзя, яго творцаў, лідараў і ўдзельнікаў, то асоба айца Андрэя Цікоты займае ў ім адно з ключавых месцаў. Найперш варта адзначыць наступнае. Айцец архімандрыт Андрэй Цікота поруч з айцом Фабіянам Абрантовічам, ксяндзамі Адамам Станкевічам і Ўладзіславам Талочкам, біскупам Чаславам Сіповічам ды іншымі быў адным з яркіх лідараў каталіцкага крыла тагачаснага беларускага хрысьціянскага руху.
 
Ён ня толькі выпрацоўваў стратэгію гэтага руху, але і быў адмысловым практыкам ды ўмелым арганізатарам. Менавіта дзякуючы Цікоту, пры падтрымцы віленскага біскупа Юрыя Матулевіча, паўстаў беларускі па духу Ордэн сясьцёр-еўхарыстак у Друі. Па-другое, гэта быў сьвятар-патрыёт, які ў роднай мове пашыраў Слова Божае на беларускіх этнічных землях у няпростых палітычных варунках міжваеннай Польшчы. Па-трэцяе, асоба архімандрыта Андрэя Цікоты знакавая яшчэ і тым, што ён у сваёй сьвятарскай працы быў усім для ўсіх. Лепшым таму сьведчаньнем ёсьць тое, што Цікота двойчы абіраўся генералам Ордэну айцоў-марыянаў і цягам амаль дзесяці гадоў кіраваў Усходняй місіяй у Маньчжурыі і Кітаі. Гэта на сёньня адзін з нямногіх прыкладаў, калі сьвятар-беларус займаў такія высокія пасады ў Каталіцкай Царкве і выконваў свае абавязкі з годнасьцю, маючы павагу і прызнаньне найвышэйшых духоўных ўладаў Ватыкану. Зробленае Андрэем Цікотам у беларускай рэлігійнай гісторыі ХХ стагоддзя ня страціла сваёй важнасьці і сёньня. Хутчэй — наадварот. Пра гэта сьведчыць распачаты ў 2003 годзе ў Рыме яго беатыфікацыйны працэс.
 
 
Біскуп Ф. Бучыс з беларускімі сьвятарамі-марыянамі Ф. Абрантовічам і А. Цікотам. Рым, 1920-я гг.

Біскуп Ф. Бучыс з беларускімі сьвятарамі-марыянамі Ф. Абрантовічам і А. Цікотам. Рым, 1920-я гг.
 
— У Вашым даведніку не называецца дакладная дата сьмерці Андрэя Цікоты. Цяпер, я так разумею, дата і абставіны сьмерці высьветленыя?
 
— Не зусім так. І ў энцыклапедычным даведніку “Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя: жыцьцярысы, мартыралогія, успаміны”, і ў біяграфічным слоўніку “Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагоддзя” на польскай мове, напісаным у суаўтарстве з вядомым беларускім гісторыкам Юрыем Туронкам, былі пададзеныя дзьве даты. Адна з іх — 11 лютага 1952 году. Менавіта гэтую дату ўпершыню падала ў сваім лісьце да сястры Юзэфы Жук ад 2 сьнежня 1953 году кіраўнічка Закону сясьцёр-еўхарыстак Апалонія Пяткун. І гэта мае сваё вытлумачэньне. Справа ў тым, што вязень савецкага лягеру пад Тайшэтам Андрэй Цікота лістоўны кантакт навязаў якраз з манашкамі-еўхарысткамі з Друі, а менавіта з манашкай Лізаветай Варонькай і згаданай вышэй маці-кіраўнічкай А. Пяткун. Вядомыя 8 лістоў архімандрыта з Гулагу. Апошні з іх быў атрыманы напрыканцы 1951 году. Заклапочаныя маўчаньнем айца Цікоты, манашкі распачалі пошук. Былі напісаныя лісты-запыты ў Харбін і Маскву — у Міністэрства ўнутраных справаў СССР. Так удалося часткова высьветліць лёс архімандрыта. Аднак канчаткова дату сьмерці Цікоты ўдалося высьветліць расейскаму гісторыку Сяргею Кудраўцаву з Чыты. Толькі ў 1998 годзе яму ўдалося у архіве ФСБ па Чыцінскай вобласьці выявіць “Акт о смерти з/к Андрея Цикоты” ад 13 лютага 1952 году, складзены ў лагернай больніцы № 2 «Озерстроя». Зь яго вынікае, што “/к Цикота Андрей Феликсович, л/д 3-352, рождения 1891 года, уроженец Свинтянского уезда, б. Виленской губ., национальность — белорус”, памёр 11 лютага 1952 году. У пасьведчаньні паведамлялася прычына сьмерці: “Остановка сердечной деятельности при явлении общей интоксикации организма”. Гэты дакумент абнародаваны Апостальскім візітатарам архімандрытам Сяргеем Гаекам 8 лютага 2012 году ў Генеральным доме марыянскага ордэну ў Рыме. Пахаваны Андрэй Цікота на агульных могілках у ваколіцах Брацка.
 
http://gdb.rferl.org/B7A3F5F4-B5DF-4679-84C2-966DF0F0A559.jpg 
Ліст сястры Юліі Кадышэўскай у МУС СССР у справе росшуку архімандрыта А. Цікоты. Друя, 1953 г.
 
— Андрэй Цікота трапіў у ГУЛАГ з тэрыторыі Кітаю, дзе ўзначальваў рэлігійную місію. Тамсама быў арыштаваны і другі вядомы каталіцкі дзеяч Язэп Германовіч. Чаму беларускіх сьвятароў НКВД знаходзіла і там?
 
— Па-першае, трэба ўдакладніць некалькі фактаў. У 1939 годзе рашэньнем Ватыкану Андрэй Цікота, які закончыў свае паўнамоцтвы як генерал Закону айцоў-марыянаў у Рыме, быў прызначаны Апостальскім адміністратарам Усходняй місіі для расейцаў-каталікоў у Маньчжурыі і Кітаі. Тады ж беларускі сьвятар прыняў усходні абрад, атрымаў намінацыю на архімандрыта і выехаў у Харбін, дзе прадоўжыў місійную працу, якую распачаў яго папярэднік і сябра архімандрыт Фабіян Абрантовіч. Як вядома, восеньню 1945 году, пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў і паразы Японіі, уладу ў Кітаі савецкія войскі перадалі кітайскім камуністам. І вось пры камуністычнай уладзе, цягам трох гадоў, Андрэй Цікота ажыцьцяўляў дзейнасьць Усходняй місіі, а таксама функцыяваньне трох навучальных установаў, дзіцячага прытулку ды марыянскага кляштару. Але ці маглі кітайскія камуністы, для якіх таксама ня было чужым выказваньне ідэолагаў камунізму (“Рэлігія — гэта опіюм для народа”), дазваляць такую дзейнасьць бясконца? Не. Лёс місіі быў прадвызначаны. У выпадку з архімандрытам Цікотам і другімі сьвятарамі савецкаму НКВД чынна “прыслужыліся” іх калегі з кітайскай камуністычнай міліцыі ў Харбіне.
 
— Што вядома з перыяду гулагаўскага жыцьця Андрэя Цікоты?
 
— Перыяд гулагаўскага жыцьця архімандрыта яшчэ добра ня вывучаны. Некаторыя яго моманты знайшлі сваё адлюстраваньне ва ўспамінах айца Язэпа Германовіча “Кітай-Сібір-Масква”, а таксама ў лістах тых, хто дзяліў з ім скупую лагерную пайку. Пасьля арышту 22 сьнежня 1948 году ў Харбіне былі 5 месяцаў допытаў і катаваньняў у сьледчым аддзяленьні турмы МГБ у Чыце. Архімандрыта абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Ватыкану і Японіі. Рашэньнем “асобай камісіі”, якая засядала ў Маскве, 28 верасьня 1949 году Андрэй Цікота быў асуджаны на 25 гадоў няволі. Архімандрыт утрымліваўся ў розных лягерах прымусовай працы пад Тайшэтам і Брацкам (пераважна ў Чукшы і Нова-Чунцы). Памёр ён у лягернай больніцы ў Чукшы, пазбаўлены элементарнай медычнай дапамогі. Адной з прычынаў такіх адносінаў лагерных уладаў да вязьня была яго адмова прыняць сан праваслаўнага япіскапа і ўзначаліць праваслаўную Царкву ў Беларусі.
 
— Як Вы ўжо сказалі, у Ватыкане распачатыя беатыфікацыйныя працэсы — адносна архімандрытаў Андрэя Цікоты і Фабіяна Абрантовіча. На Вашу думку, каму сёньня найперш патрэбныя сьвятыя і мучанікі: самой Царкве, уладзе, народу, вернікам?
 
— Беатыфікацыя — гэта акт залічэньня той ці іншай асобы да блаславёных, пэўны этап у працэсе падрыхтоўкі да кананізацыі. Працэсы адносна Андрэя Цікоты і Фабіяна Абрантовіча распачаліся ў межах беатыфікацыі расейскіх каталіцкіх новамучанікаў. Пастулятарам абодвух беатыфікацыйных працэсаў зьяўляецца рэлігійны гісторык ксёндз-марыянін Вячаслаў Пялінак з Беларусі. Сёньня, калі сітуацыя ў сьвеце і Беларусі выпрабоўвае кожнага з нас на чалавечнасьць і маральнасьць, сьвятыя і мучанікі найперш патрэбныя ня толькі вернікам, ня толькі Царкве, але і ўсім тым, хто патрабуе маральнай падтрымкі, хто хоча захаваць у сабе сваю годнасьць як чалавека і беларуса. Жыцьцё, сьвятарская дзейнасьць і пакутніцкая сьмерць Андрэя Цікоты акурат і служаць яскравым прыкладам годных паводзінаў для нас і для наступных пакаленьняў.
 
— У сучаснай Беларусі праваслаўная Царква і дзяржаўная ўлада небясьпечна зблізіліся і фактычна між імі няма рознагалосьсяў. На Вашу думку рэлігійнага гісторыка, ці павінна Царква быць абаронцам пакрыўджанага ўладай чалавека?
 
— Безумоўна, павінна. Але трэба памятаць, што ў адносінах паміж Царквой і сьвецкімі ўладамі ўсё ня так проста. Як сказаў мне аднойчы ў прыватнай размове ў Нью-Ёрку адзін з прадстаўнікоў Расейскай Праваслаўнай Царквы ў замежжы, “Царква — гэта таксама палітыка”.
 
— На нядаўнім менскім Міжнародным кніжным кірмашы я набыў адразу чатыры Евангельлі ў перакладзе на беларускую мову, выдадзеныя Праваслаўным брацтвам Трох віленскіх мучанікаў. Але рэдка ў якім праваслаўным храме сёньня пачуеш багаслужбы па-беларуску. Адзін знаёмы сьвятар мне так і сказаў: дабро, любоў і міласэрнасьць ня маюць нацыянальнасьці. А як Вы разумееце суіснаваньне нацыянальнага і агульначалавечага ў рэлігійным жыцьці?
 
— Са словамі вашага знаёмага сьвятара можна часткова пагадзіцца. Сапраўды, дабро, любоў і міласэрнасьць ня маюць нацыянальнасьці. Але іх, як і зло, нясуць у сьвет канкрэтныя людзі. А каб рабіць дабро, несьці любоў і міласэрнасьць людзям, трэба мець і шанаваць свае чалавечыя і нацыянальныя ідэалы. Думаю, што гэта аксіёма: каб быць добрым беларусам, трэба быць найперш добрым чалавекам, з годнасьцю і павагай да сябе і да іншых. Жыцьцё архімандрыта Андрэя Цікоты — тут таксама варты перайманьня прыклад. Ягоны шлях да святасьці пачаўся ня ў 2003 годзе — разам з беатыфікацыйным працэсам, а тады, калі ён разам з другімі беларускімі сьвятарамі-марыянамі нёс Божую любоў і Божае Слова свайму беларускаму народу і расейцам у Маньчжурыі і Кітаі. Ён служыў людзям цягам усяго свайго самаахвярнага жыцьця.
 
Радыё Свабода © 2012
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 778 разоў (-ы)