Царква
Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго... нічога, што ў блізкага твайго
(10 запаведзь, Выхад 20:17)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

22.02.2012

Мы маем вялікі ўласны патэнцыял добрых людзей

Перад пачаткам Вялікага посту завяршылася акцыя “Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей”, арганізаваная валанцёрскім рухам сьв. Мікалая, каардынацыйны цэнтр якога знаходзіцца пры грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Менску.
  
Згодна з ідэяй акцыі, кожны жадаючы ў Калядны перыяд мог на нейкі час стацца Сьвятым Мікалаем і падрыхтаваць падарунак для пэўнага дзіцёнка з дзіцячага дому альбо з небагатай сям’і. Сабраныя падчас акцыі падарункі валанцёры раздавалі дзецям падчас калядных пастановак у дзіцячых інтэрнатах і прытулках. Таксама падарункі патрапілі дзецям з бедных сем’яў і ў сем’і, у якіх ёсьць асобы з абмежаванымі магчымасьцямі. У выніку радасьць атрымалі каля 350 чалавек з розных куткоў Беларусі.
 
Як адзначае айцец Алесь Шыбека, ня менш важным вынікам гэтай акцыі стала і тое, што падарункі былі сабраныя менавіта самімі беларускімі вернікамі, якія шчыра хацелі падзяліцца часьцінкай сваёй хрысьціянскай любові і запаліць маленькі агеньчык радасьці ў дзіцячых вачах. “Мы маем вялікі ўласны патэнцыял добрых людзей, які ёсьць таксама блаславеньнем для ўсёй нашай краіны, – адзначыў грэка-каталіцкі сьвятар. – Асабліва хацелася б падзякаваць усім валанцёрам, якія знайшлі час і сілы, каб арганізаваць вечары, музычныя і тэатральныя выступы ў дзіцячых дамах і прынесьці туды радасьць Хрыстовага Нараджэньня. Прыйсьці да дзяцей і паказаць ім Бога. Бога – Які ёсьць Любоў”.
 
Валанцёры ёсьць вялікім дарам нашай Царквы, сьцьвярджае а. Алесь Шыбека, а таксама прыкладам практычнай рэалізацыі Хрыстовай навукі: “Хрысьціянскае валанцёрства, у той ці іншай меры - гэта заданьне для кожнага верніка, так як вера ў Ісуса Хрыста ня можа быць тэарэтычнай, але заўсёды шукае канкрэтных і практычных крокаў. З іншага боку валанцёрства ёсьць таксама крокам хрысьціянскай адказнасьці, бо за добрыя ўчынкі, асабліва зробленыя для тых, хто ў найбольшай патрэбе, Бог бласлаўляе ня толькі самога чалавека, але і ўвесь яго род”.
 
Як кіраўнік і душпастыр у Хрысьціянскім валанцёрскім руху сьв. Мікалая айцец А. Шыбека шчыра дзякуе таксама ўсім сьвятарам, якія спрычыніліся да правядзеньня каляднай акцыі ў сваіх парафіях, якія пільна чувалі над яе пасьпяховым правядзеньнем.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 588 разоў (-ы)