Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

20.03.2012

Айцец Аляксандар Надсан – пра дар жыцьця і сьмяротнае пакараньне

Падчас казаньня на нядзельнай Літургіі 18 сакавіка 2012 году ў царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы айцец Аляксандар Надсан выказаўся адносна актуальных падзеяў у Беларусі, якія ўсхвалявалі грамадзтва: пра выкананьне сьмяротнага пакараньня паводле прысуду Канавалаву і Кавалёву, якіх абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім метро, а таксама пра галадоўку Сяргея Каваленкі, якая сёньня ўжо пагражае ягонаму жыцьцю.
  
Нагадаем, што ў кастрычніку 2010 году Аляксандар Надсан падтрымаў кампанію за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і падпісаў адпаведную петыцыю.
 
“У Беларусі людзей без адпаведнага суда, без належных доказаў іх вінаватасьці, засудзілі на сьмерць”, бо не было справідловага судовага працэсу, – адзначыў а. Аляксандар Надсан. “Цяпер ужо ўсё больш і больш людзей ва ўсім сьвеце выступаюць за адмену сьмяротнага пакараньня. Яно мусіць быць адмененае, каб чалавек, які зрабіў нешта дрэннае, мог і меў час пакаяцца, выправіцца і пагадзіцца з людзьмі і з Богам. Калі ты яго забіваеш, ты адбіраеш у яго гэтыя магчымасьці. Памятайце, што да справы нашага жыцьця і сьмерці: Бог нам даў жыцьцё, Бог нам у свой час і забірае жыцьцё, а мы – ня маем права”. Таму пакараньне сьмерцю – рэч страшэнная, падкрэсьліў ён.
 
Сьвятар заклікаў вернікаў узгадаць у малітвах гэтых расстраляных маладых людзей, асабліва іхнія сем’і і іх бедныя маці.
 
Айцец Аляксандар Надсан заклікаў таксама маліцца і за чалавека, ад яго залежыла канчатковвае рашэньне пра выкананьне сьмяротнага прысуду, каб Бог прасьвятліў і яго. Сьвятар падкрэсьліў, што ад пакараньня сьмерцю адмовіліся ўжо многіх краінах сьвету, а ў Еўропе сёньня нідзе няма пакараньня сьмерцю, нават Расея ўвяла мараторый.
 
Айцец Аляксандар Надсан заклікаў таксама вернікаў да малітвы за Сяргея Каваленку з Віцебску, які быў асуджаны за нацыянальны сьцяг і цяпер галадае ў знак пратэсту ў турме. “Галадоўка – ня ёсьць найлепшы спосаб змаганьня, бо ёсьць небясьпека з гэтай галадоўкі пасьля ня выйсьці і чалавек можа потым і памрэ. Мы ня можам гэтага дапусьціць. Гэты чалавек мае сапраўды моцную волю, ён вялікі патрыёт Беларусі. Таму будзем маліцца, каб Бог прасьвятліў яго і ён выйшаў з гэтай сваёй галадоўкі сам, каб ён жыў, бо ён патрэбны Беларусі і для людзей. Гэта геройства, тое, што ён робіць, але мы ня маем права пашкодзіць свайму жыцьцю. Адна рэч – аддаць жыцьцё, ратуючы іншых, ці ахоўваючы іншыя жыцьці, а не аддаваць жыцьцё. Хай жа Бог дае яму сілы – трэба прасіць за яго. Каб ён зразумеў гэта і каб ён жыў на радасьць усім. Відаць, што ён – чалавек моцнай волі, вялікі патрыёт беларускі, добры чалавек, і ён можа прынесьці больш карысьці для ўсіх і для сваёй сям’і, калі будзе жыць”.


Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 661 разоў (-ы)