Царква
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 1:8)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

09.04.2012

Велікоднае слова Апостальскага Візітатара БГКЦ

У сваім Пастырскім Слове на сьвята Пасхі Хрыстовай 2012 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) разважае пра дар сьвятарства і прыводзіць прыклад добрага пастыра і вернага сьведкі Евангельля Экзарха а. Антона Неманцэвіча ды заклікае вернікаў асэнсаваць праўду пра тое, што “Хрыстос у сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні і перасьлед”.
  
Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек
Вялебныя Айцы Сьвятаслужыцелі!

Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
 
Усіх вас шчыра віншую са сьветлым Хрыстовым Уваскрасеньнем:
Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!
 
1. Да пасхальнай радасьці Ўваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста Сьвятая Царква прывяла нас праз Вялікі тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу, Вялікую суботу. У багаслужбах тых дзён мы маглі ўспамінаць увесь Провід Божы, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўленьня.
 
У Вялікі чацвер мы ўзгадвалі вялікі Дар Еўхарыстыі і сьвятарскага служэньня, які Хрыстос даручыў Сваёй Сьвятой Царкве. Гэта было для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасьць гэтага дару сьвятарства для ўсяго Народу Божага.
 
Усіх сьвятароў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы даручаю вашым малітвам і дзякую ім за ахвярнае і бескарысьлівае служэньне Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасьць за духоўную, малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэньня.
 
Богаслужэньні Вялікай пятніцы Мукаў Хрыстовых дазволілі нам глыбока асэнсаваць праўду, што Хрыстос у сваім прыніжэньні ёсьць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаваньні і перасьлед. Зьняважаны і бічаваны Хрыстос няспынна заклікае нас да нашай з імі салідарнасьці.
 
 
2. Таямніца Хрыстовага Ўваскрасеньня прасьвятляе ўсіх людзей добрай волі ды натхняе нас шукаць праўду пра саміх сябе, пра нашую гісторыю, пра нашае сьведчаньне Евангельля і вернасьці Богу.
 
У гэтым годзе Беларуская Грэка- Каталіцкая Царква адзначае 70-я ўгодкі мучаніцкага подзьвігу Экзарха Антона Неманцэвіча і ягонай паствы — шматлікіх вернікаў Палесься ды Гарадзеншчыны.
 
Мучаніцкі шлях Экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча пачаўся ў жніўні 1942 году, калі ён быў арыштаваны ў Альбярціне нямецкімі нацыстамі ды ўвязьнены ў турме СД у Менску. Некалькі тыдняў пазьней, восеньню 1942 году, гітлераўскія карныя аддзелы спалілі палескія вёскі разам з іх жыхарамі, што ўваходзілі ў склад грэка-каталіцкай (неаўнійнай) парафіі ў Бабровічах (сёньня — у Івацэвіцкім раёне).
 
На тэрыторыі архіпастырскага служэньня Экзарха-Мучаніка, паміж рэкамі Нёман і Шчара (у трохкутніку Ліда – Баранавічы – Ваўкавыск), карная акцыя пад кодавай назвай “Гамбург” праводзілася ў сьнежні 1942 году.
 
Айцец Антон ва ўсім сваім жыцьці ды служэньні імкнуўся быць добрым пастырам і верным сьведкам Евангельля. У жыцьці і душпастырстве а. Антон кіраваўся прынцыпам, які стаўся яго своеасаблівым дэвізам: «Наш абавязак адносна Бога — Яму служыць, а ня Ім паслугоўвацца». І гэтаму ён навучаў сваю паству.
 
Нягледзячы на розьніцы ў веравызнаньні, ён быў пакорным слугою для ўсіх сваіх суайчыньнікаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр ён імкнуўся да гэтага ідэалу праз будаваньне перад усім братэрскіх адносінаў з праваслаўнымі братамі.
 
У пасхальны час лічым нашым абавязкам увекавечыць любоў гэтых сьведкаў веры да Бога, Паўсюднай Царквы і да Бацькаўшчыны, любоў, за якую яны заплацілі найвышэйшую цану – сваё жыцьцё.
 
У гэтым годзе, які ў нашай Царкве праходзіць пад дэвізам «Евангелізацыя – пакліканьне сям’і», молімся за беларускія сем’і ды за нашу вялікую Сям’ю – Беларусь. Выхаваньне моладзі ў духу Евангельля, у адказнай любові да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры, лічым асаблівым заданьнем нашае Царквы.
 
 
3. Пачэсныя Айцы! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
 
Хачу разьдзяліць з вамі радасьць, крыніцай якой зьяўляецца Ўваскрасеньне Гасподняе, і прагну перадаць вам самыя сардэчныя зычэньні, каб Госпад Ісус Хрыстос, якога сустракаем у богаслужэньнях Царквы, у «ламаньні Хлеба» і тлумачэньні Слова Жыцьця, дадаваў адвагі ў вызнаньні веры, што гэта Ён перамог сьвет.
 
Няхай праз заступніцтва Багародзіцы ды праз прыклад і малітвы мучанікаў і сьведкаў Хрыста на нашай Беларускай Зямлі блаславеньне Ўваскрослага Ісуса Хрыста дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да ўсіх хрысьціянаў і да людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.
 
Молімся, каб Уваскрослы Хрыстос узмацняў надзею ў перадоленьні цяжкасьцяў, якія паўстаюць перад намі кожны дзень, ды каб Ён быў для ўсіх прыкладам узаемнай хрысьціянскай любові.

Хрыстос уваскрос! – Сапраўды уваскрос!

Менск, Пасха Хрыстова 2012 г.
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі



Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 470 разоў (-ы)