Царква
Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату
(Кніга Эклезіяста 8:11)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

22.04.2012

Памінальная малітва за Янку Купалу і Алаізу Пашкевіч-Цётку ў Горадні

Янка КУПАЛА
21 красавіка 2012 году душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай айцец Андрэй Крот адслужыў у Горадні пасхальную паніхіду за супакой вялікіх беларускіх пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячаў Янкі Купалы і Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Памінальнае набажэнства ў касьцёле Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі (пабрыгіцкім) стала духоўным завяршэньнем Купалаўскіх чытаньняў, якія адбыліся 20-21 красавіка ў Гарадзенскім універсітэце імя Я. Купалы і былі прымеркаваныя да 130-х угодкаў паэта.

  
На Паніхіду, каб памаліцца за славутых беларускіх дзеячаў, разам сабраліся ўдзельнікі навуковай канферэнцыі і вернікі гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай. У кароткім казаньні айцец Андрэй Крот адзначыў, што, молячыся за гэтых выдатных творцаў нашага народу, мы дзякуем за іх Богу і памятаем таксама пра іх сувязь з Грэка-Каталіцкай Царквой.
 
Янка Купала падчас свайго знаходжаньня ў Менску ў 1918 годзе сябраваў і часта слухаў беларускія казаньні айца Фабіяна Абрантовіча, які стаў адным з ініцыятараў адраджэньня Уніі ў Беларусі і пазьней прыняў усходні абрад, нёс служэньне Апостальскага Адміністратара для каталікоў усходняга абраду ў Манчжурыі.
 
Сувязі Алаізы Пашкевіч з Грэка-Каталіцкай Царквой былі яшчэ больш цесныя. Калі яна жыла і вучылася ў Львове, яна шмат кантактавала з грэка-каталіцкімі дзеячамі, а яе зборнікі “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская” былі надрукаваныя ў базыльянскай друкарні ў Жоўкве на Заходняй Украіне. Ёсьць таксама зьвесткі, што паэтка падрыхтавала да выданьня ў той самай друкарні ўніяцкі малітоўнік для беларусаў, рупілася пра выданьне літаратуры па гісторыі Уніі. Любоў да Айчыны і самаахвярнае служэньне свайму народу — гэта тое, чым кіравалася Алаіза Пашкевіч-Цётка ня толькі ў сваёй творчасьці, але і ў жыцьці. Яна зьбірала матэрыялы пра беларускую батлейку, прыкладала шмат намаганьняў для арганізацыі беларускіх школаў і настаўніцкіх курсаў у Вільні, а ў час ваеннга ліхалецьця ахвярна працавала для стварэньня прытулкаў для дзяцей і як сястра міласэрнасьці даглядала хворых у тыфозным бараку.
 
Зьвяртаючыся да прысутных на памінальным набажэнстве вернікаў і навукоўцаў, сьвятар заўважыў таксама, што, як і кожны чалавек, гэтыя выдатныя дзеці беларускага народу не былі пазбаўленыя пэўных слабасьцяў, таму ў гэты вялікодны час у малітве асабліва давяраем іх Міласэрнаму Хрысту.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 540 разоў (-ы)