Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

11.05.2012

Беларускія грэка-католікі – перашкода для Ватыкану?

Пра візіт Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскупа Цырыла Васіля ў Беларусь і персьпектывы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы гутарка карэспандэнта “Нашага Магілёва” Ігара Барысава з гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.
  
Непадзяляючы некаторыя дыскусійныя і занадта катэгарычныя ацэнкі сп. А. Сідарэвіча, напрыклад, што да існаваньня самой БГКЦ (тым больш што ён сам прызнае, што Апостальскі экзархат для Беларусі ў Ватыкане “не ліквідавалі”, а калі так — гэта значыць, што Царква проста ня мае сёньня свайго ерархічнага завяршэньня), а таксама асобныя, некрытычна перанятыя ім ад зацятых антыўніяцкіх праваслаўных палемістаў выказваньні, лічым патрэбным зьмясьціць гэты матэрыял. Ён варты ўвагі як погляд часткі беларускай інтэлегенцыі на праблему адсутнасьці ў БГКЦ уласнага біскупа, які хоць і адлюстроўвае пераважна грамадзка-палітычны, а не царкоўна-душпастырскі асьпект, тым ня менш стварае пэўны грамадзкі кантэкст візіту ватыканскага госьця ў Беларусь, выяўляючы галоўныя чаканьні ад яго вернікаў БГКЦ. Ніжэй прапануем тэкст гэтага інтэр’ю Анатоля Сідарэвіча для газеты “Наш Магілёў”.
 
— Учора ў Беларусь прыехаў ватыканскі госьць – сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Цырыл Васіль.
 
— Беларускае вуха больш прывычнае да імя Кірыла, Кірыл...
 
— Гэта высокая пасада?
 
— Над Уладыкам Кірылам стаіць Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, а над Прэфектам – Папа.
 
— Колькі ўсходніх Цэркваў прызнаюць галавою Паўсюднай Царквы Рымскага Біскупа?
 
— Ёсьць ватыканскі статыстычны гадавік – Annuario Pontificio. Дык вось, у выпуску за 2010 год можна прачытаць, што такіх Цэркваў дзевятнаццаць.
 
— У тым ліку і Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква (БГКЦ)?
 
— Беларускай Царквы ў Annuario Pontificio няма, бо юрыдычна яна не існуе. Як сказаў Папа Бенядыкт, у Беларусі маецца руплівая грэка-каталіцкая супольнасьць. Каб гэтая супольнасьць стала Царквою, трэба, каб Ватыкан надаў ёй пэўны юрыдычны статус: ці то Апостальскі экзархат, ці то япархія. І трэба, каб на чале гэтай адзінкі быў пастаўлены біскуп, бо дзе няма біскупа, там няма Царквы. Такое правіла і ў католікаў, і ў праваслаўных.
 
— Перад прыездам архібіскупа Кірылы апублікавана паведамленьне Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі. У паведамленьні між іншым напісана, што Каталіцкая Царква адзначае сёлета 70-гадавіну арышту нацыстамі Апостальскага Экзарха грэка-католікаў Беларусі Антона Неманцэвіча. Значыць, у Беларусі быў Апостальскі экзархат?
 
— Раз быў экзарх, быў і экзархат.
 
— А потым яго ліквідавалі?
 
— Наколькі вядома, не ліквідавалі. І грэка-каталіцкае духавенства Беларусі ў сваім лісьце да Папы Бенядыкта таксама лічыць, што дэ-юрэ грэка-каталіцкая, уніяцкая Беларусь застаецца Апостальскім экзархатам.
 
— Што за ліст такі? Яго публікавалі?
 
— Ліст да Папы напісаны 9 кастрычніка 2009 г. і апублікаваны 17 сьнежня таго ж году ў грэка-каталіцкім квартальніку “Царква”. Яго падпісалі 14 сьвятароў. Адсутнічае подпіс, здаецца, аднаго сьвятара, які ў той час знаходзіўся ў Рыме. Увосень 2011 году, калі ў Беларусь прыехаў новы Апостальскі нунцый, ужо сьвецкія грэка-католікі ўручылі яму ліст на імя Папы з просьбай паставіць біскупа. Гэты ліст падпісалі даволі вядомыя людзі, якія жывуць у Менску.
 
— Ватыкан даў адказ на гэтыя лісты?
 
— Фармальны адказ ня даў, а фактычны даў, таму што па-ранейшаму ў Беларусі няма ні біскупа, ні Царквы.
 
— А раптам архібіскуп Кірыла прывёз фармальны адказ?
 
— Не выключаю такой магчымасьці. Усё высьветліцца калі ня сёньня, дык заўтра.
 
— Па-мойму, магчымыя два варыянты адказу: аднаўляецца экзархат і будзе пастаўлены біскуп або экзархат па-ранейшаму застаецца ў замарожаным стане.
 
— Магчымы і трэці варыянт: Ватыкан прызначае ардынарыем для грэка-католікаў Беларусі кагосьці з рыма-каталіцкіх біскупаў. Як у Расеі.
 
— Гэты варыянт задаволіць грэка-католікаў?
 
— Гэты варыянт самы непажаданы.
 
— Чаму?
 
— З прызначэньнем лацінскага ардынарыя грэка-каталіцкая Царква ў Беларусі ня зьявіцца. І гэта галоўнае. Па-другое, ня ведаю, як каму, а мне сьмешна бачыць, як адзін і той самы біскуп у касьцёле служыць у шатах Рыма-Каталіцкай Царквы, а прыйшоўшы да грэка-католікаў, апранаецца ў такія ж шаты, што і ўсходнія біскупы. Гэта нагадвае сьпектакль з пераапрананьнем. Ня менш важна і тое, што цяпер у Беларусі няма ніводнага лацінскага біскупа, які б глыбока ведаў грэцкі абрад і трыдыцыі. Апроч таго, стагоддзі Уніі ў Беларусі паказалі, што паміж рыма-католікамі і грэка-католікамі не было сапраўднага братэрства: лаціньнікі ўвесь час імкнуліся дамінаваць, дыктаваць уніятам свае правілы, перацягваць вернікаў з грэцкага ў лацінскі абрад.
 
— Я чуў, што галоўная прычына адсутнасьці грэка-каталіцкага біскупа ў Беларусі ў тым, што гэтая супольнасьць малаватая для экзархату ці япархіі.
 
— Зазірніце ў Annuario Pontificio, і вы ўбачыце, што ёсьць такая Царква, якая падзяляецца на два экзархаты. У адным з гэтых экзархатаў 1 (адна) парафія і 25 (дваццаць пяць) грэка-католікаў, а ў другім – тры парафіі і адзінаццаць сьвятароў. На чале гэтай Царквы, натуральна, стаіць біскуп. Ёсьць яшчэ адна краіна, у якой 9 парафіяў і біскуп. Праўда, ён не экзарх, а Апостальскі адміністратар. У Беларусі прыблізна такое становішча, як у Баўгарыі, дзе Царква складаецца з 21 парафіі.
 
— Цікава: адна парафія – і экзархат... Як я разумею, кананічных перашкодаў для аднаўленьня Апостальскага экзархату ў Беларусі і для прызначэньня экзарха ў сане біскупа няма. Ці ня значыць гэта, што прычыны сучаснага становішча грэка-каталіцкай супольнасьці Беларусі ня ў нейкіх кананічных перашкодах, а ў чымсьці іншым?
 
— Ваша выснова абсалютна лагічная. З XV стагоддзя Ватыкан хоча пасябраваць з Маскоўскай Царквой. Апошнія дваццаць гадоў Масква сьцьвярджае, што сяброўству і сустрэчы Патрыярха Маскоўскага з Папам перашкаджаюць украінскія грэка-католікі. Сярод рыма-каталіцкіх ярархаў і багасловаў раздаюцца галасы, што лепш было б, калі б грэка-католікаў не было і заводу. Дзеля сяброўства з Маскоўскай Патрыярхіяй Ватыкан не аднавіў Апостальскі экзархат у Расеі, а тамтэйшых грэка-католікаў аддаў пад апеку лацінскага біскупа. Аднаўляць Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву Ватыкану таксама не з рукі. Ствараць дадатковыя перашкоды на шляху да жаданага сяброўства з Масквой яму ня хочацца.
 
— Па-вашаму, сяброўства Ватыкана і Маскоўскай Патрыярхіі магчымае?
 
— Ватыкан памыляецца. Сяброўства з Масквою, якая лічыць сябе “трэцім Рымам”, ня будзе. Апроч таго, значэньне Маскоўскай Патрыярхіі ў праваслаўным сьвеце паступова падае, і яна ўжо ня самая вялікая. Па колькасьці вернікаў, якія рэгулярна ходзяць у храмы, спавядаюцца і прычашчаюцца, яна, па-мойму, саступае Румынскай Праваслаўнай Царкве. Калі абваліцца аўтакратыя ў Беларусі, Украіне і Расеі, Маскоўская Патрыярхія распадзецца і ў яе не застанецца нават палавіны таго, што яна мае цяпер.
 
Ватыкан спрабуе злавіць жураўля ў небе. Замест таго, каб даць імпульс унійнаму руху ў Беларусі, Ватыкан зьнеахвочвае людзей, бо ў каталіцкай сям’і яны пачуваюцца незаконнымі дзецьмі. Добра, калі яны вяртаюцца ў праваслаўе, пераходзяць у лацінскі абрад, але ж нямала такіх, якія наогул адыходзяць ад Цэркваў.
 
— І ніякай надзеі на паляпшэньне сітуацыі?
 
— Ватыкан – гэта дзяржава. І яго паводзіны ў Беларусі залежаць ад палітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне. Зрэшты, паслухаем, што скажа ўладыка Кірыла.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 441 разоў (-ы)