21.09.2009
Адкрыцьцё Году Жыровіцкай іконы Маці Божай
У 2010 годзе спаўняюцца 280-ыя ўгодкі каранацыі іконы Маці Божай Жыровіцкай папскімі каронамі. Гэта была першая каранацыя цудатворнай іконы Маці Божай залатымі папскімі каронамі на тэрыторыі ВКЛ і сучаснай Беларусі.
8 (19) верасьня 1730 году, у сьвята Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, Кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Атанасі Шаптыцкі, у прысутнасьці пасланьніка Папы Рымскага, двух уніяцкіх біскупаў (Тэафіла Гадэбзкага, уладыкі Ўладзімірскага і Берасьцейскага ды Юрыя Булгака, уладыкі Пінскага і Тураўскага), шматлікага духавенства візантыйскага і лацінскага абрадаў і дзясяткаў тысячаў вернікаў зьдзейсьніў урачысты акт каранацыі залатымі папскімі каронамі іконы Маці Божай у манастыры айцоў-базыльянаў у Жыровіцах.
Цудатворая ікона Маці Божай Жыровіцкай нездарма стала першай каранаванай іконай беларускага народу, бо здаўна шанавалася і шануецца ня толькі праваслаўнымі, у якіх гэтая ікона захоўваецца сёньня, але і католікамі візантыйскага ды лацінскага абрадаў, якія маюць у сваіх сьвятынях таксама цудатворныя абразы Маці Божай Жыровіцкай – у Рыме, у царкве сьв. Сяргея і Вакха, і ў касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме. Гэты цудатворны абраз Маці Божай стаў сапраўдным сымбалем еднасьці беларускіх хрысьціянаў.
6 верасьня 2009 году, у першую нядзелю новага царкоўнага году, беларускія грэка-католікі распачалі Год падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 280-ых угодкаў каранацыі Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Боскую Літургію на адкрыцьцё памятнага Году адслужыў у парафіі Жыровіцкай іконы Маці Божай у Івацэвічах Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).