Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

12.05.2012

Айцец Яўген Усошын: Працэс кананізацыі вельмі складаны

З 7 да 10 траўня 2012 году ў Беларусі з візітам знаходзіўся высокі госьць з Ватыкану — Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў славацкі грэка-каталіцкі архібіскуп Кірыла Васіль. Архібіскуп правёў перамовы ў МЗС Беларусі, камітэце ў справах рэлігіяў, меў сустрэчы і разам маліўся з каталіцкімі біскупамі, сьвятарамі і вернікамі візантыйскага і лацінскага абрадаў, а таксама сустрэўся са зьверхнікам Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапалітам Філарэтам. Вынікі візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскупа Кірылы Васіля на просьбу журналіста Юрася Бушлякова для Радыё Свабода пракаментаваў дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Яўген Усошын. Ніжэй прапануем тэкст гэтага інтэрв’ю.
  
— Якое значэньне візіту ў Беларусь высокага прадстаўніка Ватыкану? Што азначае візіт з пункту гледжаньня персьпектываў разьвіцьця Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы?
 
— Гэты візіт, перш за ўсё, прысьвечаны малітоўнай згадцы мучаніцкага подзьвігу, які 70 гадоў таму зьдзейсьніў айцец Антон Неманцэвіч, першы экзарх беларускіх грэка-католікаў. У 1943 годзе ён памёр у мурах менскай турмы СД. Таксама ягоная паства, гэта значыць, паства ваколіцаў Слоніма, Альбярціну і таксама паства на Палесьсі, у прыватнасьці, у вёсцы Бабровічы, яны таксама прыблізна ў той час зазналі крывавага перасьледу з боку нямецкіх захопнікаў.
 
Што да таго, якое значэньне мае для нашай Царквы гэты візіт. Упершыню ў Беларусь прыехаў [грэка-каталіцкі - заўв. Рэд. газеты “Царква”] ярарх Усходняй Кангрэгацыі настолькі высокага ўзроўню. Нас вельмі цешыць, што ён зьяўляецца ўсходнім біскупам і належыць да аднаго з намі візантыйскага абраду, візантыйскай традыцыі. І гэты візіт безумоўна ўмацуе, перш за ўсё, духоўна нашу Царкву.
 
— Выступаючы ў Менску, архібіскуп Кірыла Васіль прызнаў актуальнасьць разьвіцьця структуры Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Што такое на сёньня Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква?
 
— Як вельмі добра сказаў архібіскуп у часе сваёй прэс-канферэнцыі, Царква адрадзілася з попелу. І гэтая Царква, якая на тэрыторыі Беларусі цяпер існуе, яна ня ёсьць вельмі, можа быць, шматлікай у колькасным вымярэньні, але яна вельмі моцная духоўна, перш за ўсё сваёй спадчынай, сьведчаньнем вернасьці Хрысту і вернасьці свайму пакліканьню, служэньнем народу. Сёньня на тэрыторыі Беларусі існуюць больш за дзясятак парафіяў, якія зарэгістраваныя. Некаторыя парафіяльныя супольнасьці рыхтуюцца да таго, каб заявіць пра сябе як парафіі. І гэтая Царква жывая. Яна разьвіваецца. Канечне, мае свае праблемы, як і кожны жывы арганізм.
 
— З якімі, на вашу думку, галоўнымі праблемамі сутыкаюцца цяпер беларускія грэка-каталікі?
 
— Гэтыя праблемы вельмі часта агульныя з праблемамі іншых царкоўных супольнасьцяў на тэрыторыі Беларусі. Гэта праблема недахопу царкоўных памяшканьняў. Гэта таксама даходжаньне да паўнаты нашага царкоўнага статусу.
 
— Ці ёсьць, на Ваша адчуваньне, бо Вы кантактавалі з архібіскупам Кірылам Васілём, ці ёсьць у Ватыкане разуменьне таго, што Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква прагне паўнаты афармленьня?
 
— Хачу спаслацца на яго самога, ён вельмі выразна даў зразумець, што, канечне, Апостальская Сталіца разумее гэтую патрэбу.
 
— Вы некалькі разоў згадалі айца Антона Неманцэвіча, сёлета спаўняецца 70 гадоў з часу яго пакутніцкай сьмерці. Ці мае Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква намер кананізаваць айца Неманцэвіча?
 
— Працэс кананізацыі, прызнаньня таго, што чалавек зьяўляецца заступнікам нябесным – гэта працэс вельмі складаны, але на сёньняшні дзень у дачыненьні да айца Антона Неманцэвіча ўжо некаторы час ідзе. Першы этап гэтага працэсу – інфармацыйны, калі зьбіраюцца зьвесткі пра асобу кандыдата. І ў адносінах да айца Неманцэвіча гэтыя зьвесткі зьбіраюцца.
 
— Колькі часу можа заняць працэс кананізацыі?
 
— Ня можна так сказаць. Гэта вельмі складаны механізм, які залежыць ад вельмі шмат якіх фактараў. Працэс можа цягнуцца вельмі коратка, некалькі гадоў, а можа і паўсотні гадоў.
 
— Як бы Вы патлумачылі нашым слухачам, чаму айцец Антон Неманцэвіч варты кананізацыі?
 
— Ён быў чалавекам, які заўсёды быў верны Хрысту, заўсёды хацеў служыць Хрысту і служыць народу Хрыстоваму, гэта значыць, люду, які вызнае веру ў Хрыста. Ён не дзяліў гэты народ па нацыянальнасьцях, служыў усім аднолькава, не спрабаваў выкарыстоўваць Бога, Царкву і сваё царкоўнае становішча ў нейкіх іншых мэтах, чым царкоўныя, чым весьці людзей да Хрыста.
 
— І апошняе пытаньне да Вас. Пару месяцаў таму агенцтва БЕЛТА распаўсюдзіла інтэрв’ю з кіраўніком аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага патрыярхату мітрапалітам Іларыёнам, які прыяжджаў у Беларусь. У гэтым інтэрв’ю мітрапаліт Іларыён сказаў, што ў РПЦ вельмі занепакоеныя намерам перанесьці мошчы сьвятога Язафата Кунцэвіча з Рыму ў Віцебск, і што ён, мітрапаліт Іларыён, ужо казаў пра гэта Дзяржаўнаму сакратару Ватыкану. Ці сапраўды такі намер існуе і ці мае да яго дачыненьне БГКЦ?
 
— Не, мне пра такі намер нічога не вядома. Гэта чуткі, якія ўзьніклі дзесьці па-за межамі нашай Царквы, яны нейкім чынам да нас дайшлі, але зноў жа кажу – яны ўзьніклі па-за межамі нашай Царквы.
 
Юрась Бушлякоў,
Радыё Свабода
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 497 разоў (-ы)