Царква
Хто сярод жывых, той мае яшчэ надзею, бо і сабаку жывому лепей, чым мёртваму льву
(Кніга Эклезіяста 9:4)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

23.05.2012

Рымскі кардынал асьвяціў легендарны беларускі “Марыян Хаўз” у Лондане

13 траўня 2012 году ў Лондане адбылося ўрачыстае адкрыцьцё пасьля рэканструкцыі сядзібы Беларускай Каталіцкай Місіі ў Англіі “Марыян Хаўза” (Marian House), дзе разьмесьціца Беларускі рэлігійны і культурны цэнтр імя сьвятога Кірылы Тураўскага. Прапануем рэпартаж і фота карэспандэнта TUT.BY Кастуся Лашкевіча з месца падзеі.
  
Беларуская прысутнасьць у Вялікабрытаніі стала заўважная пасьля Другой сусьветнай вайны. Тады на Туманным Альбіёне апынулася каля 10 тысячаў беларусаў (у асноўным – жаўнеры Арміі Андэрса з сем’ямі). З 1946 году вядзе ўласную гісторыю Згуртаваньне беларусаў у Вялікабрытаніі. У 1948 годзе тагачасным рэктар Беларускай каталiцкай мiсii ўсходняга абраду айцец Часлаў Сіповіч заснаваў у Лондане Беларускі рэлігійна-культурны цэнтр. Ягоная сядзіба і разьмясьцілася ў “Марыян Хаўзе” ці “Доме Марыі” ў раёне Паўночны Фінчлі (North Finchley).
 
У будынку, датаваным канцом 19 стагоддзя, жылі сьвятары-марыяне, ладзіліся беларускія імпрэзы, месьцілася капліца і сьвятарскі кнігазбор – аснова будучай Беларускай бібліятэкі-музея імя Францішка Скарыны. У наступныя паўстагоддзя “Марыян-Хаўз” стаў цэнтрам беларускага жыцьця на Брытанскіх выспах. У 2009 годзе распачаліся работы па рэканструкцыі састарэлага будынка. Каб прафінансаваць рамонт, Беларускай каталiцкай мiсii прыйшлося прадаць частку прылеглай да дому зямлі.
 
Сёлета, пасьля больш чым двухгадовага перапынку, у “Марыян Хаўз” вярнулася грамадзкае жыцьцё, а ў разьмешчаную ў ім капліцу сьв. апосталаў Пятра і Паўла – штодзённыя богаслужбы.

Адноўлены ўвесну 2012 году будынак Беларускай каталіцкай місіі “Марыян Хаўз”.


Айцец Аляксандр Надсан, кардынал Леанарда Сандры і айцец Сяргей Стасевіч (зьлева – направа).

r
На афіцыйную цырымонію адкрыцьця адноўленай сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтру адмыслова з Рыму завітаў Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў (ёй падпарадковаецца Беларуская каталіцкая місія ў Англіі) кардынал Леанарда Сандры. Сярод гасьцей былі таксама Апостальскі Нунцый у Вялікабрытаніі Антоніа Меніні, Экзарх для ўкраінскіх грэка-католікаў у Вялікабрытаніі Глеб Ланчына, Апостальскі Візітатар для беларускіх грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і інш.
 


Асьвяціўшы абноўлены будынак, кардынал Сандры зьвярнуўся да прысутных з адмысловай прамовай. Рымскі госьць прадэманстраваў глыбокае веданьне гісторыі беларускага рэлігійнага жыцьця, адзначыўшы надзвычайную ролю ў яго захаваньні і разьвіцьці рэктара Беларускай каталіцкай (уніяцкай) місіі ў Англіі айца Аляксандра Надсана.
Кардынал Леанарда Сандры.

У сваю чаргу патрыярх беларускай грамады ў Брытаніі асобна спыніўся на асобе свайго настаўніка біскупа Сіповіча, дзякуючы высілкам якога беларусы здолелі стварыць трывалы грунт нацыянальнага і рэлігійнага жыцьця на Туманным Альбіёне. “Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус” – так, дарэчы, называецца кніга Надсана, выдадзеная ў Менску ў 2004 годзе.
 
Як паведаміў TUT.BY сьвятар Беларускай каталіцкай місіі айцец Сяргей Стасевіч, сярод далейшых планаў Місіi буданiўцтва побач з “Марыян Хаўзам” асобнай капліцы.

Кітайскі парафіянін беларускай грэка-каталіцкай царквы Рафаэль ніколі ня быў у Беларусі,
але перакананы, што ўсе беларусы такія ж добрыя, як і ягоныя сябры ў Лондане.

Сьвятар з беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпане айцец Ян Майсейчык.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 458 разоў (-ы)