Царква
Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам; бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:7-8)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

24.05.2012

Два прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы абраны ў Раду Біблійнага таварыства

У Менску 20 траўня 2012 году прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя Біблійнага таварыства Рэспублікі Беларусь, якое сёлета адзначае 20-годдзе сваёй дзейнасьці.
  
Біблійнае таварыства зарэгістравана як міжканфесійнае хрысьціянскае брацтва, у склад якога сёньня ўваходзяць як прадстаўнікі розных пратэстанцкіх супольнасьцяў нашай краіны (евангельскія хрысьціяне-баптысты, хрысьціяне веры евангельскай, адвентысты сёмага дня і інш.), так і афіцыйныя прадстаўнікі праваслаўнай, рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай Цэркваў.
 
Новая Рада Біблійнага таварыства Рэспублікі Беларусь складаецца з 13 чалавек – прадстаўнікоў усіх асноўных канфесіяў у Беларусі. Старшынём Біблійнага таварыства зноў пераабраны Герман Родаў, які ўзначальвае гэтую арганізацыю ад моманту яе стварэньня ў 1992 годзе. Выканаўчым дырэктарам Таварыства застаўся Ігар Міхайлаў.
 
У новую Раду Таварыства ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы абраны сьвятар а. Андрэй Крот з Горадні, ліцэнзіят багаслоўя, і бібліст з Менску, доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая. Разам з спачылым дэканам БГКЦ а. Янам Матусевічам Ірына Дубянецкая была сярод заснавальнікаў Беларускага Біблійнага таварыства, уваходзіла ў склад першай Рады, абранай 20 гадоў таму, і цяпер, пасьля заканчэньня студыяў, зноў вярнулася да працы ў Таварыстве. Як інфармуе грэка-катліцкі сайт Svjazep.org, абедзьве гэтыя кандыдатуры былі прапанаваныя ў Раду Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
 
Рыма-Каталіцкую Царкву ў Беларусі ў новым складзе Рады Біблійнага таварыства будуць прадстаўляць салезіянін а. Ігар Лашук і адказны за СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі кс. Юры Санько.
 
Біблійнае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь як міжканфесійная арганізацыя ў сваёй дзейнасьці актыўна супрацоўнічае з рознымі Цэрквамі і дабрачыннымі місіямі, імкнецца да таго, каб данесьці Слова Божае да ўсіх жыхароў Беларусі, зрабіўшы яго даступным для прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства. З гэтай мэтай ажыцьцяўляе розныя дабрачынныя праекты, займаецца выдавецкай дзейнасьцю, распаўсюджвае хрысьціянскую літаратуру.
 
Галоўным дасягненьнем Таварыства за апошні час стала выданьне на пачатку 2012 году поўнай Бібліі ў перакладзе на беларускую мову а. Уладзіслава Чарняўскага. Пераклад быў адрэдагаваны і выпраўлены згодна з тэкстам Новай Вульгаты.

Гэты беларускі пераклад Бібліі і іншыя выданьні можна набыць у офісе Біблійнага таварыства, які знаходзіцца ў Менску па вул. Чыгладзэ, 19, тэл. (8-017) 250-39-98, электронны адрас: byebs@open.by.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 433 разоў (-ы)