Царква
Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы
(1-ае Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 15:33)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

31.05.2012

Ці існуе ў Беларусі антыхрысьціянскае лобі?

Загадчык катэдры рэлігіязнаўства Інстытуту тэалогіі БДУ прафесар Андрэй Данілаў у інтэрв’ю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё разважае пра грамадзкую сітуацыю, якая склалася пасьля прыняцьця беларускім парламентам шэрагу неадназначных законапраектаў, супраць якіх выступіла як кіраўніцтва Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы, так і прадстаўнікі Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ніжэй прапануем гэты матэрыял.
  
У Беларусі за апошні час склалася вельмі няпростая грамадзкая сітуацыя ў сувязі з тымі ініцыятывамі, якія былі праведзены розным чынам, у прыватнасьці праз парламент. Гэта датычыць апошніх прынятых законапраектаў. Напрыклад аб рэпрадуктыўным здароўі, які па-сутнасьці легалізаваў у Беларусі сурагатнае мацярынства. Нават у Заходняй Еўропе, якую мы атаясамліваем з татальным або радыкальным секулярызмам, гэта немагчыма. У Беларусі ж быў даволі хутка прыняты такі, абсалютна спрэчны законапраект. Адной з дзіўных ініцыятыў зьяўляецца забарона Міністэрствам адукацыі рэлігійнай сымболікі ў школах. Рыхтуецца спрэчны закон аб гендэрнай роўнасьці.
& nbsp;
Гэтыя ініцыятвы вельмі непакояць прынамсі хрысьціянскую супольнасьць Беларусі. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю прафесара Андрэя Данілава, загадчыка катэдры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі БДУ, чалавека вельмі аўтарытэтнага ў тэалагічным асяроддзі.
 
— Прафесар, што гэта за працэсы? Ці можна іх нейкім чынам растлумачыць?
 
— Па-першае, цяперашнія хрысьціяне ў гэтай фазе секулярызацыі не валодаюць “уцаркоўленасьцю”, не жывуць жыцьцём сваёй супольнасьці. А Царква — гэта супольнасьць вернікаў. Другое, зьвязана з першым — яны не валодаюць тым мінімумам базавых, асноўных ведаў пра ўласную веру, якія патрабуюцца ад хрысьціяніна. Пазіцыянуючы сябе як хрысьціяне, яны не разумеюць, якімі яны павінны быць і як павінны рэагаваць на тыя ці іншыя выклікі сучаснасьці.
 
— Вы маеце на ўвазе сёньняшніх беларускіх заканадаўцаў ці сёньняшняе беларускае грамадзтва, якое ня можа адэкватна рэагаваць на ініцыятывы, пра якія гаворка ішла вышэй?
 
— Ня можа адэкватна рэагаваць тая маса людзей, якая пазіцыянуе сябе вернікамі — праваслаўнымі і католікамі. Я не магу сказаць, што яны спакойна рэагуюць, яны нейтральна ставяцца да гэтых рэчаў, яны маўчаць. Калі будзе казаць некалькі сьвятароў ці біскупаў – гэта не народ. Калі б казала Царква, па-сапраўднаму казала сваёй масай, вернікамі, была б, напэўна, іншая рэакцыя. Невялікія групы, будзем так казаць, “партыйныя”, могуць сёньня лёгка праводзіць свае ініцыятывы ў жыцьцё, аб’яўляючы іх агульнанароднымі.
 
— Гэта значыць, што ў Беларусі існуюць групы, якія рэалізуюць свае карпаратыўныя інтарэсы, групы інтарэсаў, якія магчыма “прасоўваюць”, “штурхаюць” такія законы ў парламент і ў далейшым у беларускае заканадаўства?
 
— Так, існуюць. Ёсьць свайго роду лобі.
 
— Ці можна назваць гэтыя лобі антыхрысьціянскімі?
 
— Гэтае пытаньне даволі складанае. Калі чалавек сапраўды пазіцыянуе сябе як хрысьціянін, калі чалавек верыць у Бога, але нешта не да канца разумее ў сваёй веры і таму няправільна сябе паводзіць і кажа няправільныя рэчы ці ставіць няправільныя мэты, ці можна казаць, што ён антыхрысьціянін? Хіба што не. Трэба сказаць, што ён “непаўнавартасны” хрысьціянін. На жаль, гэтая хрысціянская “непаўнавартаснасць”, “недаробленасьць”, будзем так казаць, характэрызуе апошнія пятнаццаць гадоў. Здаецца, маса людзей прыйшла ў Царкву — і ў праваслаўную, і ў каталіцкую. Царква вырасла колькасна, але якасна — згубіла. Канешне, гэта стварае зручную магчымасьць менавіта для такога “прасоўваньня” вузкіх карпаратыўных інтарэсаў нейкімі невялікімі групамі. Для Беларусі характэрна сёньня ўзьнікненьне вялікай колькасьці моладзевых неканфесійных хрысьціянскіх груповак. Калі гаварыць пра тыя групоўкі, што ўзьніклі, напрыклад, 15 гадоў таму — гэта людзі, некаторыя з якіх сёньня ўжо прыйшлі да ўлады ці займаюць важныя пасты. Усё гэта людзі, якія не да канца прайшлі шлях хрысьціянскага станаўленьня.
 
— Адным словам, яны лічаць сябе хрысьціянамі (праваслаўнымі, католікамі ці прадстаўнікамі іншых канфесіяў), а на самой справе імі не зьяўляюцца да канца?
 
— Так, яны думаюць: “мы такія хрысьціяне, якія павінны ўсё абнаўляць, прынесьці штосьці правільнае, нешта новае зрабіць”. Але яны блытаюць хрысьціянства з ліберальнымі інавацыямі. Яны думаюць, што калі будуць ісьці наперадзе Еўропы ў нейкіх ініцыятывах, пакажуць сябе як правільныя, добрыя хрысьціяне.
 
— Усё ж хочацца запытацца пра ролю Царквы як супольнасьці і Царквы ерархічнай у працэсе адукацыі вернікаў, распаўсюджваньня сапраўднага, правільнага навучаньня, ініцыяваньня вернікаў да займаньня актыўнай грамадзкай пазіцыі па вызначальных для хрысьціянскай тоеснасьці пытаньнях.
 
— Царква — гэта не царкоўнае духавенства. Царква — гэта народ Божы. Царкоўнае духавенства — гэта тая частка народу Божага, якая бярэ на сябе асобыя функцыі па падтрыманьні жыцьця супольнасьці — нармальнага, добрага супольнага жыцьця. Казаць на дзяржаўным узроўні, напэўна, у гэтым плане духавенства ня можа, бо гэта будзе разглядацца як вузкая, невялікая партыя ўнутры Царквы, якая імкнецца навязаць свае інтарэсы большасьці. А народ Божы, супольнасьць сьвецкіх вернікаў, маўчыць, і, канешне, гэта ня будзе мець ніякага эфекту для краіны.
 
— Ці здольная сёньняшняя Царква, дзьве самыя буйныя канфесіі Беларусі, граць нейкую ролю ў грамадзкім жыцьці? Ці ёсьць у яе пазіцыя, моцныя фундаменты для гэтага?
 
— Цэрквам цяпер, напэўна, не хапае ініцыятываў з боку супольнасьцяў сьвецкіх вернікаў. Ёсьць ініцыятывы з боку духавенства, але недастаткова ініцыятываў з боку сьвецкіх.
 
— Які механізм павінен быць, якім чынам павінна адбывацца актыўнасьць сьвецкіх вернікаў у такіх працэсах? Яна павінна быць падтрымана ерархічнай Царквой ці павінна быць абсалютна незалежнай?
 
— Актыўнасьць сьвецкіх павінна быць. Яна не павінна пастаянна ініцыявацца і падштурхоўвацца з боку духавенства. У адваротным выпадку ўсё гэта будзе затухаць.
 
— Прафесар, адной з асноўных праяваў такой грамадзкай актыўнасьці, напрыклад у кантэксьце Заходняй Еўропы, зьяўляюцца хрысьціянскія партыі, рухі — палітычныя ці грамадзкія. Ці ёсьць персьпектыва такога стылю дзейнасьці для сьвецкіх вернікаў у Беларусі?
 
— Для гэтага павінна сфармавацца грамадзянская супольнасьць — гэта ўмова існаваньня падобных партыяў, якія, без сумніву, неабходныя і якія ўзьнікнуць.
 
— І якія на самой справе карысныя для грамадзтва...
 
— Безумоўна, яны карысныя, бо гэта ня проста тыя партыі, якія захоўваюць традыцыю еўрапеізму, сфармаванага ва ўмовах хрысьціянства ў Еўропе, нашай еўрапейскай цывілізацыі. Яны могуць таксама актыўна даносіць голас царкоўнага народу, вялікага ў сваёй масе, да тых структураў, якія адказваюць за новыя заканадаўчыя ініцыятывы. Але пакуль базавая ўмова для гэтага ня выканана.
 
Размаўляў кс. А. АМЯЛЬЧЭНЯ
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 537 разоў (-ы)