Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

05.06.2012

Прэзентацыя кнігі пра ўніяцтва на Лідчыне

У Гарадзенскай абласной бібліятэцы iмя Я.Карскага 30 траўня 2012 году адбылася прэзентацыя кнігі лідзкага краязнаўцы Леаніда Лаўрэша “Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне”. У сваёй кнізе краязнаўца знаёміць чытача з унікальнымі фактамі лакальнай гісторыі, прыводзіць невядомыя шырокаму колу цікавыя дакументы і сьведчаньні сучасьнікаў.
  


На прэзентацыю ў Горадні новай кнігі па гісторыі Уніі сабраліся студэнты факультэту гісторыі і сацыялогіі, якія цяпер праходзяць сьпецыялізацыю “Хрысьціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу”, а таксама магістранты і асьпіранты Гарадзенскага ўніверсітэту, вернікі мясцовай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай на чале з сваім душпастырам і гісторыкам айцом Андрэем Кратом, работнікі абласной бібліятэкі, прадстаўнікі прэсы.

 
На пачатку прэзентацыі яе вядоўца — дацэнт катэдры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Я. Купалы, кандадат гістарычных навук А. Загідулін — распавёў пра тое, як універсітэцкія гісторыкі адкрылі для сябе цікавага лідзкага краязнаўцу Леаніда Лаўрэша. Па прафесіі ён — інжынер. Але сёньня ён ужо добра вядомы на Гарадзеншчыне краязнаўца, улюбёны ў гісторыю свайго краю. Леанід Лаўрэш зьяўляецца таксама заснавальнікам і адміністратарам гістарычнага сайта Pawet, дзе назапашана сёньня шмат цікавых матэрыялаў па гісторыі Лідчыны, Гарадзеншчыны, Беларусі. Гэты сайт ужо больш за дзесяцігоддзе служыць гістарычнай навуцы, краязнаўству, адукацыі і асьвеце. (Там жа можна пазнаёміцца і спампаваць кнігу Л. Лаўрэша Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне”). Сваімі дасьледаваньнямі гісторыі Лідчыны Леанід Лаўрэш уносіць важныя штрыхі ў веды пра гісторыю заходняга рэгіёну Беларусі, вяртае з небыцьця незаслужана забытыя імёны ураджэнцаў Гарадзеншчыны — дзеячаў навукі і культуры, прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі і духавенства, удзельнікаў грамадзкіх рухаў. Плён яго краязнаўчай працы — тры кнігі і cем дзясяткаў артыкулаў. З шэрагам прац краязнаўцы ўдзельнікі імпрэзы змаглі пазнаёміцца на выставе, якую падрыхтавала абласная бібліятэка імя Я.Карскага.
 
Катэдру гісторыі Беларусі Гарадзенскага ўніверсітэту зьвязве з лідзкім краязнаўцам даўняе сяброўства і супрацоўніцтва. Леанід Лаўрэш – удзельнік многіх навуковых канферэнцыяў і аўтар навуковых зборнікаў. Катэдры гісторыі Беларусі ён падарыў сваю багатую электронную бібліятэку рарытэтных выданьняў ХІХ – першай паловы ХХ ст., часта дапамагае выкладчыкам і студэнтам у пошуку на прасторах інтэрнэту патрэбнай ім гістарычнай літратуры.
 
д-р Сьвятлана Марозава
Пра новую кнігу Леаніда Лаўрэша “Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне” ды пра іншыя кніжныя навінкі па ўніяцкай тэматыцы распавяла прысутным доктар гістарычных навук Сьвятлана Марозава. Сьпецыяліст па канфесійнай гісторыі Беларусі XVI – XIX стст. прафесар Сьвятлана Марозава зьяўляецца навуковым рэдактарам гэтай кнігі і аўтарам прадмовы да яе.

 
Прафесар Сьвятлана Марозава адзначыла, што аўтар у сваёй працы на шматлікіх фактах раскрывае царкоўна-рэлігійныя працэсы, якія адбываліся на Лідчыне ў кантэксьце аналагічных ўсходнееўрапейскіх працэсаў. У кнізе спачатку падаюцца малавядомыя сюжэты і факты аб распаўсюджваньні хрысьціянства ў краі. Далей паказана высьпяваньне ідэі царкоўнай уніі у Вялікім Княстве Літоўскім, стварэньне і дзейнасьць у Лідзкім павеце ў XVIІ – XVIII стст. уніяцкіх парафіяў і базыльянскіх манастыроў. Кнігу ўможна назаваць нават своеасаблівым даведнікам пра ўніяцкія храмы і парарфіі Лідчыны. Вялікую ўвагу аўтар удзяліў таксама апісаньню працэсаў рэфармаваньня Ўніяцкай Царквы і яе ліквідацыі на Лідчыне ў 1830-ыя гады і ў наступны перыяд. Завяршае працу разьдзел пра спробы аднаўленьня дзейнасьці грэка-каталіцкай Царквы на Лідчыне ў ХХ ст., успаміны пра заснаваньне грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язафата ў Лідзе ў 1990-ыя.
 
Побач са штодзённасьцю і мікрагісторыяй у кнізе прысутнічае і “вялікая” гісторыя: ў людзкіх дзеях, гістарычных постацях, гісторыка-культурных рэліквіях. Д-р Сьвятлана Марозава падкрэсьліла, што аўтар не абыходзіць ўвагай некаторыя дыскусійныя пытаньні далёкай мінуўшчыны, якія ня страцілі сваёй актуальнасьці і сёньня: пра час заснаваньня Маламажэйкаўскай царквы-крэпасьці, пра адносіны сьвятара з Дзікушак — бацькі Ёсіфа Сямашкі — да сынавай палітыкі ліквідацыі Ўніяцкай Царквы і інш.
 
Кніга напісана на аснове багатага фактычнага матэрыялу, адшуканага Леанідам Лаўрэшам, як правіла, з недаступных шырокаму колу чытачоў крыніц і літаратуры ХІХ–ХХ стст. Большасьць гэтых выданьняў сёньня зьяўляюцца бібліяграфічнай рэдкасьцю і таму вельмі каштоўна, што многія цікавыя дакументы зьмешчаны асобна ў дадатку.
 
Кніга Леаніда Лаўрэша “Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне” (на 128 старонках) была выдадзена ў 2012 годзе ў Полацку мясцовай грэка-каталіцкай парафіяй. Прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы гісторык айцец Андрэй Крот з Горадні на прэзентацыі распавёў прысутным пра жыцьцё і сучасны стан гэтай Царквы ў Беларусі.
 
Сваімі ўражаньнямі ад кнігі падзялілся таксама і чытачы, якія пасьпелі ўжо пазнаёміцца з працай лідзкага краязнаўцы.
 
Раней дзьве прэзентацыі кнігі “Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне” з посьпехам прайшлі ў 16 траўня 2012 году ў Лідзе. Першая сустрэча адбылася ў канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Залу запоўнілі ў асноўным навучэнцы Лідзкага каледжу, у якіх гэтая імпрэза выклікала нечакана для арганізатараў вельмі вялікую зацікаўленасьць. Другая сустрэча прайшла ў Лідзкім гістарычна-мастацкім музеі. Там сабраліся сябры літаратурнага аб’яднаньня “Суквецьце” пры “Лідзкай газеце”, мясцовыя краязнаўцы, грэка-католікі і работнікі музею. Перад лідчанамі, акрамя аўтара кнігі, выступілі доктар гістарычных навук Сьвятлана Марозава, царкоўны гісторык а. Андрэй Крот і душпастыр лідзкай грэка-каталіцкай парафіі а. Андрэй Буйніч.

Сьвятлана Марозава
Ігар Бараноўскі
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 332 разоў (-ы)