Царква
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:3)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

23.06.2012

Працоўны дакумент пра спосабы і інструменты новай евангелізацыі

У Ватыкане 19 чэрвеня 2012 году быў апублікаваны працоўны дакумент (Instrumentum Laboris) Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі. Сінод, прысьвечаны новай евангелізацыі, пройдзе ў Ватыкане 7-28 кастрычніка 2012 году, паведамляе Ватыканскае радыё.
  
“Царква як адзінае цэлае, адкрываючыся для Духа Сьвятога, павінна ажывіць сваё звычайнае душпастырства. Новая евангелізацыя скіравана асабліва на тых, хто быў ахрышчаны, але ня быў належна евангелізаваны, гэта значыць на тых, што аддаліліся ад Царквы. Новая евангелізацыя павінна дасягнуць менавіта да іх, каб яны змаглі нанова адкрыць для сябе актуальнасьць Евангельля, прыгажосьць Ісуса Хрыста”, — адзначыў архібіскуп Нікола Этэровіч, генеральны сакратар Сіноду біскупаў. Новай евангелізацыі сёньня патрабуе ўся Царква, падкрэсьліў ватыканскі ярарах.
 
Працоўны дакумент па новай евангелізацыі, прапанаваны на разгляд каталіцкіх біскупаў, зьяўляецца вынікам агульнацаркоўных кансультацыяў. Ён ахоплівае думкі, заўвагі і прапановы, якія былі накіраваныя ў Ватыкан з розных памесных Цэркваў, манаскіх законаў, рухаў, а таксама ад асобных вернікаў. У пэўным сэньсе гэта ёсьць своеасаблівая справаздача пра стан Царквы сёньня.
 
Сам дакумент складаецца з 4 асноўных частак. Першая прысьвечана раскрыцьцю сутнасьці новай евангелізацыі, якая ёсьць досьведам хрысьціянскай веры, сустрэчы з Ісусам Хрыстом, Добрай Весткай Бога Айца да чалавека, Які зьмяняе нас, зьбірае разам і вядзе, дзякуючы дару Сьвятога Духа, да новага жыцьця, каб мы іаглі быць радаснымі сьведкамі і вестунамі атрыманага дару.
 
У другой частцы ўвага сканцэнтравана на распазнаньні зьменаў, якія ўплываюць на наш лад жыцьця і веру. Акрамя таго, быў праведзены аналіз прычынаў распаўсюджваньня самой ідэі новай евангелізацыі, і, як розныя лакальныя Цэрквы ўспрымаюць гэтую канцэпцыю. У дакуменце прааналізаваны 7 новых кантэкстаў, у якіх адбываецца сёньня новая евангелізацыя: культурны, грамадзкі, эканамічны, палітычны, навукова-тэхнічны, камунікацыйны і рэлігійны. Прапанаваны таксама 5 інструментаў новай евангелізацыі: любоў, экуменічны дыялог, міжрэлігійны дыялог, парафіяльнае душпастырства і душпастырства пакліканьняў.
 
У трэцяй частцы працоўнага дакументу быў праведзены аналіз асноўных месцаў, інструментаў, суб’ектаў і відаў дзейнасьці, з дапамогай якіх перадаецца хрысьціянская вера, такіх, як: літургія, катэхізацыя, дабрачынная дзейнасьць. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што веру, якую перадаем, трэба вызнаваць, зьдзяйсьняць, перажываць і вымольваць.
 
Чацьвёрты і апошні разьдзел прысьвечаны разнастайным формам і спосабам ажыўленьня душпастырскай дзейнасьці, якія павінны быць асаблівым чынам скіраваныя на абвяшчэньне Евангельля і перадачу веры. Размова тут ідзе ня толькі пра традыцыйныя, але таксама і пра зусім новыя спосабы і формы, якія зьявіліся як адказ на выклікі, што стаяць сёньня перад хрысьціянскімі супольнасьцямі і ўплываюць на іх лад жыцьця і веру канкрэтных людзей. Нагадваюцца таксама словы папы Паўла VI, які заўважыў, што, каб пасьпяхова евангелізаваць Царкву, трэба ня толькі аднавіць стратэгію, але, найперш, паправіць якасьць уласнага сьведчаньня, бо “чалавек нашага часу хутчэй слухае сьведкаў, чым настаўнікаў, а калі слухае настаўнікаў, то таму, што яны зьяўляюцца сьведкамі”.
 
У падсумаваньні падкрэсьліваецца, што новая евангелізацыя зусім не азначае “новай Добрай Весткі”, бо “Ісус Хрыстос — учора і сёньня такі самы, і навекі” (Габр 13, 8). “Новая евангелізацыя азначае адэкватны адказ на знакі часу, на патрэбы сучасных людзей і народаў, на новыя кантэксты, што паказваюць культуру, праз якую мы выяўляем нашую тоеснасьць і шукаем сэнс нашага існаваньня. Новая місійная актыўнасьць Царквы ня мусіць быць удзелам адно вузкай групы “сьпецыялістаў”, але заданьнем для ўсіх, хто належыць да Народу Божага. Апостальства павінна стаць штодзённым заданьнем для ўсіх хрысьціянскіх супольнасьцяў і групаў. Новая евангелізацыя павінна несьці змучаным і самотным людзям сучаснага сьвету радасьць і надзею. І для гэтага тыя, хто нясе іншым Добрую Вестку, самі павінны быць радасныя і адважныя ў сваім сьведчаньні Хрыста.
 
“Ня бойцеся”, — гэтыя словы Госпада (пар. Мц 14, 27) і анёла (пар. Мц 28, 5), павінны падтрымліваць прапаведнікаў веры, даючы ім моц і энтузіязм. Гэтыя словы павінны стаць таксама падтрымкай і спажывай для кожнага чалавека на яго шляху да сустрэчы з Богам.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 312 разоў (-ы)