Царква
Не рабі зла, і цябе не напаткае зло; адыходзь ад няпраўды, і яна збочыць зь цябе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 7:1-2)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

26.06.2012

Хто вучыў наваградзкага ўладыку Гурыя?

Вядомы беларускі гісторык і публіцыст Анатоль Сідарэвіч падзяліўся сваімі думкамі і ўражаньнямі ад інтэрв’ю праваслаўнага архіяпіскапа Наваградзкага і Лідзкага Гурыя афіцыйнаму сайту ўласнай япархіі, у якім той крытыкуе прыхільнікаў ювенальнай юстыцыі, што “спрыяе разбурэньню сям’і і дзяржаўнасьці”, абураецца з прычыны беззаконя і маральнага заняпаду сям’і на Захадзе ды плаўна пераходзіць на тэму Уніі ў сучаснай Беларусі. Ніжэй прапануем гэтыя раважаньні Анатоля Сідарэвіча.
  
Архіяпіскап Гурый
Зьвяртаю ўвагу адукаванай публікі на сайт Наваградзкай япархіі РПЦ. На гэтым сайце зьмешчана гутарка сьвятара Вадзіма Кузьміча з ягоным начальнікам – архіяпіскапам Наваградзкім і Лідзкім Гурыем. Тым самым уладыкам, які прапанаваў кананізаваць мітрапаліта Ёсіфа Сямашку. Айцец Вадзім “вопрошает”, а ўладыка Гурый “вразумляет”.

 
Ня ведаю, ці мае айцец Вадзім хоць бы нейкую журналісцкую падрыхтоўку, ці вучылі яго навуцы камунікацыяў, але сама кампазіцыя гутаркі з уладыкам Гурыем і загаловак, дадзены тэксту, паказваюць, што журналіст з бацюшкі Вадзіма кепскі. Зьмешчанае на сайце Наваградзкай япархіі інтэрв’ю мае загаловак “О ювенальной юстиции, способствующей разрушению семьи и государственности. Попытки возрождения униатства в Беларуси”.
 
Вось такое асарці. А паміж гэтымі дзьвюма тэмамі ўладыка выказваецца наконт гомасэксуалізму і аднаполых шлюбаў.
 
Праўду сказаўшы, я так і не зразумеў, якія канкрэтныя палажэньні еўрапейскай ювенальнай юстыцыі не задавальняюць уладыку Гурыя, чаму яна характарызуецца як “продуманная мизантропическая система”, накіраваная на разубрэньне сям’і. Архіяпіскап не паказаў і не даказаў нам, што ювенальная юстыцыя “подрывает общество на корню”.
 
Ёсьць у мяне падазрэньне, што архіяпіскап Гурый, мякка сказаўшы, не сьпецыяліст у галіне ювенальнай юстыцыі і нічога канкрэтнага сказаць ня можа. Але што вельмі цікава, дык тое, што наваградзкі ўладыка зрабіў, на маю думку, сапраўднае навуковае адкрыцьцё. З еўрапейскай ювенальнай юстыцыі ён выводзіць садомскі грэх, мужчынскі гомасэксуалізм.
 
Адзначыўшы, што ў пытаньнях аднаполых шлюбаў далёка прасунулася Швецыя, архіяпіскап Гурый кажа: “Здесь с энтузиазмом обсуждают новые стандарты «гендерного нейтралитета», решив, что не будут больше терпеть различий между полами даже на обыденном уровне. В этой стране родители (муж і жонка? — А. С.) поставлены уже в такие рамки, что считают за лучшее завести собачку, чем ребенка, иначе можно попасть под прицел ювеналов, а значит, и в тюрьму. Вот такие следствия введения ювенальной юстиции... А физиологические законы все равно ведь срабатывают, потому люди и беснуются: не семьи создают, а содомскую нечисть”.
 
Вось такая логіка. Мужчына і жанчына, жывучы ў шлюбе, баяцца завесьці дзіця, заводзяць сабачку і пачыначаюць займацца аднаполым каханьнем.
 
Праўда, заклапочаны “мужчынскім каханьнем”, садомскім грахом, уладыка Гурый нічога ня кажа пра “жаночае каханьне” і лесьбіянкам карамі не пагражае. Як відаць, лесьбіянкам кары не прадугледжаны.
 
Ад гейскага пытаньня сьвяшчэннаслужыцелі РПЦ раптам пераходзяць да тэмы Уніі. І тут наваградзкі архірэй дэманструе ня меншую кампетэнтнасьць, чым у пытаньнях ювенальнай юстыцыі і прыроды гомасэксуалізму.
 
Я маўчу пра тое, што бацюшка Вадзім і архіяпіскап мала ведаюць пра жыцьцё беларускай грэка-каталіцкай супольнасьці і пра яе структуры. Цікавей чытаць “жахлівую гісторыю”, якую ўладыка Гурый расказвае сваму падначаленаму.
 
Так супала, што ў адзін і той самы дзень у Лідзе адкрывалі праваслаўную выстаўку і прэзентавалі кнігу Лявона Лаўрэша “Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне”. Вось яна, “жахлівая гісторыя”: “Недавно в Лиде поразились бесстыдству священников-униатов: поправ все правила приличия, они во время открытия православной выставки «Единение. Семья. Отечество» рядом в музее расположили свою выставку и даже устроили презентацию брошюры некоего местного убежденного униата о греко-католической (униатской) церкви. Но больше всего людей возмутило то, что новоявленные «проповедники» были в облачении православных священников с православными же крестами! Факт просто возмутительный: пользуясь доверчивостью людей, они обманом завлекали их в свое лоно!”.
 
Спачатку пра словаўжваньне. У гэтай гісторыі мяне пацешыла слова “лоно”. “Лоно” (улоньне) ёсьць у Маці-Царквы і ў... жанчыны. Ну, ніяк грэка-каталіцкія сьвятары не маглі заманьваць людзей “в свое лоно”.
 
Цяпер пра дакладнасьць. Кнігу на 127 старонак назваць брашурай можа толькі дэзынфарматар ці злосьнік.
 
Цяпер пра кампетэнтнасьць. Цытую зноў: “Но больше всего людей возмутило то, что новоявленные «проповедники» были в облачении православных священников с православными же крестами! Факт просто возмутительный...”
 
Цікава, хто вучыў уладыку Гурыя? Даслужыцца да такой высокай пасады ў РПЦ і ня ведаць, што яго Царква не валодае манаполіяй на праваслаўнасьць, ня ведаць, што грэка-католікі таму і “грэка”, а ня “рыма”, што ў аблачэньні духавенства, у набажэнствах, сьвятах і г. д. яны захоўваюць вернасьць традыцыям Рускай (Кіеўскай) Царквы, якая прыняла сьвяты хрост ад грэкаў, – ня ведаць усяго гэтага архірэю, настаўніку сьвятароў, прост недаравальна.
 
Раз ужо ўладыка, асоба з вышэйшай духоўнай адукацыяй, дэманструе такую “кампетэнтнасьць”, дык што можна чакаць ад тых сьвятароў, якія нават семінарыю не скончылі?
 
Анатоль СІДАРЭВІЧ
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 478 разоў (-ы)