Царква
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога: усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 1:1-3)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

12.07.2012

Архіўныя матэрыялы пра архімандрыта Андрэя Цікоту і кс. Адама Станкевіча перададзены ў Рым

Асабістая справа архім. Андрэя Цікоты.
На пачатку ліпеня 2012 году ў Варшаве адбылася сустрэча беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы д-ра Юрыя Гарбінскага са Генеральным суперыёрам Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў у Рыме а. Андрэем Пакулам, якому ён перадаў унікальныя архіўныя матэрыялы, паведамляе Catholic.by.
  
Сустрэча была прысьвечана вынікам эксьпедыцыі беларускага дасьледчыка ў Іркуцкую вобласьць, што праходзіла з 10 па 25 траўня гэтага году і мела на мэце пошук архіўных матэрыялаў пра вязьняў савецкага ГУЛАГу — архімандрыта Андрэя Цікоту і кс. Адама Станкевіча, а таксама высьвятленьне месцаў і акалічнасьцяў іх сьмерці.
 
Падчас сустрэчы кіраўніцтву Ордэну марыянаў былі перададзены копіі асабістых справаў вязьняў «Возерлагу» — архімандрыта А. Цікоты і кс. А. Станкевіча, а таксама багатая калекцыя фота- і відэаматэрыялаў.
 
Беларускі дасьледчык выказаў глыбокую ўдзячнасьць супольнасьці марыянаў у асобе айца Генеральнага суперыёра, а таксама Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку і айцу правінцыялу марыянаў у Польшчы а. Паўлу Наўмовічу за дзейсную падтрымку і спрыяньне ў рэалізацыі гэтага праекту. Асаблівым чынам спадар Гарбінскі падзякаваў марыяніну а. Вячаславу Пялінку, які прыняў удзел ва ўшанаваньні памяці беларускіх сьвятароў і адслужыў памінальныя сьв. Імшы на месцы іх пахаваньняў у Іркуцкай вобласьці пад Тайшэтам.
 
У сваю чаргу айцец Генеральны суперыёр Андрэй Пакула шчыра падзякаваў беларускаму навукоўцу за пасьпяховае завяршэньне праекту і за перададзеныя ў Рым матэрыялы.
 
Пошукавая эксьпедыцыя доктара гістарычных навук Юрыя Гарбінскага ў Іркуцкую вобласьць праходзіла пад патранатам Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў і зьвязана з беатыфікацыйным працэсам архімандрыта Андрэя Цікоты і архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, які распачаты ў Рыме ў 2003 годзе. Віцэ-пастулятарам гэтага працэсу зьяўляецца беларускі сьвятар Вячаслаў Пялінак, у задачу якога ўваходзіць збор разнастайных дакументаў і пошук сьведкаў.
 
Асабістая справа кс. Адама Станкевіча.
Варта адзначыць, што найвышэйшыя ўлады Ордэну марыянаў у Рыме з вялікай прыхільнасьцю і разуменьнем паставіліся да прапановы д-ра Ю. Гарбінскага, які перад пачаткам эксьпедыцыі выказаў пажаданьне ўключыць у праект таксама і справу пошукаў месца пахаваньня пад Тайшэтам заснавальніка Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі сьвятара-патрыёта кс. Адама Станкевіча.
 
Такім чынам, дзякуючы руплівай працы д-ра Ю. Гарбінскага, былі запоўнены яшчэ некалькі маладасьледаваных беларускіх старонак у жахлівай гісторыі савецкага ГУЛАГу.
 
Даведка:
 
Архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952) — адзін з пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху ў XX ст. У 1918 г. быў абраны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. За сваю дзейнасьць арыштоўваўся бальшавіцкай уладай. Пасьля ўступленьня ў 1920 г. у супольнасьць айцоў марыянаў стварыў марыянскі кляштар і навіцыят у Друі, які стаў калыскай беларускай марыянскай супольнасьці. Працаваў у Друі таксама як пробашч, грамадзкі і культурны дзеяч, быў дырэктарам і выхавацелем у гімназіі, якую заснаваў. Унёс уклад у кіраваньне супольнасьцю сясьцёр еўхарыстак, заснаванай у Друі бл. Юрыем Матулевічам.
 
У 1933–1939 гг. а. Андрэй Цікота выконваў абавязкі Генеральнага суперыёра Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў. У 1939 г. папа Пій ХІІ прызначыў а. Цікоту Апостальскім Адміністратарам экзархату візантыйска-славянскага абраду ў Харбіне (Маньчжурыя).
 
22 сьнежня 1948 г. кітайская міліцыя арыштавала манахаў-марыянаў і перадала іх НКВД. Падчас допытаў у Чыцінскай турме архімандрыту Андрэю Цікоту прапаноўвалі перайсьці ў праваслаўе, але ён катэгарычна адмовіўся ад гэтага. Пазьней савецкія ўлады, ведаючы яго вялікі духоўны аўтарытэт і здольнасьці, спрабавалі намовіць яго заняць пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкану Каталіцкай Царквы. Пасьля працяглага сьледчага працэсу разам з іншымі манахамі-марыянамі быў асуджаны на 25 гадоў працы ў сібірскіх лагерах. У зьняволеньні архім. Цікота патаемна выконваў сьвятарскае служэньне сярод вязьняў. Памёр, змучаны цяжкімі ўмовамі пражываньня ў лагерах і хваробамі, 11 лютага 1952 г.

Фота Catholic.by.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 329 разоў (-ы)