Царква
Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, - дык я нішто
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:2)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

22.07.2012

Першаярарх УГКЦ адкрыў усеўкраінскі зьезд харызматычных супольнасьцяў і арганізацыяў

Лідары і сябры харызматычных супольнасьцяў, арганізацыяў і школ Украіны 11 ліпеня 2012 году сустрэліся ў Чарткове, што на Тарнопальшчыне, каб распавесьці пра сваю дзейнасьць, абмяняцца досьведам служэньня і паслухаць афіцыйны погляд Царквы што да руху “Адновы ў Сьвятым Духу”.
  
Зьезд прайшоў ва Ўправе Бучацкай япархіі з удзелам Першаярарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслава (Шаўчука) і біскупа Бучацкага Дзьмітрыя (Грыгарака), ЧСВВ.
 
Як паведамляе прэс-служба Бучацкай япархіі УГКЦ, на сустрэчу зьехаліся прадстаўнікі амаль сарака харызматычных супольнасьцяў і арганізацыяў з Кіева, Львова, Тарнопаля, Івана-Франкоўска, Луцка, Каламыі, Чарткова і іншых гарадоў, у тым ліку з Усходняй Украіны. Сярод удзельнікаў зьзду былі прадстаўнікі духавенства, манахі і сьвецкія вернікі, пры чым ня толькі грэка-каталіцкай канфесіі, але і традыцыйных хрысьціянскіх Цэркваў.
 
Зьезд пачаўся з Акафісту Сьвятому і Жыцьцядайнаму Духу. Пасьля малітвы адбылася прэзентацыя дзейнасьці харызматычных супольнасьцяў і арганізацыяў у прысутнасьці Вярхоўнага Архібіскупа УГКЦ Сьвятаслава (Шаўчука) і Ўладыкі Дзьмітрыя (Грыгарака). З выступаў можна было даведацца, што цяпер гэтыя супольнасьці сьвецкіх вернікаў праводзяць ва Ўкраіне шырокую евангелізацыйную дзейнасьць, арганізуюць школы хрысьціянскага жыцьця і евангелізацыі, курсы лідарства, духоўна-мастацкія фэсты і флэш-мобы, Дні духоўнага адраджэньня. Вялікую ролю ў жыцьці гэтых харызматычных супольнасьцяў мае заступніцкая малітва, малітва вызваленьня і праслаўленьня, а яшчэ — рэгулярнае чытаньне Бібліі і разважаньне над Словам Божым. Таксама харызматыкі займаюцца дабрачынным служэньнем, арганізуюць для гэтага валанцёраў, працуюць са зьняволенымі, залежнымі ад шкодных звычак, катэхізуюць дзяцей, школьную і студэнцкую моладзь, прапагандуюць хрысьціянскія каштоўнасьці ў інфармацыйнай прасторы, актыўна выступаюць за захаваньне жыцьця ад зачацьця да прыроднай сьмерці.
 
Як правіла, дзейнасьць харызматычных арганізацыяў суправаджае сьвятар-духаўнік. На зьезьдзе, аднак, выявілася, што, на жаль, некаторыя супольнасьці дагэтуль ня маюць такога душпастыра. Таму прадстаўнікі гэтых арганізацыяў скарысталіся нагодаю і выказалі спадзяваньне, што Царква прызначыць для іх адпаведнага сьвятара для духоўнай падтрымкі і апекі.
 
Харызматычныя рух цяпер досыць актыўна разьвіваецца на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы, адзначае прэс-служба Бучацкай япархіі УГКЦ. Гэтаму найперш спрыяюць католікі лацінскага і візантыйскага абрадаў. Удзельнікі зьезду выказалі просьбу, каб Царква асаблівую ўвагу надала разьвіцьця харызматычнага руху асабліва на Ўсходзе Ўкраіны, дзе вялікае поле для місійнай дзейнасьці і вернікі часта нават ня маюць магчымасьцяў для сустрэчаў у храме.

Фота з сайту Бучацкай япархіі УГКЦ.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 286 разоў (-ы)