Царква
Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых
(Кніга Эклезіяста 7:9)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

23.07.2012

Створана япархія для маранітаў у Парыжы

Герб Мараніцкага Патрыярхату
Як паведамляе Ватыканская інфармацыйная служба VIS, 21 ліпеня 2012 году Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI заснаваў новую япархію для вернікаў Мараніцкай Каталіцкай Царквы, якія жывуць у Заходняй Еўропе. Новая япархія для маранітаў з цэнтрам у Парыжы ў Францыі атрымала назву Маці Божай Ліванскай у Парыжы (Notre-Dame du Liban de Paris).
  
Да гэтага часу па-за Ліванам і іншымі блізкаўсходнімі краінамі для вернікаў Сірыйскай Мараніцкай Царквы Антыёхіі ўжо былі створаны япархіі ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, а таксама ў Аўстраліі.
 
Складаная сітуацыя хрысьціянаў на Блізкім Усходзе выклікае іх няспынную масавую эміграцыю. Паводле зьвестак у Annuario Potificio за 2011 год ва ўсім сьвеце ёсьць каля 3,27 млн. вернікаў Мараніцкай Царквы. Найбольш іх жыве ў Ліване — 1,41 млн., аднак большая частка вернікаў гэтай старажытнай і самай вялікай Усходняй Каталіцкай Царквы на Блізкім Усходзе сёньня жыве ўжо дыяспары ў Аргентыне, Бразіліі, ЗША, Мексіцы і Аўстраліі. Шмат католікаў-маранітаў і вернікаў іншых усходніх абрадаў з Лівану, Сірыі, Іраку, Ізраіля вымушаны былі эміграваць таксама і ў Заходнюю Еўропу. Неабходнасьць надаць належную душпастырскую апеку шматлікім вернікам-эмігрантам выклікала патрэбу стварэньня новай япархіі Мараніцкай Царквы з цэнтрам ў Парыжы. Паводле ацэнак, сёньня у Францыі жыве каля 52 тыс. вернікаў мараніцкага абраду.
 
Першым ардынарыем мараніцкай япархіі Маці Божай Ліванскай у Парыжы, а таксама Апостальскім візітатарам у Заходняй і Паўночнай Еўропе для вернікаў гэтага абраду, Рымскі Архірэй Бенядыкт XVI менаваў 61-гадовага сьвятара Насэра Джымаеля (Nasser Gemayel). Ён нарадзіўся ў 1951 годзе, паходзіць з мясцовасьці Айн-Харуб (Aïn-Kharroubé) у Ліване. На сьвятара быў высьвячаны ў 1981 годзе. Працаваў душпастырам у розных мараніцкіх парафіях у Ліване. Перад намінацыяй на біскупа апошняе месца яго служэньня (з 2006 году) — парафія сьв. Тэклі ў Маскуа (Masqua) на захадзе Лівану.
 
Наменаваны біскуп для маранітаў у Заходняй Еўропе зьяўляецца выпускніком ліванскіх універсітэтаў Сьвятога Духа ў Касьліку і сьв. Язэпа ў Бейруце. Студыяваў таксама філасофію ў Францыі ў каталіцкім універсітэце ў Ліёне, а ў 1984 годзе ён атрымаў доктарскую ступень у галіне літаратуры і гуманітарных навук у парыжскай Сарбоне.
 
Пэўны час займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю ў багаслоўскіх каледжах і некалькіх універсітэтах. Насэр Джымаель быў сябрам Рады дарадцаў і Рады сьвятароў архіяпархіі Антэльяс, сябрам Цэнтральнай Камісіі Патрыяршага Сіноду Мараніцкай Царквы. Зьяўляецца аўтарам шэрагу кніг пра Мараніцкую Каталіцкую Царкву. Акрамя арабскай мовы, валодае французскай, ангельскай, італійскай, нямецкай і гішпанскай мовамі. Насэр Джымаель лічыцца добрым знаўцам сірыйскай (арамейскай) мовы, якая зьяўляецца літургічнай мовай Мараніцкай Царквы.

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 273 разоў (-ы)