Царква
Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 15:11)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

27.07.2012

Рэктар Украінскага каталіцкага ўніверсітэту а. Барыс Гудзяк намінаваны на біскупа

Ватыканская інфармацыйная служба VIS паведаміла, што Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI 21 ліпеня 2012 году прыняў адстаўку грэка-каталіцкага біскупа Міхаіла Грынчышына, ЧНА, Апостальскага экзарха для ўкраінскіх грэка-католікаў у Францыі ў сувязі з дасягненьнем гранiчнага ўзросту (у лютым гэтага году Ўладыку споўнілася 83 гады). Адначасова, як адзначае Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, Сьвяты Айцец блаславіў рашэньне Сіноду Біскупаў УГКЦ і прызначыў яго наступнікам айца-мітрата Барыса Гудзяка, рэктара Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту. Новаму біскупу быў нададзены тытулярны пасад Каркабіі.
  
а. Барыс Гудзяк
Апостальскі Экзархат для ўкраінскіх грэка-католікаў у Францыі, Швайцарыі і краінах Бенілюксу быў утвораны 22 ліпеня 1960 году. Паводле афіцыйных дадзеных, сёньня ён ахоплівае каля 20 тысячаў украінскіх католікаў, прычым гэтая лічба не ўключае ў сябе тых, хто часова выехаў на заробкі.
 
Айцец Барыс Гудзяк, які ўжо 20 гадоў служыць ва Ўкраіне і які стаў духоўным і адміністрацыйным стрыжнем для УКУ, атрымаў адукацыю і фармацыю на Захадзе, таму яго дзейнасьць шырока вядома ня толькі ва Ўкраіне, але і ў многіх краінах. Як мяркуюць, прызначэньне айца д-ра Барыса Гудзяка Апостальскім Экзархам у Францыю і намінацыя на біскупа мае свой сэнс, бо ён, як ніхто іншы, разумее сітуацыю постмадэрнай культуры і тое, як у гэтых абставінах прапаведаваць ўваскрослага Хрыста сучаснаму чалавеку. Варта адзначыць, што а. Барыс Гудзяк усе гады працы ва УКУ чытаў курс “Хрысьціянская духоўнасьць у постмадэрны час”, а таксама імкнуўся шукаць і выпрацоўваць новую мову зносінаў.
 
Айцец Барыс Гудзяк нарадзіўся 24 лістапада 1960 году ў горадзе Сыракузы ў ЗША ў сям’і ўкраінскіх эмігрантаў з Львоўшчыны. Ад 1978-га да 1995 году атрымліваў адукацыю ў Сыракузскім універсітэце, у Папскім Урбаніянскім універсітэце і ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. У 1983-1992 гады навучаўся ў Гарвардзкім універсітэце ў Кембрыджы на факультэце гуманітарных і прыродазнаўчых навук, дзе атрымаў ступень доктара (Ph.D) у галіне славянскай і візантыйскай культурна-царкоўнай гісторыі. Тэма яго дысертацыі: “Крыза і рэформа: Кіеўская мітраполія, Царградзкі патрыярхат і генэза Берасьцейскай уніі” (праца выйшла таксама асобным выданьнем і па-ўкраінску).
 
Тайну Сьвятарства д-р Барыс Гудзяк прыняў у 1998 годзе ў катэдры Сьвятога Юра ў Львове.
 
З 1992 году Барыс Гудзяк жыў у Львове, дзе стаў заснавальнікам Інстытуту гісторыі Царквы, які ўзначальваў да 2002 году. У 1993 годзе Першаярарх УГКЦ Міраслаў Іван (Любачыўскі) прызначыў яго старшынём камісіі па аднаўленьні Львоўскай багаслоўскай акадэміі, у якой з 1995 году ён быў віцэ-рэктарам, а з 2000 году — рэктарам. На аснове акадэміі ў 2002 годзе быў створаны Ўкраінскі каталіцкі ўніверсітэт, а а. Барыс Гудзяк стаў першым рэктарам УКУ.
 
Уладыка-намінант зьяўляецца аўтарам шматлікіх навуковых прац і публікацыяў, прысьвечаных гісторыі Царквы, пытаньням багаслоўскай асьветы і розным тэмам грамадзка-культурнага характару. У 1994-1996 гадах Барыс Гудзяк стаў арганізатарам унікальнай двухгадовай праграмы “Берасьцейскіх чытаньняў” — акадэмічнага сьвяткаваньня 400-годдзя Берасьцейскай уніі, якое прадугледжвала праведзеньне ў розных гарадах Украіны і Польшчы 18 аднадзённых навуковых канферэнцыяў з грунтоўнымі дыскусіямі і ўдзелам у іх самых вядомых украінскіх і замежных навукоўцаў, якія разважалі над гістарычным фонам і спадчынай Берасьцейскай уніі ў XVI - XVII стст. (З больш падрабязнай біяграфіяй і заслугамі а. Барыса Гудзяка можна пазнаёміцца на сайце УКУ).
 
Ва Ўкраінскім каталіцкім універсітэце намінацыю на біскупа свайго рэктара ўспрынялі з разуменьнем важнасьці гэтага прызначэньня для Царквы. “Мы бачым у гэтым прызначэньні жаданьне УГКЦ як цэлага быць больш заўважнай у Аб’яднанай Еўропе. Не забывайце, што Францыя, Швайцарыя і краіны Бенілюксу — гэта таксама і Брусель, сталіца Еўрапейскага Саюзу, і Жэнева, важны горад для многіх еўрапейскіх арганізацыяў. Дыпламатычны талент а. Барыса вядомы нам ужо даўно, таму можна быць упэўненым: з прыходам новага ўладыкі ў гэтую асаблівую еўрапейскую прастору голас УГКЦ будзе чуваць значна лепш”, — адзначыў у інтэрв’ю для Рэлігійна-інфармацыйнай службы Ўкраіны (РІСУ) прарэктар УКУ Міраслаў Марыновіч.
 
У звароце супольнасьці УКУ з нагоды намінацыі а. Барыса Гудзяка на біскупа гаворыцца: “Айцец Барыс зьяўляецца ня проста рэктарам нашага ўніверсітэту. Ён стаў духоўным скарбам, увайшоў у жыцьцё многіх з нас і ў значнай меры перамяніў яго. Біскупскі сан годна ўвянчае падзьвіжніцкую працу нашага рэктара над стварэньнем і разьвіцьцём гэтак значнай для Ўкраіны вышэйшай навучальнай установы. Біскупскае жазло будзе ў яго руках посахам, які пакліча яго ў новае паломніцтва нязьведанымі шляхамі, якія вызначыў для яго Госпад. Супольнасьць УКУ шчасьлівая, што з гэтага часу той, хто ёсьць духоўнай і адміністрацыйнай восьсю нашага ўніверсітэту, далучыцца да кола іншых біскупаў у іх служэньні патрэбам Царквы і народу”.
 
Чын узьвядзеньня ў біскупскі сан ўладыкі-намінанта Барыса (Гудзяка) — Апостальскага экзарха УГКЦ у Францыі, Швайцарыі і краінах Бенілюксу, адбудзецца 26 жніўня 2012 году ў катэдры сьвятога Юра ў Львове, паведамляе РІСУ. Урачыстую Літургію з удзелам біскупаў, сьвятароў, манаства і сьвецкіх вернікаў узначаліць Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук). Уладыка-намінант Барыс (Гудзяк) стане 49 біскупам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Дата 26 жніўня абраная невыпадкова. У гэты ж дзень адбудзецца таксама асьвячэньне студэнцкага калегіюму імя Ёсіфа Сьліпога. На працягу апошніх гадоў гэты праект знаходзіўся пад пільнай увагай і апекай а. Барыса Гудзяка.

На
просьбу Вялікага Канцлера, якім зьяўляецца Першаярарх УГКЦ, а таксама ўсёй супольнасьці УКУ ўладыка-намінант і надалей будзе падтрымліваць Украінскі каталіцкі ўніверсітэт і будзе займацца яго жыцьцёва важнымі патрэбамі.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 257 разоў (-ы)