Царква
Ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 4:24)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

02.08.2012

Першаярарх УГКЦ: “Мы балюча перажываем падзел адзінай Кіеўскай Царквы”

/images/2012/dfe3acd987.jpg“Я адкрыты да дыялогу, і нават больш таго — лічу, што павінен адбыцца працэс прымірэньня з РПЦ. Мы маем гістарычныя раны, якія могуць быць вылекаваныя толькі дзякуючы працэсу, у якім будуць браць удзел усе царкоўныя інстытуцыі. Я хацеў бы распачаць гэты шлях і спадзяюся, што з боку РПЦ будзе такая ж адкрытасьць”, - сказаў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў Шаўчук у інтэрв’ю для італійскага выданьня “Il Regno”.
  
Адказваючы на пытаньне журналіста пра тое, ці ёсьць пэўныя крокі да дыялогу з прадстаўнікамі Расейскай Праваслаўнай Царквы пасьля таго, як мітрапаліт Іларыён Алфееў, старшыня Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў РПЦ, напісаў ліст Зьверхніку УГКЦ з прапановай больш шчыльнага супрацоўніцтва, Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук адказаў, што было ліставаньне, але пакуль не адбылася сустрэча. “Мы яшчэ не распачалі сур’ёзнага дыялогу па праблемах, якія існуюць”, — адзначыў Першаярарх УГКЦ.
 
“На працягу апошніх 20 гадоў пастаянна паўтараецца тая самая тэза: нас лічаць перашкодаю для сустрэчы паміж Маскоўскім Патрыярхам і Папам Рымскім. Аднак да гэтага часу нам ніколі не ўдалося непасрэдна з РПЦ сур’ёзна абмеркаваць пытаньне гістарычнай праўды і душпастырскай сітуацыі. Застаецца зрабіць яшчэ так шмат!” — канстатаваў Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук).
 
На яго думку, дыялог павінен адбывацца перш за ўсё ва Ўкраіне. “Натуральна было б, каб маім суразмоўцам быў Яго Блаславенства Ўладзімір (Сабадан), Мітрапаліт УПЦ у еднасьці з МП”, — адзначыў Першаярарх УГКЦ. Ён патлумачыў, што з гэтай Царквой УГКЦ мае пастаральную, сацыяльную і экуменічную агульнасьць. Таму, лічыць Яго Блаславенства Сьвятаслаў, калі УПЦ будзе весьці дыялог непасрэдна з УГКЦ, бяз зьнешняга ўмяшаньня, то гэты дыялог можа быць пазітыўным і канструктыўным.
 
“Мы балюча перажываем падзел адзінай Кіеўскай Царквы, народжанай ад Уладзіміравага Хрышчэньня, ня толькі паміж католікамі і праваслаўнымі, але і паміж самімі праваслаўнымі, — адзначыў Першаярарх УГКЦ. — Ня можа быць кроку наперад да еднасьці, калі пра яе ня рупяцца ўсе тыя, што зьяўляюцца спадкаемцамі Ўладзіміравага Хрышчэньня і адзінай Кіеўскай Царквы”.
 
У размове з італійскім журналістам ён згадаў і пра тое, што калі яго папярэднік Яго Блаславенства Любамір Гузар абвясьціў вяртаньне рэзідэнцыі УГКЦ з Львова ў Кіеў, то ў сваім пасланьні з гэтай нагоды да вернікаў УГКЦ “Адзін Божы народ у краі на Кіеўскіх гарах” ён выказаў сваё бачаньне пабудовы адзінай Царквы, пераходзячы ад канфесійнага эксклюзівізму да канфесійнанай сулучнасьці.
 
“Я хачу сказаць, што падзяляю такое бачаньне еднасьці Кіеўскай Царквы Яго Блаславенства Любаміра. Таму імкнуся загаіць перажытыя раны і пабудаваць адзін храм для аднаго народу, як гэта было на пачатку, калі ў 988 годзе была адна Кіеўская Царква — дачка Канстанцінопальскай Царквы ў сулучнасьці з Рымам”, — сказаў Зьверхнік УГКЦ у інтэрв’ю для італійскага выданьня “Il Regno”.

Паводле Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 234 разоў (-ы)