Царква
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 22:37-40)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

17.08.2012

Творчая спадчына кс. Яна Твардоўскага цяпер – па-беларуску

З творчай спадчынай знакамітага польскага паэта, адметнага прадстаўніка сучаснай рэлігійнай лірыкі, сьвятара Яна Твардоўскага можна пазнаёміцца цяпер і па-беларуску. Выдавецтва “Pro Christо” падрыхтавала і выдала зборнік яго выбраных вершаў “Разам з Табою”.
  
Пераклад вершаў рыма-каталіцкага сьвятара з польскай мовы зьдзейсьнілі Данута Бічэль і Крыстына Лялько. У выдадзеным зборніку (316 с.) вершы пададзеныя ў арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову.
 
Адна з перакладчыц, вядомая беларуская літаратарка з Горадні Данута Бічэль вельмі ўсьцешана, што менавіта ёй наканавана было перакладаць частку яго лірычных і філасофскіх твораў. У размове з журналістам Радыё Рацыя паэтка адзначыла: “Ксёндз Твардоўскі хадзіў па Варшаве і хадзіў па планеце Зямля. І ён сумаўляўся з дзецьмі і ў вачах дзяцей, людзей бачыў Бога. І таму словам гэтым ён служыў, спускаў Бога на зямлю, якое было дадаткам яго сьвятарскага пакліканьня. Гэтак ён працаваў”.
 
Лірыка кс. Яна Твардоўскага (1915-2006) — гэта тонкія назіраньні за навакольлем і філасофскія рэфлексіі, думкі як пра Бога, так і пра людзей ды іх праблемы. Ён пісаў кароткія, простыя, але вельмі глыбокія гуманістычныя вершы, у якіх узносіў хвалу Творцы і ўсяму стварэньню. Нярэдка гэтыя вершы ёсьць сапраўднай шчырай малітвай. Многія з яго вершаў сталі песьнямі.
 
Прэзентацыя зборніка вершаў “Разам з Табою” кс. Яна Твардоўскага з удзелам перакладчыкаў пройдзе ў гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” ў нядзелю 26 жніўня 2012 году, а 16-й гадзіне.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 159 разоў (-ы)