Царква
Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых
(Кніга Эклезіяста 7:9)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

05.09.2012
Патрэбна павага да дабравольнага выбару
 
Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі 5 верасьня 2012 году распаўсюдзіла камунікат з нагоды нядаўніх пастановаў Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату ў дачыненьні беларускага грэка-каталіцкага сьвятара з Бельгіі а. Яна Майсейчыка, які раней быў праваслаўным сьвятаром у Беларусі.
 
Шэраг СМІ ў Беларусі, спасылаючыся на афіцыйныя крыніцы Беларускай Праваслаўнай Царквы (Журналы заседания Святого Синода Белорусской Православной Церкви от 3 сентября 2012 года, Журнал № 168), перадалі інфармацыю пра намер Сіноду БПЦ прымяніць царкоўныя кары ў адносінах да сьвятара Яна Майсейчыка, цяперашняга душпастыра беларускіх грэка-католікаў у г. Антвэрпане (Бельгія).
 
У сувязі з гэтым у камунікаце Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі адзначаецца наступнае: “На самой справе былы клірык Навагрудзка-Лідзкай япархіі БПЦ а. Ян Майсейчык быў выведзены за штат Высокапраасьвяшчэнным Архібіскупам Гурыем 6 ліпеня 2001 году, a праз пару тыдняў ён выехаў у Бельгію. Там ён зьвярнуўся да праваслаўнага архібіскупа Брусельскага Сімана (РПЦ) з просьбай прыняць яго пад свой амафор і 14 лютага 2002 году атрымаў указ з прызначэньнем служыць у парафіі Раства Хрыстовага ў Антвэрпане.
 
У тым жа годзе, адчуваючы неабходнасьць поўнай лучнасьці з Сьвятой Каталіцкай Царквой, ён стаў грэка-католікам ды 1 чэрвеня 2003 году ў царкве Сьвятога Сэрца Ісуса г. Антвэрпана ім была адпраўлена першая Боская Літургія ў саслужэньні Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана.
 
Праз два гады, а менавіта 18 ліпеня 2005 году, a. Ян Майсейчык афіцыйна склаў Вызнаньне каталіцкай веры на рукі Мансіньёра Паўла ван дэн Берхга, каталіцкага біскупа Антвэрпана і быў прыняты ва ўлоньне Каталіцкай Царквы ў наяўным сьвятарскім сане (з захаваньнем візантыйскага абраду) ды інкардынаваны ў Анвэрпанскую рыма-каталіцкую дыяцэзію, у якой Біскуп даверыў яму душпастырскую апеку над супольнасьцю беларускіх грэка-католікаў Антвэрпана. Гэтае служэньне a. Ян Майсейчык выконвае да сёньня.
 
Такім чынам, а. Ян Майсейчык выйшаў з праваслаўнай юрысдыкцыі і ўжо 8 гадоў зьяўляецца грэка-каталіцкім сьвятаром і падлягае выключна юрысдыкцыі каталіцкіх ярархаў”.
 
Асабліва падкрэсьліваецца, што “дабравольны выбар а. Яна Майсейчыка далучыцца да Каталіцкай Царквы павінен паважацца”. Падобныя выпадкі былі і з рыма-каталіцкімі сьвятарамі і манахамі, якія дабравольна пераходзілі ў праваслаўную юрысдыкцыю, у тым ліку і Маскоўскага Патрыярхата РПЦ, да якіх ніхто з каталіцкіх ярархаў не прымяняў царкоўных караў.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 143 разоў (-ы)