Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

06.09.2012
Духоўны запавет кардынала Марціні
 
Думкі архібіскупа Мілану на спачынку кардынала Карла Марыя Марціні, якія 85-гадовы ярарх выказаў незадоўга да сваёй сьмерці ў інтэрв’ю для яго сабрата аўстрыйскага езуіта а. Георга Споршыла (Georg Sporschill) і Фэдэрыка Радзічэ Фасаці Канфалан’еры (Federica Radice Fossati Confalonieri) сталі яго своеасаблівым духоўным запаветам, у якім ён заклікае ўсіх да навяртаньня, а ярархаў Каталіцкай Царквы да рэформаў, якія яны мусяць распачаць з саміх сябе.
 
Кардынал Карла Марыя Марціні належыў да Таварыства Ісуса, узначальваў Папскі біблійны інстытут і Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт, а ў 1987-1993 гадах кардынал Марціні быў старшынём Рады Канферэнцыяў еўрапейскіх каталіцкіх біскупаў. Ён быў выдатным біблістам, вядомым ў сьвеце пісьменьнікам і аўтарам кніг на самыя розныя тэмы. Кардынал марціні заўсёды быў адкрыты на дыялог з сучасным грамадзтвам і да нядаўняга часу меў прыватную рубрыку на старонках аднаго з самых папулярных сьвецкіх італійскіх друкаваных выданьняў “Corriere della sera”. У ёй ярарх адказваў на пытаньні чытачоў і шмат рабіў, каб мець з імі сталы і цікавы дыялог. Памёр 31 жніўня 2012 году.
 
Гэтае інтэрв’ю з харызматычным міланскім кардыналам, запісанае 8 жніўня, зьмясьціла італійская газета “Corriere della Sera” пад загалоўкам “Царква засталася як 200 гадоў таму. Чаму яна не абудзіцца? Чаго мы баімся?” на наступны дзень пасьля сьмерці архібіскупа Карла Марціні — 1 верасьня 2012 году. Яно выклікала вялікі рэзананс і было перадрукаванае многімі выданьнямі на шмат якіх мовах. Паводле аўтараў інтэрв’ю, кардынал Марціні прачытаў тэкст і аўтарызаваў яго.
 
Прапануем яго апошняе інтэрв’ю.
 
— Як Вы бачыце сітуацыю ў Царкве?
 
— Царква знаходзіцца ў застоі: і ў заможнай Еўропе, і ў Амерыцы. Наша культура састарэлая, нашыя цэрквы велічэзныя, а нашыя дамы малітвы пустыя, бюракратычны апарат Царквы разьдзьмуты, а нашыя абрады і выгляд пампезныя. Ці ж ня гэтыя рэчы выяўляюць тое, чым мы ёсьць сёньня? (...) Матэрыяльны дабрабыт зьяўляецца цяжарам. Мы апынуліся ў стане таго багатага юнака, які адышоў са смуткам, калі Ісус заклікаў яго стаць Яго вучнем. Я добра ведаю, што мы ня можам пакінуць усё гэта з лёгкасьцю. Але прынамсі можна было б шукаць людзей больш свабодных і якія больш адкрытыя да бліжняга. Такіх, як біскуп Рамэра і мучанікі-езуіты з Сальвадору. Дзе нашы героі, якія маглі б натхняць нас? Ня мусіць быць ніякіх прычынаў для абмежаваньня іх рамкамі інстытуцыі.
 
— Хто сёньня можа дапамагчы Царкве?
 
— Айцец Карл Ранэр любіў выкарыстоўваць вобраз з вуглямі, што схаваныя пад попелам. Я бачу ў Царкве сёньня так шмат попелу над вуглямі, што часта мяне ахоплівае пачуцьцё бездапаможнасьці. Як нам вызваліць вогнішча ад попелу, каб зноў разгарэлася полымя любові? Спачатку нам трэба адшукаць гэтыя вуглі. Дзе тыя асобы, поўныя шчодрасьці, як добры самарыцянін? У каго ёсьць вера, як у рымскага сотніка? Хто мае натхненьне, як Ян Хрысьціцель? Хто не баіцца новага, як сьв. Павел? Хто такі ж верны, як Марыя Магдалена? Я б параіў Папе і біскупам знайсьці 12 нестандартных асобаў для прызначэньня іх на ключавыя пасады. Людзей, якія блізкія да бедных і акружаныя моладдзю, якія не якія баяцца спрабаваць новае. Мы маем патрэбнасьць адшукаць такіх людзей, якія палымнеюць духам так, каб ён мог распаўсюдзіцца паўсюль.
 
— Якія сродкі Вы параіце супраць застою ў Царкве?
 
— Я рэкамендую тры вельмі дзейсныя рэчы. Па-першае – гэта навяртаньне: Царква павінна прызнаць свае памылкі і прайсьці шлях радыкальных зьменаў, пачынаючы ад Папы і біскупаў. Скандалы, зьвязаныя з педафіліяй, прымушаюць нас стаць на шлях навяртаньня. Пытаньні сэксуальнасьці і наогул усіх праблемаў, зьвязаных з целам – толькі адзін з прыкладаў. Гэтыя пытаньні важныя для кожнага, а часам, магчыма, яны і занадта важныя. Мы павінны спытаць сябе, ці прыслухоўваюцца яшчэ людзі да парадаў Царквы ў сферы сэксуальнасьці. Ці зьяўляецца Царква па-ранейшаму аўтарытэтам у гэтай галіне ведаў ці толькі карыкатурай для СМІ?
 
Па- другое — гэта Слова Божае. Другі Ватыканскі Сабор зноў вярнуў католікам Біблію. (...) Толькі той, хто адкрывае сваё сэрца для Слова Божага, можа быць сярод тых, хто дапаможа абнаўленьню Царквы і зможа даць правільны адказ на канкрэтныя пытаньні часу. Слова Божае ёсьць простым шляхам і шукае для сябе сэрца, якое яго слухае. (...) Ні духавенства, ні царкоўнае права ня могуць замяніць унутраны сьвет чалавека. Усе вонкавыя правілы, законы, дагматы дадзены нам для ўдакладненьня ўнутранага голасу і для распазнаньня духаў.
 
Для каго існуюць таемствы? Гэта ёсьць трэцяя прылада для аздараўленьня. Таемствы ня ёсьць інструментам дысцыпліны, а дапамогаю людзям на іх жыцьцёвым шляху і асабліва ў часы розных цяжкасьцяў жыцьця. Ці прапануем мы таемствы людзям, якія маюць патрэбу ў новых сілах? Я разважаю тут пра ўсіх, хто разьведзены, і пра пары, якія ўступілі ў новы шлюб. Яны маюць патрэбу ў асаблівай апецы. Царква выступае за непарушнасьць шлюбу. Гэта ёсьць вялікая ласка, калі шлюб і сям’я захоўваецца. (...)
 
Тое, як мы ставімся да такіх сем’яў, будзе вызначаць стаўленьне да Царквы дзяцей, якія ў іх нарадзіліся. Бывае, жанчыну пакідае муж і яна знаходзіць іншага сужонка, які клапаціцца пра яе і пра яе траіх дзяцей. Гэтая другая любоў ёсьць пасьпяховаю. Калі будзем дыскрымінаваць гэтую сям’ю, па-за Царквой будзе ня толькі маці, але таксама і яе дзеці. Калі бацькі па-за Царквою і не адчуваюць падтрымкі, то Царква згубіць таксама і наступныя пакаленьня. Перад сьв. Прычасьцем мы молімся: “Госпадзе, я ня варты...”. Мы ведаем, што мы ня вартыя, і што яны таксама ня вартыя. Любоў — гэта ласка. Любоў – гэта дар. Пытаньне пра тое, ці могуць разьведзеныя падыходзіць да сьв. Прычасьця, трэба было б сфармуляваць наадварот. Як магла б Царква прыйсьці з дапамогаю, наблізіць праз моц таемстваў тых, у каго складаная сямейная сітуацыя?
 
— Што робіце Вы асабіста?
 
— Царква засталася як 200 гадоў таму. Чаму яна не абудзіцца? Мы баімся? Страх замест адвагі? Аднак жа вера зьяўляецца фундаментам Царквы. Вера, давер, адвага. Я ўжо стары і хворы, залежны ад дапамогі іншых. Добрыя людзі вакол мяне дазваляюць мне адчуваць любоў. Гэтая любоў мацнейшая, чым пачуцьцё зьняверанасьці, якое часам адчуваю ў адносінах да сітуацыі Царквы ў Еўропе. Толькі любоў перамагае стомленасьць. Бог ёсьць Любоў. У мяне яшчэ ёсьць пытаньне да вас: што вы можаце зрабіць для Царквы?
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 167 разоў (-ы)