Царква
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 22:37-40)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

05.11.2012
Кардынал Любамір (Гузар): каб быць сапраўднымі хрысьціянамі, мы павінны быць зьяднанымі
 
З нагоды 50-годдзя правядзеньня Другога Ватыканскага Сабору прапануем размову з Вярхоўным Архібіскупам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на спачынку кардыналам Любамірам (Гузарам) пра актуальнасьць рашэньняў Сабору, ідэю Патрыярхату УГКЦ, рэалізацыю еднасьці ў Хрысьце.
 
З кардыналам Любамірам Гузарам размаўляла журналістка ўкраінскага медыя-праекту “Духовність” Юльяна Лаўрыш.
 
— Ваша Блаславенства, паколькі мы вядзем гутарку ў кантэксьце канферэнцыі пра Другі Ватыканскі Сабор, хацела б Вас запытаць, наколькі гэтая падзея зьяўляецца актуальнай для сучаснага хрысьціянскага сьвету?
 
— Лічу, што падзея Другога Ватыканскага Сабору вельмі актуальная. Сабор адбыўся 50 гадоў таму, але ён яшчэ ня цалкам выкарыстаны. Па-першае, такія саборы не адбываюцца часта — за 20 стагоддзяў маем 20 сабораў. Па-другое, яны не зьяўляюцца такімі, што адразу ўсё мяняюць, бо патрабуюць часу, людзі ж павінны ўспрыняць усё мудра і без сенсацыйнасьці. Таму пасьля такіх сабораў часта людзі перабіраюць меру, бо думаюць, што ўжо ўсё трэба мяняць, і прычым адразу, а так не атрымліваецца і ня трэба. Таму грамадзтва і Царква, у прыватнасьці, патрабуюць часу. Разумею, што шмат адбылося падзеяў, аднак ня ўсё сталася, што павінна было стацца. Падзея Другога Ватыканскага Сабору, безумоўна, мае сваю актуальнасьць, паколькі яна належыць да падзеяў з жыцьця Царквы, вызначае яе задачы і стаўленьне да нецаркоўных колаў.
 
— Мы ведаем пра тое, што з Другога Ватыканскага Сабору пачаўся экуменічны рух, бо быў падпісаны адпаведны Дэкрэт пра экуменізм. Наколькі палажэньні гэтага дакументу зьяўляюцца актуальныя сёньня? Што ўдалося зрабіць Царкве наогул і УГКЦ у прыватнасьці?
 
— Калі гаворым пра экуменізм, мы павінны перш за ўсё памятаць пра жаданьне еднасьці ўсіх хрысьціянаў. У жыцьці УГКЦ трэба вярнуцца ў першае дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя, калі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі шмат працаваў над тым, каб разьвіваць ідэю еднасьці ва Ўкраіне і за яе межамі, у прыватнасьці ў Расеі і на захадзе Еўропы. Яскравым прыкладам такой працы зьяўляюцца: падарожжы мітрапаліта Андрэя ў Расею, пастырскія пасланьні пра еднасьць (такія як «Набліжаюцца часы» 1910 году), зьезды ў Веляградзе. Яшчэ ў 1910 годзе ў г. Эдынбургу (Шатландыя) адбылася першая канферэнцыя на тэму еднасьці, якую арганізавалі місіянеры з Заходняй Еўропы. Такім чынам бачым, што ўжо на пачатку XX стагоддзя ёсьць пэўныя праявы экуменізму ў асяроддзі нашай Царквы. На Захадзе актыўна займаліся гэтым пратэстанцкія рухі, якія зразумелі, што бяз еднасьці немагчыма сьведчыць Хрыста (пар. «І будзеце Мне за сьведкаў...» (Дз 1,8)). Таму, калі мы гаворым пра Заходнюю Еўропу, якая разьвівалася і да Сабору, але з розных прычынаў вельмі павольна, адной з якіх, лічу, быў страх, каб не прынізіць паняцьці пэўных рэлігійных каштоўнасьцяў. Другі Ватыканскі Сабор падкрэсьліў, што ня можам казаць пра хрысьціянства ўпоўні, калі яно ня ёсьць аб’яднаным. Ісус Хрыстос заснаваў адну Царкву, таму мы сёньня павінны гэтую еднасьць, якую ўстанавіў Бог, зьберагаць. Сабор таксама даў штуршок да абмеркаваньня гэтага пытаньня ў нашым ўкраінскім асяроддзі — ня толькі сярод грэка-католікаў, але і сярод праваслаўных. Яшчэ адным фактарам было тое, што Сабор адбываўся ў такія часы, калі Ўкраіна не магла мець свайго нармальнага царкоўнага жыцьця. Па-за межамі Ўкраіны былі своеасаблівыя водгаласы працэсу і шчырая зацікаўленасьць, каб сур’ёзна паставіцца да справы еднасьці. Аднак гэтае разуменьне, дазволю сабе сказаць, было даволі прымітыўным, бо ўтрымлівала іншае разуменьне еднасьці — не аб’яднаньня ў Хрысьце, а канфесійнага адзінства. З атрыманьнем незалежнасьці Ўкраіны гэтая праблематыка ўжо разьвіваецца на іншым узроўні — з сваімі слабымі і моцнымі бакамі.
 
— У дакладах і прамовах Вы акцэнтуеце на ідэі еднасьці Цэркваў, што выйшлі з Уладзіміравага хрышчэньня. Вы як Зьверхнік УГКЦ перанесьлі сваю рэзідэнцыю з Львова ў Кіеў. Ведаем, што гэта выклікала неадназначную рэакцыю ў пэўных царкоўных колах. Наколькі гэты перанос, на Вашу думку, спрыяе або перашкаджае справе яднаньня хрысьціянаў кіеўскай традыцыі?
 
— Гэта не было перанясеньне, гэта было вяртаньне. Адзначу гэта, што я нічога не пераносіў, а толькі вярнуў тое, што было раней, 200 гадоў, таму. Ведаеце, у праваслаўных была такая пазіцыя, згодна якой яны лічылі перанясеньне рэзідэнцыі мэтай інтэрвенцыі нашай Царквы на ўсход Украіны, маўляў нам мала вернікаў у Заходняй Украіне. На самай справе мы вярнуліся пасьля двухсот гадоў. У пачатку XIX ст. наша Царква была ў Кіеве, потым нас выгналі, і мы вярнуліся. Хто глядзіць на гэтую зьяву праз царкоўна-палітычную прызму, то для яго гэта акт агрэсіі. Але тыя праваслаўныя, якія мысьляць аб’ектыўна, ведаюць гісторыю, адпаведна нармальна ацэньваюць гэтыя падзеі.
 
Акрамя таго, мы ўвесь час тлумачым і падкрэсьліваем, што мы прыйшлі ў Кіеў і ў вобласьці Ўсходняй Украіны не як захопнікі, а дзеля дапамогі і падтрымкі сваіх вернікаў, якія знаходзяцца там з розных прычынаў. Таксама нашае вяртаньне падкрэсьлівае тое, што тысячу гадоў таму ў Кіеве была адна і не падзеленая Царква з адным мітрапалітам. На жаль, гэтая Царква цяпер ёсьць падзеленай на чатыры галіны — тры праваслаўныя і адна грэка-каталіцкая. Таму сёньня мы павінны зрабіць захады, каб вярнуць гэтую першасную еднасьць, інакш мы згубім сваю ідэнтычнасьць.
 
— Ваша Блаславенства, на адной з сэсіяў Другога Ватыканскага Сабору Патрыярх Ёсіф прапанаваў надаць УГКЦ патрыяршы статус. Тады яму адмовілі, матывуючы тым, што ён знаходзіцца ў эміграцыі і ня мае сваёй кананічнай тэрыторыі, а таму ня можа быць патрыярхам. Сёньня кананічная тэрыторыя для існаваньня патрыярхату ёсьць, аднак фармальнага патрыяршага ладу нашая Царква да гэтага часу ня мае. Якія, на Вашу думку, ёсьць тут перашкоды?
 
— Ведаеце, тады ня толькі кананічная тэрыторыя была асноўнай прычынай. Было шмат іншых праблемаў, сярод якіх няправільнае разуменьне патрыярхату. Шмат хто глядзеў на гэтую зьяву чыста з сьвецкага пункту гледжаньня, асацыюючы патрыярхат з сурагатам палітычнай незалежнасьці Ўкраіны. Дзеля гэтага было шмат унутраных праблемаў і дыскусіяў. Таксама некаторыя ўбачылі ў намаганьнях стварыць патрыярхат намер адлучыцца ад Паўсюднай Царквы. Таму нам спатрэбілася некалькі дзесяцігоддзяў, каб зразумець, што патрыярхат — гэта не палітычная, а царкоўная справа; патрыярхат не зьяўляецца мэтаю, а толькі сродкам для захаваньня ўнутранай еднасьці і эфектыўнага глабальнага функцыянаваньня Царквы, якая расьсеяна па ўсім сьвеце. Безумоўна, мы павінны змагацца за гэта, бо як адзначаў сьвятой памяці Папа Ян Павел II: «Вашая пачэсная настойлівасьць цалкам апраўданая». Таму гэты працэс стварэньня патрыярхату для Ўсходніх Цэркваў, як і прадказваў Другі Ватыканскі Сабор, асабліва для УГКЦ, магчыма, адбываўся ня цалкам так, як бы нам хацелася, аднак сёньня мы не павінны спыняцца, каб прымаць захады для рэалізацыі гэтай ідэі.
 
/.../
 
— Агульнавядомым ёсьць сьцьверджаньне, што моладзь лепш знаходзіць паразуменьне паміж сабою. /.../ Ці будзе мець гэты факт уплыў на фармаваньне новага або ўдасканаленьне старога напрамку экуменічнага руху? Як моладзь можа быць стрыжнем экуменізму?
 
— Лічу, што гэта ня толькі заданьне моладзі. Трэба ўсім нам зразумець, што для таго, каб быць сапраўднымі хрысьціянамі, мы павінны быць быць аб’яднанымі. Экуменічны рух — гэта ня нейкі там непатрэбны дадатак да царкоўнага жыцьця, калі нехта нават так і думае; еднасьць хрысьціянаў — важная і істотная справа ў царкоўным жыцьці. У Сымбалі веры мы адзначаем: «Веру ў адзіную, паўсюдную і апостальскую Царкву». Але ж, каб гэтая ідэя не была абстрактнай, а практычнай, мы павінны прагнуць гэта зрабіць, абудзіўшы і сярод моладзі, і сярод старэйшых жаданьне еднасьці, бо бяз гэтага ня зможам рухацца наперад. Таму зноў-такі экуменічны дыялог ня можа існаваць толькі на акадэмічным ўзроўні, ён павінен зыходзіць з нашага розуму і сэрца, з самага нутра нашай сутнасьці. Вядома, мы сьведамыя таго, што гэта лёгка нам ня дасца, таму неабходна сумленна і настойліва працаваць. /.../ Неабходна шукаць спосабы яднаньня і ва Ўкраіне, і па-за яе межамі, каб рабіць крокі ў првільным кірункку і ствараць адну Хрыстову Царкву. І гэта задача ня толькі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, чальцамі якой мы ёсьць, але і іншых памесных Цэркваў. Таму паняцьце яднаньня ня можа асацыявацца з «палітычнай прыналежнасьцю», а з выкананьнем Божай волі, праз якую мы ствараем адну сям’ю ў Хрысьце.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 145 разоў (-ы)