Царква
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна
(3 запаведзь, Выхад 20:7)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

28.11.2012
У Львове высьвячаны другі айцец-рэдэмптарыст візантыйскага абраду з Беларусі
 
25 лістапада 2012 году ў Львове (Украіна) быў высьвячаны новы беларускі грэка-каталіцкі сьвятар — а. Зьміцер Чарнель з Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля. Паходзіць ён з парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні.
 
Сьвячаньні адбыліся ў нядзелю, 25 лістапада 2012 году — у дзень, калі ўкраінскія грэка-католікі адзначалі ўспамін сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага. У царкве сьвятамучаніка Язафата ў Львове ў гэты дзень было храмавае сьвята. Урачыстую Архірэйскую Літургію ўзначальваў Уладыка Багдан Дзюрах, рэдэмптарыст, сакратар Сіноду біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Разам з ім саслужыў Уладыка Пётр Стасюк, рэдэмптарыст, япарх для ўкраінцаў-католікаў у Аўстраліі, Новай Зеландыі і Акіяніі. Падчас сьвяточнай багаслужбы Ўладыка Багдан Дзюрах удзяліў ярэйскія сьвячаньні тром дыяканам з Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля: украінцам Мірону Шаўчуку, Андрэю Хацко і Зьмітру Чарнелю, які стаў другім айцом-рэдэмптарыстам візнатыйскага абраду з Беларусі.
 
З нагоды сьвячаньняў Уладыка Пётр Стасюк у сваім казаньні зьвярнуўся да тэмы служэньня Богу і бліжняму. «Усё, што стрымлівае нашую любоў да бліжняга — зьяўляецца грахом. Наш бліжні ёсьць небам або пеклам для нас — у залежнасьці ад таго, як мы ставімся да яго: міласэрна або праходзім міма ў цяжкую хвіліну. Сёньня сьвяткуем сьвячаньні нашых братоў, якія склалі зарокі ў вечнасьці, каб служыць бліжнім. Менавіта праз такое служэньне выяўляецца любоў да Бога». Таксама Ўладыка Пётр падзяліўся уласным сьвятарскім досьведам і пажадаў новым сьвятарам, каб яны былі вернымі ды служылі Богу і бліжняму, а таксама нястомна працавалі для дабра і росквіту Царквы.
 
Напрыканцы набажэнства з падзячным словам выступіў Уладыка Багдан Дзюрах, які адзначыў, што ўсе прысутныя вернікі, якіх так шмат сабралася на гэтую царкоўную ўрачыстасьць, сталі сьведкамі дзеяньня Божай ласкі праз Сьвятога Духа. Як адзначае афіцыйны сайт рэдэмптарыстаў Львоўскай правінцыі, Уладыка таксама падкрэсьліў, што гэтай падзеі радуецца сёньня ня толькі Ўкраіна, але і Беларусь, адкуль паходзіць адзін з новых сьвятароў. Зьвяртаючыся да новавысьвячаных сьвятароў, Уладыка Багдан Дзюрах пажадаў ім быць добрымі пастырамі, каб «сталі такімі “варотамі”, праз якія шмат людзей увойдзе ў Валадарства Нябеснае».
 
На сьвячаньнях а. Зьмітра Чарнеля ў Львове была і група беларускіх вернікаў, семінарыстаў і манахаў на чале з айцом-рэдэмптарыстам Антонам Нікалаевым, якія прыехалі, каб малітоўна падтрымаць новага беларускага грэка-каталіцкага сьвятара.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 159 разоў (-ы)