Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

14.12.2012
Пісьменьнік і перакладчык Анатоль Клышка пра беларускі пераклад Бібліі
 
Вядомы беларускі пісьменьнік і перакладчык Анатоль Клышка ў нядаўнім інтэрв’ю для выданьня беластоцкіх беларусаў «Czasopis» закрануў праблему беларускага перакладу Бібліі.
 
Пісьменьнік і перакладчык, крытык і паэт, навуковец і асьветнік-педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі Анатоль Клышка больш за паўстагоддзя плённа працуе на ніве нацыянальнага адраджэньня, верна служыць беларускай культуры, роднаму слову. Анатоль Клышка ня раз адзначаў, што яму хочацца зрабiць пераклад Бібліі на беларускую мову як мага блiжэйшым да арыгiналу, вольны ад канфесiйнай прадузятасьцi, і вельмi хацелася б, каб была згода хоць бы ў тэрмiналогii.
 
У свой час, аналізуючы пераклад а. Уладзіслава Чарняўскага, Анатоль Клышка заўважыў, што ён iстотны ўжо тым, што у ім скрозь iдзе Iсус, Госпад (а ня Езус, Пан, як гэта сустракаеш у католiкаў i што, на яго думку, гучыць усё ж зусім не па-беларуску, а па-польску). Як католiкам цяжка пазбавiцца ад паланiзмаў, так i праваслаўныя нiяк ня могуць абысьцiся без русiзмаў, сьцьвярджае Анатоль Клышка.
 
У сваім інтэрв’ю журналісту Сяргею Чыгрыну для «Czasopisu» Анатоль Клышка распавёў пра ўласную перакладчыцкую працу над Бібліяй і пра яго ацэнку працы Біблейнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Прапануем пазнаёміцца з меркаваньнем Анатоля Клышкі ў гэтым інтэрв’ю.
 
Нядаўна скончыў пераклад са старагрэцкай мовы на беларускую Новага Запавету (Евангельляў). Такія творы трэба перакладаць толькі з арыгіналу. Няхай узрастае ўсё большае разуменьне намі Вялікай Кнігі ўсіх часоў, Кнігі на штодзень усіх хрысьціянаў безадносна да розных канфесіяў, якую чытаюць і атэісты, каб зразумець эпахальнае шэсьце Хрыстова вучэньня.
 
Як ні паважай удзельнікаў Біблейнай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, але працуюць яны надзвычай марудна. Два дзясяткі гадоў працы, а перакладзена ўсяго крыху больш за палову Евангельля. Ды і плён працы ня той. І мне баліць ды, здаецца, ня толькі мне, а самой сёньняшняй нашай мове: Іісус, блажэнны, благадаць, знаменьне, Вучыцель, Уцяшацель, стада, абіцель і г. д. Яшчэ за паўстагоддзя да Францыска Скарыны ў нас пісалі Ісус. Так пісаў Скарына, так пісалі пасьля яго, напрыклад, вядомы дзеяч праваслаўя Філіповіч, так жыло і жыве гэтае імя ў нашых народных песьнях і казках. І раптам — адкінуць пяцісотгадовую традыцыю! Між тым, і ўкраінцы пішуць: Ісус. А дзе ў Нагорнай пропаведзі нашыя перакладчыкі ставяць няўцямнае прыхаджанам «блажэнныя», у грэцкім тэксьце стаіць так зразумелае — «шчасьлівыя». І блага, кепска думаць, што ў мове 10-мільённага беларускага народу няма свайго адпаведніка да «благадаці». Гэта «Боская ласка», «Ласка Божая» — як пададзена ў «Русско-белорусском словаре» пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі (1953 г.) і ва ўсіх выданьнях і перавыданьнях падобнага слоўніка. Дарэчы, і ў іншых славянскіх мовах, дзе слова «ласка» ўжываецца ў тых жа значэньнях, як у беларускай, адпаведнікам «благодати» зьяўляецца «ласка», напрыклад, у польскай.
 
Навошта ўжываць пры перакладзе расьпяць (бо расьпяць можна і бялізну!), калі ў нашай мове, на шчасьце, ёсьць укрыжаваць, гэтак жа, як у грэцкай мове суадносяцца адпаведны дзеяслоў і назоўнік крыж. Або: сама грэцкая мова сваім словам «тронас» падказвае беларускі адпаведнік «трон», а яны перакладаюць па-расейску «прастол». Перакладчыкі зусім не адрозьніваюць кашы ад кошыкаў, магілу ад магільні. І як гэта разумець: «дзьверы магілы»? Або замест «кашалёк» ужываюць «мяшок». І ніяк ня могуць абысьціся без расейскіх гукаспалучэньняў «узл», «бл» у слове ўлюбёны.
 
Яшчэ ў «Слоўніку беларускай гаворкі» І. І. Насовіча (1870) задоўга да Янкі Купалы, Якуба Коласа, стаіць «улюбёны» і расейскі адпаведнік «возлюбленный». Улюбёны не прыдуманае апошнім часам слова, дык чаму ж ім не карыстацца, а ня чуць на кожнае хрысьціянскае сьвята ледзь непрыстойныя для беларускага вуха гукаспалучэньні...
 
Я мог бы прыводзіць тут прыклады яшчэ і яшчэ. Наша мова багатая і распрацаваная... Дык давайце ўсе разам берагчы яе. Няхай нам усім дапаможа Бог!
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 229 разоў (-ы)