Царква
Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:7)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

15.12.2012
Праваслаўны сьвятар: уніяты не ўяўляюць пагрозы праваслаўю
 
Інфармацыйнае агенцтва “Тэлеграф” вырашыла пацікавіцца ў праваслаўнага сьвятара а. Аляксандра Шрамко адкуль сыходзіць крыніца антыўніяцкай кампаніі Беларускай Праваслаўнай Царквы апошняга часу.
 
Ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ) 6 сьнежня 2012 году ўпершыню былі ўзьнесены малітвы за супакой мітрапаліта Віленскага і Літоўскага Ёсіфа (Сямашкі) і яго паплечнікаў, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі ўніяцтва ў Беларусі, адзначае інфармацыйнае агенцтва “Тэлеграф”. Акрамя таго, быў праведзены шэраг канферэнцыяў, на якіх гаварылася пра негатыўную ролю Ўніяцкай Царквы ў гісторыі Беларусі.
 
Таксама, нагадвае “Тэлеграф”, на Сінодзе БПЦ 3 верасьня 2012 году абмяркоўваліся пытаньні забароны ў сьвятарстве былога праваслаўнага, а цяпер грэка-каталіцкага сьвятара Яна Майсейчыка з Бельгіі, а таксама магчымасьць зьяўленьня свайго біскупа ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.
 
Пракаментаваць такую абвостраную ў апошні час увагу Беларускай Праваслаўнай Царквы да ўніяцкага пытаньня карэспандэнты “Тэлеграфа” папрасілі вядомага праваслаўнага сьвятара і блогера а. Аляксандра Шрамко з Сьвята-Міхайлаўскага прыходу ў мікрараёне Сухарава ў Менску.
 
— Як Вы лічыце, чаму менавіта зараз у Беларускай Праваслаўнай Царкве так востра паўстала ўніяцкае пытаньне (пытаньне зьвяржэньня з сану былога праваслаўнага, а сёньня грэка-каталіцкага сьвятара Яна Майсечыка, устанаўленьне ва ўсіх храмах памінальных малітваў за сьвятароў-ліквідатараў уніяцтва, правядзеньне тэматычных антыўніяцкіх канферэнцыяў і г. д.)?
 
— Ня думаю, што гэтае пытаньне набыло зараз нейкую асаблівую актуальнасьць. Тэма ўніяцтва заўжды была і застаецца для праваслаўных даволі балючай, як з гістарычных, так і з багаслоўскіх прычынаў. Проста час ад часу гэтай тэме надаецца меншая ці большая ўвага. Цяпер, магчыма, чарговы ўздым цікавасьці назіраецца, і ў першую чаргу не ўнутры самой Праваслаўнай Царквы, а хутчэй, у публічнай сферы тэма “раскручваецца”. Асабіста я, як сьвятар БПЦ, ніякай асаблівай антыўніяцкай кампаніі ў Царкве не заўважыў.
 
Што бачу, дык гэта кампанію з боку некаторых асобаў у Беларускай Праваслаўнай Царкве, а таксама сьвецкіх палітычна-грамадзкіх дзеячаў, якія гуртуюцца вакол праекту “Западная Русь”, а таксама кампанія “ў адказ” на дзейнасьць дадзенай групы з боку грэка-каталікоў, для якіх, зразумела, усе гэтыя пытаньні — асабліва што тычыцца інтэрпрэтацыі гістарычных падзеяў і вызначэньня ролі Ўніяцкай Царквы ў гісторыі беларускага народу — гэтак жа вострыя і балючыя, як для праваслаўных.
 
Канферэнцыі “Заходняй Русі” носяць няўласнацаркоўны характар, і калі ў іх бралі ўдзел праваслаўныя сьвятары, то не як прадстаўнікі Царквы, але як гісторыкі і публіцысты, якія маюць да тэмы ўніяцтва асаблівую цікавасьць.
 
Зьявілася некалькі артыкулаў з абурэньнямі з нагоды таго, што БПЦ нібыта зьбіраецца і ледзь ня вырашыла кананізаваць мітрапаліта Ёсіфа Сямашку. Хоць пэўныя колы сапраўды лабіруюць падобную кананізацыю, на самой справе ў рашэньні Сіноду БПЦ пра кананізацыю гаворка ня ідзе, прынамсі, пакуль. Усяго толькі ўстаноўлены дзень штогадовага засупакойнага памінаньня, пры чым ня толькі Сямашкі, але і яго паплечнікаў. Асоба Сямашкі і, наогул, падзеі таго часу даволі неадназначныя, як з гледзішча праваслаўных — тут для прыкладу можна прывесьці дарэвалюцыйную дысертацыю протаярэя Георгія Шавельскага; так і з гледзішча грэка-каталікоў — да прыкладу можна прывесьці выступ на Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі грэка-каталіцкага сьвятара Андрэя Крата. Ідэалагізацыя — і як ідэалізацыя, і як поўнае ачарненьне - не ў інтарэсах ні праваслаўных, ні грэка-каталікоў.
 
Што тычыцца канкрэтна сьвятара Яна Майсейчыка, то атрымалася, што ён проста нагадаў сам пра сябе, уступіўшы ў пісьмовую палеміку з сваім былым (а як выявілася, і дзеючым) архірэем архіяпіскапам Гурыем. Пра яго, калі ён зьехаў у Бельгію, хутчэй за ўсё, банальна забылі (ці пажадалі забыць), інакш цяжка патлумачыць, чаму не была выкарыстана звычайная практыка — калі чалавек адыходзіць ад праваслаўя, ён ня можа заставацца праваслаўным сьвятаром. Цяпер жа, калі ён сам нагадаў пра сябе, пасьпяшаліся выправіць недагляд.
 
— Адкуль, на Вашу думку, сыходзіць крыніца антыўніяцкай кампаніі Беларускай Праваслаўнай Царквы апошняга часу: з Беларусі ці з Масквы? Ці не зьвязана гэта з барацьбой паміж рознымі групоўкамі ў БПЦ за ўладу?
 
— Як я ўжо сказаў, ня мае сэнсу казаць пра нейкую адмысловую кампанію.
 
Цяперашняе павелічэньне ўвагі да ўніяцкага пытаньня, мне падаецца, абумоўлена выключна асабістай цікавасьцю да яго нядаўна прызначанага на пасаду Кіраўніка справамі БПЦ архіяпіскапа Гурыя.
 
Ня думаю, што тут можна казаць пра барацьбу паміж групоўкамі, толькі пра тое, што праз гэтую тэму архіяпіскап Гурый можа ўсталяваць свой аўтарытэт як аднаго з вядучых ярархаў БПЦ. Наконт усяго гэтага можна параіць артыкул Натальлі Васілевіч “Ад Сіноду да Ўпраўленьня справамі”.
 
— Як Вы мяркуеце, чаму для БПЦ так важна, каб Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ня мела ў Беларусі свайго біскупа і сваёй ерархічнай структуры? Ці не зьяўляецца гэта ўмяшаньнем адной Царквы ў справы іншай?
 
— Гэтае пытаньне трэба адрасаваць ня столькі БПЦ, колькі кіраўніцтву Рыма-Каталіцкай Царквы. Можа, кіраўніцтва БПЦ і не зацікаўлена, каб у Беларусі зьявіўся яшчэ адзін ярарх, які прэтэндуе прадстаўляць традыцыйную царкоўнасьць, але тое, што Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі ня мае сваёй ерархічнай структуры, цалкам залежыць не ад Праваслаўнай Царквы, а ад Ватыкану, і ў апошняга тут безумоўна ёсьць нейкі свой інтарэс (ці свая рызыка). Можа, ён як раз у тым, каб не было канкурэнцыі рыма-каталіцтву. Магчыма, каб не псаваць стасункі з Расейскай Праваслаўнай Царквой.
 
— Ці сапраўды БГКЦ уяўляе нейкую пагрозу для БПЦ і праваслаўя ў Беларусі?
 
— У Беларусі грэка-каталіцтва на дадзены момант занадта слабая і невядомая большасьці людзей царкоўная супольнасьць, каб уяўляць асаблівую пагрозу для праваслаўя. Магчыма, каб у яго была дзяржаўная падтрымка, то сітуацыя складалася б па-іншаму. Аднак нават цяпер многія праваслаўныя сыходзяць у каталіцтва менавіта абіраючы лацінскі абрад, як больш “заходні”.
 
Калі і ўзьнікае нейкі пратэстны рух сярод праваслаўных, незадаволеных сучаснай палітыкай Беларускай Праваслаўнай Царквы, то ён шукае выйсьця хутчэй у напрамку альтэрнатыўных праваслаўных юрысдыкцыяў, чым у напрамку грэка-каталіцтва. Хоць ад асобы лідара тут шмат што залежыць. Дастаткова ўзгадаць харызматычную фігуру айца Яна Матусевіча (лідар адраджэньня грэка-каталіцтва ў Беларусі ў 1990-я гады — “Тэлеграф”). Магчыма і такога грэка-каталіцтва не было б у Беларусі, калі б ня ён. Ці асобу а. Аляксандра Надсана (Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў за мяжой — “Тэлеграф”), які, хоць і жыве ў замежжы, мае велізарны ўплыў на вобраз грэка-каталіцтва ў Беларусі.
 
— Якое Ваша меркаваньне, чаму ані Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, ані Рыма-Каталіцкі Касьцёл у Беларусі не пратэстуюць супраць антыўніяцкай палітыкі Беларускай Праваслаўнай Царквы?
 
— Мабыць, таму, што гэтая палітыка мае ня столькі зьнешняе, колькі ўнутранае прымяненьне. Кожная канфесія мае права мець свой погляд на гістарычныя працэсы, гэтак жа, як яна мае свае дагматычныя ўстаноўкі. У каталікоў пазітыўны погляд на унію, у праваслаўных — негатыўны. Галоўнае, каб гэта ня вылілася ў нейкае канкрэтнае процідзеяньне. Напрыклад, калі б Праваслаўная Царква ставіла пытаньне пра легітымнасьць існаваньня ўніяцтва як такога. Ці патрабавала б прызначыць той жа дзень памінаньня Ёсіфа Сямашкі дзяржаўным днём. У Беларусі няма такой публічнай прасторы, дзе можна было б весьці дыялог на гістарычныя пытаньні, дзе Цэрквы былі б гатовыя крытычна паглядзець на сваю гісторыю, пакуль у нас толькі ўсе дзейнічаюць як на вайне — у тым ліку проста хаваюцца ў акопах.
 
— Ці варта, на Вашу думку, чакаць узмацненьня антыўніяцкай рыторыкі і палітыкі пасьля імавернай зьмены кіраўніцтва БПЦ?
 
— Гэта нікому не вядома, бо невядома, калі і якой будзе зьмена кіраўніцтва БПЦ, а ўсё зноў жа залежыць ад канкрэтнай асобы, а не ад нейкіх агульных тэндэнцыяў.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 135 разоў (-ы)