Царква
Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 19:21)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

16.12.2012
Сьвятар БГКЦ: нехта хоча разгарнуць антыўніяцкую кампанію
 
Сьвятар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, душпастыр парафіі сьвятога Язафата ў Лідзе а. Андрэй Буйніч пракаментаваў для інфармацыйнага агенцтва “Тэлеграф” падвышаную ў апошні час увагу з боку кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы да “уніяцкага пытаньня”.
 
Ніжэй прапануем адказы сьвятара на пытаньні журналіста “Тэлеграфу”.
 
— Як Вы лічыце, чаму менавіта зараз у Беларускай Праваслаўнай Царкве так востра паўстала ўніяцкае пытаньне? Адкуль, на Вашу думку, сыходзіць крыніца антыўніяцкай кампаніі ў пэўных колах Беларускай Праваслаўнай Царквы ў апошнім часе: з Беларусі ці з Масквы? Ці не зьвязана гэта з барацьбой паміж рознымі групоўкамі ў БПЦ за ўладу?
 
— У гэтай справе я паспрабую выказаць толькі сваё асабістае мяркаваньне ды адначасова не хацеў бы камэнтаваць унутраных праблемаў іншай Царквы. Вось чаму я хацеў бы перад усім свой адказ сканцэнтраваць вакол Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якая стала прадметам, так бы мовіць, “антыўніцкай кампаніі”.
 
Мінула больш за 20 гадоў, як уніяцкія (грэка-каталіцкія) парафіі ў Беларусі змаглі аднавіць сваю адкрытую душпастырскую дзейнасьць. За ўвесь гэты час грэка-каталіцкія душпастыры не займаліся антыправаслаўнай прапагандай.
 
На колькі мне вядома, кіраўніцтва нашай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы мэтанакіравана будавала карэктныя і поўныя пашаны адносіны да ярархаў Беларускай Праваслаўнай Царквы і, зразумела, да праваслаўных вернікаў.
 
І вось, раптам хтосьці хоча разгарнуць антыўніяцкую кампанію. Каму гэта патрэбна і навошта? Больш таго, можна пачуць (або прачытаць) паклёпныя, беспадстаўныя закіды, што дзейнасьць Уніяцкай Царквы ў Беларусі “пагражае грамадзянскаму міру”, што мы “совращаем и завлекаем”. Ніхто разумны так не падумае і ня будзе да гэтага прыслухоўвацца, але ня ўсе разумныя...
 
Дазвольце малую гістарычную рэмарку. У гэтым годзе адзначаем 1150 гадоў горада Полацка. Полацкая япархія ўсходняй (візантыйскай) традыцыі была ў сулучнасьці (царкоўнаслав.: сопричастие, лац.: communio) з Рымам. І гэтую сулучнасьць з Пасадам сьв. Вярхоўнага апостала Пятра япіскапы беларускіх (і часткова ўкраінскіх) япархіяў аднавілі ў рамках Берасьцейскай царкоўнай уніі (у 1595-1596 гады).
 
А Ўсходняя Царква на нашых землях ня мела ў той час аніякага дачыненьня да Масквы. Толькі ў 1839 годзе Зьяднаная (Грэка-уніяцкая) Царква была насільна падпарадкаваная Расейскай Праваслаўнай Царкве. І вернікаў ніхто не пытаў, ці хочуць ліквідацыі структураў сваёй Царквы.
 
20 гадоў таму ўніяты (грэка-каталікі) аднавілі адкрытую душпастырскую дзейнасьць, зарэгістравалі парафіі. Чаму ж мы ня можам несьці Евангельле шматлікім грамадзянам Беларусі, якія ніколі яго ня чулі? Чаму ж мы ня можам вучыць нашых суграмадзянаў любіць Бога і нашую Бацькаўшчыну — Беларусь? Чаму ж мы ня можам прытрымлівацца ўсходняй богаслужбовай традыцыі нашых продкаў? Каму гэта перашкаджае і чаму?
 
Уніятам (грэка-каталікам) ніхто ня можа забраць права на існаваньне. У незалежнай дзяржаве мы ня можам і ня хочам быць грамадзянамі трэцяй катэгорыі, як можа гэта хтосьці б і хацеў. Шануем іншых ды чакаем пашаны да сябе. І трэба сказаць, што дзяржаўныя структуры гэта разумеюць.
 
У СМІ розныя дзіўныя рэчы можна прачытаць, як напрыклад вядомае інтэрв’ю пэўнага праваслаўнага ярарха, якое мела назву “О ювенальной юстиции, способствующей разрушению семьи и государственности. Попытки возрождения униатства в Беларуси”. У гэтым тэксьце асуджаліся вышэйзгаданая юстыцыя, гомасэксуалізм ды ўніяцтва. Хоць нават сама назва зьмяшчае ў сабе “боб з гарохам”, але просты люд тое праглыне і будзе перакананы, што ўніяты і гомасэксуалісты — гэта прыкладна тое ж самае. Што гэта, як не відавочная брудная маніпуляцыя?
 
Нарэшце давайце падумаем, ці нам, уніятам, трэба “завлекать, совращать” праваслаўных вернікаў? Мы праводзім евангелізацыю сярод тых, хто ня ведае Бога. Падумайце, колькі нам трэба ўкласьці працы, евангелізацыі, катэхізацыі, каб прывесьці іх да нармальнай, жывой веры! Мы працуем з тымі, хто сам шукае Бога, хто сам да нас прыходзіць.
 
Нашыя вернікі ня могуць дазволіць сабе на фармальную веру. У нас няма нармальнага храму нават у Менску, іншымі словамі “культавага будынку”. Трэба мець не малое перакананьне, каб пайсьці ў душпастарскі цэнтр, які мае выгляд катэджа.
 
— Як Вы мяркуеце, чаму для БПЦ так важна, каб Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ня мела ў Беларусі свайго біскупа і сваёй ерархічнай структуры? Ці не зьяўляецца гэта ўмяшаньнем адной Царквы ў справы іншай? Ці сапраўды БГКЦ уяўляе нейкую пагрозу для БПЦ і праваслаўя ў Беларусі?
 
— Наогул сітуацыя камічная: БПЦ, якая паводле яе самой, зьяўляецца дамінуючай ў Беларусі, зьвяртае ўвагу на Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, якая нясе служэньне ў трох дзясятках парафіяў! Мы нават не заўсёды маем магчымасьці дайсьці да шматлікіх вернікаў, якія жывуць па-за нашымі парафіямі... Гэта тысячы вернікаў, за якіх мы нясем душпастырскую адказнасьць.
 
І трэба нагадаць, што пасьля г. зв. Полацкага “сабору” (1839 году) царскі ўрад ліквідаваў дзьве ўніяцкія япархіі.
 
Гвалт з боку сьвецкіх уладаў ня меў і ня мае аніякай кананічнай моцы ў жыцьці Царквы.
 
Гэтыя япархіі ёсьць “перашкоджанымі” (impeditae), але ня “згаслымі” (extinctae). Яны чакаюць свайго біскупа. Паводле кананічнага права памесную Царкву звычайна ўзначальвае біскуп. Закон Рэспублікі Беларусь гэтага не забараняе. Дабрасумленнаму чалавеку гэта няцяжка зразумець.
 
А калі для некаторых праваслаўных “рупліўцаў” пагроза ў тым, што мы — беларускія грэка-каталікі стараемся беларусам (і ня толькі) дапамагаць сустрэцца з Ісусам Хрыстом, гэта проста зьдзіўляе. І калі яны лічаць, што яны самі ў гэтым “сьпецыялісты”, то мне здаецца ў іх не павінна быць такога страху.
 
— Якое Ваша меркаваньне, чаму ані Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, ані Рыма-Каталіцкі Касьцёл у Беларусі не пратэстуюць супраць дадзенай антыўніяцкай палітыкі пэўных колаў у Беларускай Праваслаўнай Царкве? Ці варта, на Вашу думку, чакаць узмацненьня антыўніяцкай рыторыкі і палітыкі пасьля імавернай зьмены кіраўніцтва БПЦ?
 
— Я малюся, каб Госпад даў Беларускай Праваслаўнай Царкве новага разумнага і сьвятога першаярарха. Разам з гэтым я ўпэўнены, што нашыя царкоўныя ўлады ня будуць апускацца на ўзровень палемікі. Апраўдвацца — гэта часта азначае быць вінаватым. Навошта нам адчуваць віну без віны?
 
У сувязі з неабгрунтаванымі выказваньнямі некаторых праваслаўных палемістаў былі апублікаваныя некаторыя афіцыйныя камунікаты, якія можна знайсьці ў інтэрнэце. Мне здаецца, што гэтага дастаткова. Калі хтосьці жадае запытаць кагосьці з нас пра нешта (так як гэта робіце сёньня Вы), то, мяркую, заўсёды можа гэта зрабіць і разьлічваць на шчыры адказ.
 
І хачу яшчэ выказаць удзячнасьць усім шматлікім праваслаўным у Беларусі, якія ў апошні час засьведчылі нам сваю братэрскую пашану і падтрымку. Гэта каштоўны і аптымістычны знак талерантнасьці беларускага грамадзтва.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 181 разоў (-ы)