Царква
Хто са сьлязьмі сеяў, пажынацьме з радасьцю
(Псалтыр 125:5)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

18.12.2012
Маладыя брытанскія каталікі ведаюць Біблію лепш, чым старэйшае пакаленьне
 
У Вялікабрытаніі на замову Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Англіі і Ўэльса і Біблійнага Таварыства было праведзена дасьледаваньне на веданьне Бібліі, паведамляе Independent Catholic News. Дасьледаваньне паказала, што маладыя ангельскія і ўэльскія каталікі сёньня лепш ведаюць Сьвятое Пісаньне, чым вернікі сярэдняга ўзросту і старэйшыя, а кожны пяты практыкуючы каталік чытае Біблію штодзень.
 
Апытаньне было праведзена ў перыяд з 17 лістапада па 4 сьнежня 2012 году і ахапіла 1012 чалавек, якія ідэнтыфікавалі сябе як каталікі. Дасьледаваньне на знаёмства з Бібліяй праводзілася па чатырох накірунках: асабістае чытаньне Бібліі, калі і чаму каталікі чытаюць Біблію, Біблія і каталікі ў сьвеце, каталікі і біблійная дасьведчанасьць.
Сярод апытаных амаль 50% (502 чал.) сказалі, што яны бяруць удзел у сьв. Літургіі раз на месяц ці больш, а астатнія 510 адказалі, што яны не бяруць удзел у Літургіі або робяць гэта радзей, чым раз у месяц.
Біскуп Керан Конры (Kieran Conry), які ўзначальвае Аддзел евангелізацыі і катэхізацыі, сказаў: “Вялікая колькасьць каталікоў у Англіі і Ўэльсе, якія чытаюць і выкарыстоўваюць Біблію, гэта — абнадзейвае, але ёсьць таксама вялікая колькасьць, якія гэтага ня робяць. Мы спадзяемся, што правядзеньне Каталіцкай біблійнай нядзелі (Catholic Bible Sunday), якое будзе адбывацца ў Год веры, і іншыя распачатыя ініцыятывы, будуць стымуляваць каталікоў да малітоўнага чытаньня адпаведнай дню часткі Бібліі”. Ангельскі ярарх адзначыў, піша Independent Catholic News, што гэта таксама “падахвочвае нас прадаставіць дадатковыя рэсурсы, каб дапамагчы каталікам і іншым чытаць Біблію больш і выкарыстоўваць яе ў якасьці крыніцы малітвы і для асабістага духоўнага росту”.
Вынікі дасьледаваньняў паказалі, што 57% практыкуючых каталікоў не чытаюць Біблію рэгулярна па-за межамі ўстаноўленага Царквой. Тым ня менш, амаль кожны пяты практыкуючы каталік (17%) адказаў, што чытае Біблію штодня, а 4% сказалі, што яны ніколі не чыталі Біблію самастойна.
Прыкладна восем з дзесяці непрактыкуючых каталікоў (81%) чытае Біблію рэдка ці ніколі.
 
На пытаньне, чаму апошні раз чыталі Біблію, практыкуючыя каталікі часьцей за ўсё адказвалі, што іх чытаньне Бібліі было зьвязана з малітваю (21%), з пошукам дапамогі і духоўнага настаўленьня (16%) ці ў сувязі з тым, што яны прачыталі, пачулі або ўбачылі (12%).
 
Маладыя практыкуючыя каталікі, як правіла, шукаюць у Бібліі адказы на пытаньні або хочуць знайсьці для сябе духоўную дапамогу, у той час як старэйшыя людзі аддаюць перавагу малітве з ёй.
 
Практыкуючыя каталікі ў пераважнай большасьці пазітыўна ацэньваюць уклад, які Сьвятое Пісаньне можа даць грамадзтву — больш за 2/3 іх давярае Бібліі ў тым, што яна можа сказаць у сферы асьветы, гуманітарнай дапамогі і вырашэньня глабальных канфліктаў, а 60% згодныя, што Біблія можа ўнесьці ўклад у абмеркаваньне актуальных пытаньняў у маральна-этычнай і фінансавай сферы.
 
Непрактыкуючыя каталікі выглядаюць больш стрыманымі што да ролі Бібліі: больш за 40% з іх пагадзіліся з практыкуючымі вернікамі што да яе ролі ў асьвеце, гуманітарнай дапамозе і вырашэньні глабальных канфліктаў.
Таксама больш за трэць практыкуючых каталікоў адзначылі, што ад прачытанага ў Бібліі наўпрост залежыла рашэньне, якое яны зрабілі на мінулым тыдні.
З усіх апытаных каталікоў менш за палову адчуваюць сябе ўпэўнена ў веданьні зьместу біблійных сюжэтаў. Але дасьледаваньне таксама паказала, што з Бібліяй лепш знаёмыя больш маладыя вернікі (ва ўзросьтавай групе 18-34 гады), чым старэйшыя.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 69 разоў (-ы)