Царква
А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая? Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 3:17-18)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

19.12.2012
Сустрэча расейскіх грэка-каталіцкіх сьвятароў
 
4-6 сьнежня 2012 году ў Пракоп’еўску і Новакузьнецку (Кемераўская вобласьць, Расея) адбылася штогадовая сустрэча духавенства расейскіх католікаў візантыйскага абраду Расеі. У ёй прынялі ўдзел біскуп-ардынарый Ёзаф Верт, а таксама сьвятары і манахіні, якія працуюць у грэка-каталіцкіх парафіях у Расеі, усяго больш за 20 чалавек.
 
Сёлета асноўным дакладчыкам на сустрэчы грэка-каталіцкага духавенства Расеі быў сьвятар Васіль Чудыёвіч, віцэ-канцлер Кіеўскай архіяпархіі УГКЦ, паведамляе сайт Каталікоў візантыйскага абраду ў Расеі. Сабраных ён пазнаёміў з стратэгіяй разьвіцьця Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на перыяд да 2020 году, якая атрымала назву «Жывая парафія — месца сустрэчы з Жывым Хрыстом».
 
Дакладчык з Украіны прадставіў шэсьць асьпектаў стратэгіі Царквы: Слова Божае і катэхізацыя, літургія, кіраваньне дарамі, дыяконія (служэньне справамі міласэрнасьці), кайнонія (сулучнасьць), місія. Разгляд кожнага з пунктаў суправаджаўся пытаньнямі для індывідуальнага разважаньня і для працы ў групах. Такім чынам удзельнікі сустрэчы змаглі пазнаёміцца з досьведам УГКЦ па рэалізацыі стратэгіі-2020, падзяліцца ўласным досьведам у сваіх малых групах, а затым прадставіць вынікі працы ўсім прысутным.
 
Таксама Ўладыка Ёзаф Верт распавёў пра сустрэчу ўсходніх каталіцкіх біскупаў з краінаў Еўропы, якая адбылася ў Харватыі, і падзяліўся сваімі ўражаньнямі.
 
Важным асьпектам сустрэчы, як звычайна, была магчымасьць падзяліцца досьведам працы ў парафіях, радасьцямі і клопатамі грэка-католікаў, якія жывуць у параўнальна невялікіх парафіях вельмі далёка адно ад аднаго — ад Балтыйскага мора аж да Ціхага акіяну.
 
Але ня менш важным для ўдзельнікаў сустрэчы было знаёмства з жыцьцём грэка-каталіцкіх парафіяў Кузбаса, чыя гісторыя пачынаецца яшчэ ў паваенны час. Тады сьвятары, якія апынуліся ў сталінскіх лагерах і ссылках, калі атрымлівалі свабоду пасля пачатку «адлігі», звычайна не маглі вярнуцца на сваю радзіму і заставаліся працаваць у Сібіры, на Поўначы, на Далёкім Усходзе.
 
«Піянерам» грэка-каталіцкага душпастырства ў Пракоп’еўску і Новакузьнецку стаў украінскі рэдэмптарыст а. Васіль Рудка (у 2009 годзе сьвяткавалася 50-годдзе пачатку яго душпастырскай дзейнасьці ў шахцёрскім Кузбасе). Немаладыя ўжо парафіяне і парафіянкі дагэтуль успамінаюць тагачасныя набажэнствы ў хаце гэтага сьвятара. Спатканьне з імі і грэка-каталіцкія набажэнствы ў парафіяльных храмах абодвух сібірскіх гарадоў дапамаглі ўдзельнікам сустрэчы жыва прачуць і перажыць повязь часоў і еднасьць расейскіх католікаў.
 
 
Наступную сустрэчу грэка-каталіцкага духавенства Расеі плануецца правесьці ў кастрычніку 2013 году ў Новасібірску.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 106 разоў (-ы)