Царква
А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:44-45)
Галоўная Навіны за 2012 год
Памер шрыфту

28.12.2012
Айцец Сяргей Стасевіч: У Лондане я знайшоў Беларусь, якую шукаў на радзіме
 
Калі шэсьць гадоў таму Сяргея Стасевіча рукапаклалі на сьвятара Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі, кіраўнік місіі айцец Аляксандар Надсан прызнаўся, што чакаў гэтай падзеі чвэрць стагоддзя. Размова журналіста "Тут і цяпер" Кастуся Лашкевіча з беларускім грэка-каталіцкім сьвятаром у Лондане а. Сяргеем Стасевічам.
 
Малады сьвятар са здольнасьцямі мэнэджара ўжо ажыцьцявіў рэканструкцыю легендарнага “Марыйнага дому” — сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтру ў Лондане ды ініцыяваў праект пабудовы сапраўднай беларускай царквы. У чарговым матэрыяле з цыклу “Беларуская Брытанія” гутарым з айцом Сяргеем пра Ўніяцкую Царкву, рэлігійнасьць беларусаў і “беларускую вёску” ў Лондане.
 
 
“Абраў уніяцтва, каб пераадолець рэлігійны падзел паміж беларусамі”
 
— Айцец Сяргей, калі Вы зразумелі, што жадаеце стаць сьвятаром?
 
— З дзяцінства мяне цікавіла рэлігія. Сканчваючы школу ў Івацэвічах і паступаючы на аддзяленьне культуралогіі філасофскага факультэту БДУ, ведаў, што хачу быць менавіта грэка-каталіцкім (іначай кажучы ­— уніяцкім) сьвятаром. Усё адбывалася неяк само сабой, я проста рэалізоўваў пакліканьне. Таму выбраў Менск, дзе існавалі грэка-каталіцкія суполкі і сьвятары, а таксама адукацыю, якая магла спатрэбіцца дзеля дасягненьня маёй мэты. Ужо пасьля, у Папскім Грэцкім калегіюме ў Рыме даведаўся, што пяць гадоў на філасофскім факультэце ў БДУ не адпавядаюць нават ступені бакалаўра філасофіі, дзеля атрыманьня якой у каталіцкіх навучальных установах вучацца два гады. Для сьвятарства ж акрамя філасофіі патрэбна было яшчэ скончыць трохгадовы курс багаслоўя. Прыйшлося наноў вывучаць асноўныя філасофскія дысцыпліны яшчэ цэлы год. У БДУ не было нават такіх асобных курсаў, як анталогія, гнасеалогія...
 
— Як выглядае рэлігійная адукацыя ў замежных навучальных установах?
 
— Існуюць тэалагічныя факультэты пры ўніверсітэтах, адкрытыя для ўсіх. Там у сапраўднай акадэмічнай абстаноўцы супольна навучаюцца як семінарысты – тыя, што рыхтуюцца да сьвятарства і жывуць у сваіх духоўных семінарыях, так і свецкія студэнты. Найбольш складаным было менавіта ўвайсьці ў сам працэс навучаньня, бо БДУ прывучыў легкадумна ставіцца да прадметаў і вучыцца толькі падчас сесіі. Таксама, трапіўшы на падрыхтоўчы курс італійскай мовы, упершыню сутыкнуўся з тым, што замежную мову можна вывучаць з "нуля" без іншай мовы-пасярэдніцы.
 
— Чаму Вы абралі менавіта ўніяцтва?
 
— Я абраў усходняе каталіцтва як веравызнаньне, што спалучае ў сабе беларускасьць моўную, абрадавую з паўсюднасьцю, універсальнасьцю Каталіцкай Царквы. У гэтым я бачыў пераадоленьне рэлігійнага падзелу паміж беларусамі прынамсі асабіста для сябе. Хоць я перайшоў у Каталіцкую Царкву, прызнаў каталіцкую веру і пяршынства Папы Рымскага, я захоўваю ўсходні абрад, як у Праваслаўнай Царкве. Рыма-каталікі мне не чужыя: мы молімся і прычашчаемся разам як члены адной Царквы Хрыстовай.
 
  • Айцец Аляксандар Надсан і айцец Сяргей Стасевіч служаць паніхіду ля магілаў беларусаў на лонданскіх могілках сьв. Панкрата. Дзяды-2011.
 
 
Менск — Рым — Лондан
 
— Як Вы апынуліся на Альбіёне?
 
— У 1999-м скончыў БДУ, надышла пара зьдзейсьніцца маёй запаветнай мары. Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Аляксандар Надсан, з якім я пазнаёміўся двума гадамі раней на каталіцкім моладзевым форуме ў Парыжы, прапанаваў прыехаць да яго ў Лондан. У айца тады быў праект — ён спансіраваў навучаньне багаслоўю ў Еўропе маладых беларусаў-уніятаў. Пры спрыяньні айца Аляксандра мяне прынялі ў Папскі Грэцкі калегіюм у Рыме, які скончыла шмат беларусаў і ў тым ліку ён сам. Атрымаўшы ступень бакалаўра тэалогіі ў Папскім універсітэце сьвятога Тамаша Аквінскага («Анджэлікум»), я вярнуўся ў Брытанію, дзе скончыў магістратуру Хітруп-Каледжа пры Лонданскім універсітэце.
 
— Які статус мае Беларуская каталіцкая місія ў Англіі?
 
— Пасьля вайны Каталіцкая Царква заснавала ў Вялікабрытаніі шэраг нацыянальных місій для шматлікіх імігрантаў (вайскоўцы, уцекачы з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і інш.). У той час на Брытанскіх выспах апынуліся блізу 10 тысяч беларусаў (у асноўным — жаўнеры Арміі Андэрса з сем’ямі). Айцец Чэслаў Сіповіч якраз абараніў у Рыме доктарскую дысертацыю ў тэалогіі, і паколькі дарога ў Савецкі Саюз была зачынена, яго накіравалі ў Лондан. У 1947 годзе паўстала Беларуская каталіцкая (усходняга абраду — К.Л.) місія ў Англіі.
 
Ніводная з тых місій, апроч беларускай, сёньня не існуе: яны альбо зьніклі, альбо трансфармаваліся ў паўнавартасныя парафіі — царкоўныя супольнасьці з уласным царкоўным будынкам. Гэтак, нашыя суседзі літоўцы, украінцы і палякі займелі ўласныя цэрквы, якія сёньня абслугоўваюць вернікаў.
 
Мы так і засталіся місіяй і сёньня знаходзімся ў непасрэдным падпарадкаваньні Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Гэта частка Рымскай курыі, якая займаецца справамі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў сьвету. Апроч таго мы знаходзімся на тэрыторыі рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Вэстмінстэра, таму многія пытаньні павінны ўзгадняць і з імі.
 
Паколькі нашая Царква ня мае ўласнага біскупа, у канцы 2006 году мы зьвярнуліся па дапамогу да Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў справе майго рукапалажэньня. Мяне высьвяцілі спачатку на дыякана, а потым на сьвятара.
 
— Хто асноўныя вернікі ў беларускай царкве сьвятых Пятра і Паўла ў Лондане?
 
— Гэта беларусы-грэка-католікі, у большасьці сваёй не старэйшыя за 40 гадоў. Многія з іх прынялі хрост у нас. Ходзяць да нас таксама славацкія грэка-католікі і нават адзін брытанскі кітаец.
 
 
 
Чаму поп і ксёндз у беларускім фальклоры — адмоўныя персанажы
 
— Паводле розных дадзеных, у Лондане жыве болей за 1000 беларусаў. Чаму, на Вашу думку, яны ня вельмі сьпяшаюцца ў царкву?
 
— З аднаго боку, беларусы пазбаўлены традыцыйнай рэлігійнасьці. У іх няма ані рэлігійных ведаў, ані глыбокай веры, і Цэрквы мала робяць для таго, каб зьмяніць гэтую сітуацыю. Падчас навучаньня ў Рыме я даваў інтэрв’ю адной беларускай журналістцы. “Я разумею, як грэка-католік Вы навучаецеся ў Рыме. А чым Вам дапамагае Грэцыя?” — на поўным сур’ёзе запыталася яна.
 
З іншага боку, нашыя людзі вельмі забабонныя, вераць у магічныя рытуалы як спосаб прыдбаць здароўе, багацьце і г.д. Аднак каб дасягнуць дабрабыту, захаваць здароўе на Захадзе, чалавеку не патрэбныя рытуалы — ён здольны зьдзейсьніць гэта самастойна. Беларусы ж, пастаўленыя дзяржавай перад неабходнасьцю выжываць, вельмі матэрыяльна арыентаваныя. Таму калі наш чалавек пераязджае на Захад і задавальняе матэрыяльныя патрэбы, у яго аўтаматычна адпадае патрэба ў царкве, рэлігіі, забабонных рытуалах.
 
Аднойчы падчас традыцыйнага сьвяткаваньня Купальля ў нашай лонданскай “вёсцы” да мяне падышла дзяўчына і запыталася: “А Вы, это, в самом деле или притворяетесь?” — “Што “в самом деле”?” — не зразумеў я. — “Ну, тут все переодеты в народные костюмы...” — “Праўда, я на самой справе”. — “Не может быть! Никогда бы не поверила”. Іншым разам жанчынка запыталася, ці гэта праўда, што скокамі праз вогнішча адпускаюцца ўсе грахі...
 
— Але і цэлы, прынамсі, хрысьціянскі сьвет секулярызуецца даволі хуткімі тэмпамі...
 
— Сапраўды, рэлігія на Захадзе выконвае сёньня вельмі абмежаваныя функцыі. Напрыклад, рэлігійнасьць брытанскага грамадзтва мінімальная. Калі мясцовым каталіцкім парафіям пакуль удаецца захоўваць адносна высокі адсотак вернікаў, то ў англіканаў (а менавіта яны складаюць большасьць) назіраецца выразны заняпад рэлігійнасьці. Характэрна, што і вернікамі тут сябе называюць толькі тыя, хто рэгулярна ходзіць у царкву, “практыкуе”.
 
Беларусь патрапіла ў гэтую плынь праз камуністычнае мінулае, калі дзяржава змагалася з рэлігіяй рэпрэсіўнымі метадамі. Разам з тым, у беларусаў захаваліся рудыменты традыцыйнай рэлігійнасьці. На ідэнтыфікацыйным узроўні ў многіх — нават калі яны і ня ёсьць сапраўднымі вернікамі — усё яшчэ спрацоўвае атаясамленьне: ты хто – праваслаўны ці каталік, то бок рускі ці паляк. Такім чынам, ідэя нашай Царквы ім незразумелая, бо яна ані тая, ані другая...
 
 
“Нашыя спрадвечныя храмы атрымалі праваслаўныя”
 
— Ці ў персьпектыве беларуская нацыянальная ідэя будзе жыцьцяздольная без рэлігійнага складніка?
 
— У беларускай нацыянальнай ідэі якраз і не было рэлігійнага складніка. Затое ў фармаваньні сучасных еўрапейскіх нацый — асабліва гэта тычыцца блізкіх да нас цэнтральнаеўрапейскіх народаў — рэлігія адыгрывала істотную ролю. У другой палове 19 стагоддзя, калі гэта працэс праходзіў ключавую стадыю, у беларусаў не было свайго веравызнаньня. Тутэйшыя людзі былі падзелены паміж дзьвюма Цэрквамі, моцна заангажаванымі ў фармаваньне двух мацнейшых нацый — праваслаўнай (расейцы) і каталіцкай (палякі). Паводле логікі, нашай Царквой павінна было стаць уніяцтва — дамінантнае веравызнаньне на беларускіх землях у канцы 18 стагоддзя, што аб’яднала каталікоў і праваслаўных. Але ў 1839 годзе расейскія імперскія ўлады канчаткова ліквідавалі беларускую Унію, а мільёны вернікаў сіламоц перавялі ў праваслаўе.
 
Не дарма ў беларускім фальклоры поп і ксёндз — гэта найчасьцей чужынцы, якія прыехалі з розных старон чыніць духоўны гвалт, насаджваючы кожны сваю веру. З іх кпяць, а не паважаюць. Сапраўдная ж народная вера — уніяцтва — зьнікла, а разам з ёй і ўніяцкія сьвятары, якія карысталіся аўтарытэтам сярод насельніцтва.
 
Тое, што не атрымалася ў беларусаў, ажыцьцявілі нашыя паўднёвыя суседзі ўкраінцы. Украінская нацыя паўстала менавіта ў заходняй частцы краіны на грунце ўкраінскай, грэка-каталіцкай веры.
 
Мяркую, што пры наяўнасьці аб’яднаўчага рэлігійнага складніка беларуская нацыянальная ідэя была б больш жыцьцяздольнай і трывалай. Царква можа ўзьдзейнічаць на фармаваньне нацыі, якая, як лічаць некаторыя дасьледчыкі, у нас да канца не аформілася, праз мову. Каталіцкая Царква як заходняга, лацінскага абраду, так і нашага, усходняга цяпер пасьлядоўна ўжывае беларускую мову, і нават калі людзі не размаўляюць у штодзённым жыцьці па-беларуску, яны прыходзяць на службу і чуюць беларускае слова. Ператвараючы беларускую мову ў сакральную, можна ўплываць на фармаваньне самасьвядомасьці людзей.
 
На самым пачатку 1990-х пры духоўнай падтрымцы айца Аляксандра Надсана ідэю Уніі ўзьнялі некаторыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Наша Царква пачала адраджацца, але пасьля 1994-га на далёкіх і амбітных планах быў пастаўлены крыж.
 
— Я зьвярнуў ўвагу на тое, што ніводная афіцыйная крыніца, рэпрэзентуючы сучасную канфесійную сітуацыю ў Беларусі, аніяк ня згадвае пра грэка-каталікоў. Дзіўна чытаць пра традыцыйнасьць лютэранства ў Беларусі пры адсутнасьці якіх-кольвек згадак пра ўніяцтва, якое дамінавала на нашай зямлі 200 гадоў назад... Што Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі ўяўляе з сябе сёньня, пасьля паўтара стагоддзя забаронаў і забыцьця?
 
— У Менску, а таксама пераважна ў абласных і раённых цэнтрах існуюць суполкі вернікаў, якія ўспрынялі ідэю Уніі, еднасьці Каталіцкай Царквы пры захаваньні ўсходняга абраду. Усе багаслужбы адбываюцца на беларускай мове. Суполкі, як правіла, нешматлікія. Дагэтуль у нас няма свайго біскупа — паўнавартаснага кіраўніка Царквы.
 
У 1990-я ў нас назіраўся вялікі энтузіязм што да ўніяцтва. Нават праваслаўныя сьвятары выказвалі пажаданьні аб пераходзе да Уніі. Суполкі рэгістраваліся па ўсёй Беларусі. Аднак нашыя спрадвечныя цэрквы належалі дзяржаве, а грэка-каталіцкіх сьвятароў было зусім мала, вернікі складаліся ў асноўным з інтэлігенцыі, і за вяртаньне маёмасьці папросту не было каму змагацца. Урэшце амаль усе гэтыя храмы атрымала Праваслаўная Царква.
 
Гэтак у Слоніме існаваў манастыр езуітаў усходняга абраду. Пры ім у 1938 годзе (Заходняя Беларусь тады была ў складзе Польшчы) збудавалі царкву ўсходняга абраду і касьцёл заходняга. Калі каталіцкі касьцёл сёньня зноў дзейнічае, то ўніяцкую царкву аддалі праваслаўным. Цяпер на ёй вялікая “цыбуліна”. Мясцовую грэка-каталіцкую парафію ўлады праігнаравалі.
 
Царква сьвятога Язэпа на цяперашняй плошчы Свабоды ў Менску мусіла быць перададзена Ўніяцкай Царкве паводле рашэньня Менгарвыканкаму яшчэ ў 1990-х. Аднак пераезд архіву навукова-тэхнічнай дакументацыі не адбыўся дагэтуль, а ў сьценах бернардынскага кляштарнага комплексу XVIII стагоддзя хутка паўстане гатэль з паркінгам, казіно і музеем.
 
Дзяржава не давала зямлю пад пабудову грэка-каталіцкіх цэркваў, чыніла перашкоды пры рэгістрацыі будынкаў у рэлігійныя ўстановы. За 20 гадоў незалежнасьці нам удалося пабудаваць усяго адну сапраўдную царкву — у Полацку. Яшчэ адзін навабуд у Берасьці нагадвае звычайны будынак з крыжам.
 
 
Травень 2012. Айцец Сяргей Стасевіч разам з айцом Аляксандрам Надсанам і
прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, кардыналам Леанарда Сандры
на асьвячэньні рэканструяванага “Марыйнага дому”.
 
 
“Для рэпрэзентацыі нашай культуры ў Лондане не хапае царквы”
 
— У першым матэрыяле цыкла “Беларуская Брытанія” мы гутарылі з маладым лонданскім архітэктарам кітайскага паходжаньня Цзыўай Рафаэлем Со — аўтарам праекту новай беларускай царквы, якая мае паўстаць на тэрыторыі Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтру ў Лондане ў бліжэйшай будучыні. Чаму менавіта цяпер з’явілася такая патрэба?
 
— Беларускі цэнтар існуе на поўначы Лондана з другой паловы 1940-х гадоў. Апроч вядомай усім бібліятэкі-музея імя Францішка Скарыны тут у “Марыйным доме” (Marian House) жылі беларускія сьвятары ўсходняга абраду, дзейнічала каталіцкая школа-інтэрнат для хлопцаў. Ужо больш за паўстагоддзя тут штодня адбываюцца беларускія багаслужбы. Разам з тым у нас ніколі не было сапраўднага храму (царква месьціцца ў памяшканьні былой грамадзкай залы). Цэрквы ж ёсьць неад’емным элементам беларускага ландшафту. Паколькі мы хочам захаваць тут маленькую сымбалічную Беларусь, для рэпрэзентацыі нашай культуры і рэлігіі не хапае царквы. Гэта першае, аб чым я падумаў, прыехаўшы ў Лондан шэсьць гадоў назад. Айцец Аляксандар падтрымаў маю ініцыятыву.
 
Вялікай праблемай было знайсьці архітэктара. Мясцовыя сьпецыялісты не разумелі нават сэнс слова “беларуская”. Тое, што яны прапаноўвалі, ня мела аніякай архітэктурнай вартасьці. Працаваць з беларускімі архітэктарамі таксама немагчыма, бо тэхнічныя нормы ў Беларусі і Вялікабрытаніі істотна адрозьніваюцца. Патрэбны быў мясцовы сьпецыяліст, які б ажыцьцявіў праект на аснове беларускай архітэктурнай традыцыі. Урэшце Бог паслаў мне яго ў асобе Рафаэля Со, які таксама зьяўляецца нашым вернікам.
 
Блаславеньне Рыму на рэканструкцыю сядзібы нашага цэнтру — “Марыйнага дому” з пабудовай царквы мы атрымалі яшчэ пяць гадоў таму. Сёлета адбылося яе асьвячэньне пасьля рэканструкцыі. Цяпер мы павінны атрымаць дазвол ад уладаў нашага раёну на ўзьвядзеньне храму.
 
— Вы стала жывяце за межамі Беларусі больш за дзесяць гадоў. Ці не пакутуеце ад настальгіі па радзіме?
 
— Мы жывем тут ў своеасаблівай “беларускай вёсцы” (Беларускі рэлігійны і культурны цэнтар імя сьвятога Кірылы Тураўскага ў лонданскім раёне Паўночны Фінчлі — К.Л.): размаўляем і молімся толькі па-беларуску, творым беларускае культурнае асяроддзе, пазбаўленае ўсюдыіснай расейшчыны. Побач яшчэ жывуць прадстаўнікі папярэдніх пакаленьняў эміграцыі, якія захавалі даваенную беларускасьць. Таму ніякай асаблівай настальгіі не адчуваю. Наадварот, прыязджаючы ў Беларусь, у мяне хутка зьяўяецца настальгія па Лондане, бо менавіта тут я знайшоў Беларусь, якой так бракуе на нашай радзіме.
 
— У прэсе Вас ахрысьцілі пераемнікам айца Аляксандра Надсана. Ці не завялікі цяжар адказнасьці?
 
— Я ніколі фармальна не прызначаўся пераемнікам айца Аляксандра. У Царкве таксама няма перадачы ўлады ў спадчыну. Такім чынам, я раблю толькі тое, што пастаноўлена вышэйшымі царкоўнымі ўладамі ў Рыме: я асістэнт айца Аляксандра, які ёсьць кіраўніком нашай Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. А пра цяжар адказнасьці наш Госпад Ісус Хрыстос у Евангельлі кажа так: “Вазьмеце цяжар Мой на сябе, бо ён лёгкі.
 
 
“Сьвята ажыцьцёўленай надзеі”
 
— На парозе ­— Каляды. Як Вы звычайна сьвяткуеце гэты дзень у Лондане?
 
— Традыцыя сьвяткаваць Раство паводле новага стылю (25 сьнежня) прыйшла ў Беларусь разам з першымі друкаванымі ў Лондане календарамі айца Аляксандра Надсана. Увёў новы стыль яшчэ айцец Чэслаў Сіповіч. Найвялікшая ж Ўсходняя Каталіцкая Царква ў сьвеце — ўкраінская ­— і дагэтуль трымаецца юльянскага календара.
 
На Каляды ў нас адбывюцца сьвяточныя богаслужэньні. Усіх, хто ўдзельнічаў у вячэрняй службе, мы запрашаем на традыцыйную посную куцьцю. Да таго ж вось ужо дзесяць гадоў адзін з нашых вернікаў Павал Шаўцоў ладзіць беларускую батлейку.
 
Божае Нараджэньне — сьвята ажыцьцёўленай надзеі на тое, што дабро перамагае зло. Збавіцель сьвету, Які нарадзіўся ў вусьцішнай пячоры сярод цемры і змроку ў выглядзе маленькага дзіцяці, — сымбаль гэтай надзеі. Хачу пажадаць усім беларусам не губляць веры і спадзявацца на лепшае. Усім жа тым, хто зараз пакутуе ў цемрадзі зямных вязьніц, — надзеі на вызваленьне!
 
 
Дасье "ТіЦ"
 
Сяргей Стасевіч нарадзіўся ў 1978 г. у Івацэвічах. Скончыў філасофскі факультэт БДУ (1999), Папскі ўніверсітэт сьвятога Тамаша Аквінскага (Рым, 2004), Хітруп-Каледж (Лонданскі ўніверсітэт, 2009). Магістар кананічнага права. Працаваў у рэдакцыі газеты “Каталіцкія навіны”. Рэдактар малітоўніка “Госпаду памолімся” (Менск, 2002). У 2006 г. высьвячаны на грэка-каталіцкага сьвятара ў Лондане.
 
Кастусь ЛАШКЕВІЧ (Лондан)
Фота аўтара
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 118 разоў (-ы)