Царква
Хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:18)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

12.01.2013
Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў зьдзейсьніў візіт у Ягіпет
 
Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры з 6 па 11 студзеня 2013 году знаходзіўся з візітам у Ягіпце — паведамляе Радіо Ватикан. Візіт быў прымеркаваны да сьвяткаваньня юбілееў мясцовых манаскіх каталіцкіх супольнасьцяў і Году веры. Прадстаўнік Рымскай курыі меў таксама шэраг сустрэчаў са зьверхнікамі хрысьціянскіх Цэркваў гэтай краіны і прадстаўнікамі царкоўных рухаў.
 
Першая з гэтых сустрэчаў адбылася 7 студзеня ў Александрыі, дзе кардынала Леанарда Сандры ў сваёй патрыяршай рэзідэнцыі вітаў праваслаўны Патрыярх Александрыйскі Тэадор ІІ. Прэфект ватыканскай кангрэгацыі перадаў праваслаўнаму патрыярху вітаньне і найлепшыя пажаданьні ад Сьвятога Айца з нагоды Калядных сьвятаў. Патрыярх Александрыйскі распавёў госьцю пра сітуацыю ў Ягіпце, зьвяртаючы ўвагу на існуючыя цяжкасьці, асабліва апошняга часу, якія прымушаюць мясцовых хрысьціянаў да сумеснага пошуку адказаў на гэтыя выклікі. Александрыйская Праваслаўная Царква ня мае шмат вернікаў у Ягіпце, але сваю місійную дзейнасьць яна ажыцьцяўляе ва ўсёй Афрыцы.
 
Адной з мэтаў візіту кіраўніка ватыканскага ведамства ў Ягіпет было знаёмства з жыцьцём мясцовай каталіцкай супольнасьці. 8 студзеня Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў узяў удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 100-годдзя Згуртаваньня Ягіпецкіх Сясьцёр Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса, якія належаць да Копцкай Каталіцкай Царквы. У сваім казаньні кардынал Сандры падзякаваў манахіням гэтай супольнасьці за 100 гадоў прысутнасьці і руплівага апостальскага служэньня людзям, як хрысьціянам, так і мусульманам, без усялякіх абмежаваньняў. А ўвечары адбылася сустрэча прадстаўніка Апостальскай Сталіцы кардынала Леанарда Сандры з нядаўна абраным зьверхнікам Копцкай Праваслаўнай Царквы Папам Тавадросам ІІ. Гэтая сустрэча праходзіла ў манастыры Аббы Бішу ў мясцовасьці Вадзі-Натрум, дзе патрыярх працягвае свой манаскі подзьвіг, зьдзяйсьняючы гадавы пост пасьля абраньня Першаярархам. Прадстаўнік Сьвятога Айца яшчэ раз перадаў яму віншаваньні з нагоды абраньня, а Зьверхнік Копцкай Праваслаўнай Царквы, самай шматлікай хрысьціянскай супольнасьці Ягіпту, папрасіў аб малітве за коптаў, асабліва за моладзь, дзяцей і сем’і, а таксама за разьвіцьцё дыялогу з усімі часткамі ягіпецкага грамадзтва.
 
9 студзеня, у сталіцы Ягіпту Каіры кардынал Леанарда Сандры браў удзел у сьвяткаваньнях з нагоды 200-х угодкаў мясцовай супольнасьці Сясьцёр Францішканак Беззаганнага Сэрца Марыі, якія ў Ягіпце маюць вялікія заслугі і аўтарытэт у сферы адукацыі. У другой палове дня ватыканскі ярарх сустрэўся з Патрыярхам Александрыйскім для коптаў-католікаў кардыналам Антоніясам Нагібам. Затым у лацінскай катэдры адбылася сустрэча з адказнымі за душпастырства, падчас якой кардынал Сандры сказаў прамову з нагоды Году веры, а пасьля адбылася дыскусія. Акрамя ўсіх каталіцкіх біскупаў Каіру, духавенства і манаства, у гэтай сустрэчы ўзялі ўдзел каля 200 сьвецкіх вернікаў, сярод якіх было шмат моладзі, якая прымае актыўны ўдзел у душпастырскім служэньні. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі прадстаўнікі Руху факаляраў, Каталіцкай акцыі Ягіпту, Карытасу, Неакатэхуменату, ягіпецкія скаўты. Варта адзначыць, што каталіцкі сьвет у Ягіпце вельмі разнастайны і прадстаўлены копцкім, мараніцкім, лацінскім, сірыйскім, мелхіцкім і халдэйскім абрадамі.
 
10 студзеня, у курортным горадзе Шарм-эль-Шэйх на поўдні Сінайскай паўвыспы Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры ўзначаліў цырымонію асьвячэньня новага храму ў гонар Маці Божай Каралевы Супакою.
 
Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў — гэта адна з дзевяці кангрэгацыяў Рымскай курыі, якая адпавядае за стасункі з Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі. Яе юрысдыкцыя ахоплівае таксама ўсю каталіцкую ярархію, духавенства і сьвецкіх, у тым ліку і лацінскага абраду, у рэгіёне Блізкага Ўсходу і паўночна-ўсходняй Афрыкі. Кардынал Леанарда Сандры ўзначальвае Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў з 2007 году. Сябрамі гэтай кангрэгацыі сярод іншых зьяўляюцца Зьверхнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, а таксама Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 57 разоў (-ы)