Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

14.01.2013
Кардынал Сандры: хрысьціяне ў Ягіпце ў цяжкай сітуацыі
 
Становішча хрысьціянскіх супольнасьцяў у Ягіпце вельмі складанае і ў гэты перыяд яны шмат церпяць, — прызнаўся Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры, які знаходзіўся з 6 па 11 студзеня 2012 году з шасьцідзённым візітам у гэтай паўночнаафрыканскай краіне.
 
У размове з Ватыканскім радыё ватыканскі ярарх адзначыў, што ў Ягіпце ўсё часьцей гучаць пагрозы ў адрас пасьлядоўнікаў Хрыста — хоць трэба прызнаць, што такая сітуацыя існуе не ва ўсёй краіне, многія мусульмане сябруюць з хрысьціянамі і ахвотна накіроўваюць сваіх дзяцей вучыцца ў каталіцкія школы, ведаючы, што яны даюць добрую адукацыю. Духавенства і манахі, паводле словаў ярарха, маюць сапраўды братэрскія адносіны з многімі жыхарамі краіны, якія «бачаць іх добрыя ўчынкі ў сферы адукацыі і аховы здароўя, а таксама ў разьвіцьці чалавечага патэнцыялу».
 
Кардынал Леанарда Сандры ўзгадаў пра сваю сустрэчу з новым копцкім праваслаўным Патрыярхам Тавадрасам II, якому перадаў прывітаньне ад Папы Бенядыкта XVI. Кардынал спадзяецца, што выбар новага кіраўніка Копцкай Царквы стане пазітыўным сігналам для разьвіцьця экуменічных адносінаў паміж хрысьціянамі. Ярарх нагадаў таксама фрагмент прамовы Сьвятога Айца да дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы: «У Паўночнай Афрыцы прыярытэтам зьяўляецца супрацоўніцтва ўсіх элементаў грамадзтва. Кожнаму з іх павінны быць гарантавана грамадзянскае права, свабода публічнага вызнаваньня сваёй рэлігіі і магчымасьць уносіць уклад у супольнае дабро. Запэўніваю ўсіх егіпцянаў у маёй блізкасьці і малітве».
 
Новую канстытуцыю Ягіпта крытычна ўспрынялі кіраўнікі мясцовых хрысьціянскіх Цэркваў, адзначаючы, што яна гарантуе правы толькі радыкальным мусульманам, нясе пагрозу жанчынам, моладзі і рэлігійным меншасьцям.
 
Падчас візіту ў Ягіпет ватыканскі ярарх у адным з сваіх казаньняў у Каіры падкрэсьліў, што Канстытуцыя краіны павінна забясьпечваць фундаментальныя правы чалавека і абарону свабоды веравызнаньня. Кардынал Леанарда Сандры выказаў спадзяваньне, што гэтыя прававыя асновы знойдуць месца ў канстытуцыйнай рэформе, каб ажыцьцяўлялася не «арабская вясна», але «вясна чалавецтва»: «Молімся, каб канстытуцыйныя рэформы ў Ягіпце праводзіліся з пашанаю да правоў чалавека. Найперш гаворка ідзе пра рэлігійную свабоду, але таксама і пра іншыя правы, якія служаць для абароны чалавечай годнасьці: права на адукацыю, на жыцьцё, на магчымасьць мець дах над галавой, ежу і працу. Маем надзею, што ў рэформах знойдуць адлюстраваньне ўсе тыя прынцыпы, якія маюць крыніцай ня толькі “арабскую вясну”, але і “вясну чалавецтва”, вясну годнасьці чалавека».
 
Кардынал Леанарда Сандры выказаў спадзяваньне, што Каталіцкая Царква будзе працягваць сваю працу ў Ягіпце, і пажадаў краіне аднавіць на Блізкім Усходзе і ва ўсім сьвеце сваю ролю з уласьцівай ёй на працягу многіх гадоў «чалавечай, гістарычнай і культурнай веліччу».
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 48 разоў (-ы)