Царква
Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:3)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

15.01.2013
Сінод мараніцкіх біскупаў занепакоены ростам колькасьці сірыйскіх бежанцаў
 
Прыняцьце бежанцаў з Сірыі, што зьнявечана вайной — гэта добрая справа, якой трэба спрыяць, аднак няўхільны рост колькасьці тых, хто шукае прытулку ў Ліване можа нанесьці непапраўную шкоду палітычнай стабільнасьці і грамадзкаму парадку - так лічаць біскупы Мараніцкай Каталіцкай Царквы, якія сабраліся на Сінадальную асамблею ў Бкерке.
 
Як адзначае расейская служба Радыё Ватыкану, ярархі гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы занепакоеныя тым, што грамадзянская вайна ў суседняй Сірыі паставіла перад цяжкімі выпрабаваньнямі і іх краіну, таму яны маюць надзею, што палітычныя сілы ў Ліване прыйдуць да плённага пагадненьня і прымуць новы закон аб выбарах.
 
Мараніцкія біскупы падкрэсьлілі рызыку палітычнага краху ў краіне, якую — пішуць яны ў камюніке — «Бог абраў для таго, каб адкрыць таямніцу збаўленьня і адкупленьня». Біскупы самай значнай хрысьціянскай супольнасьці ў Ліване станоўча адгукнуліся аб дабрачынных праектах на карысьць сірыйскіх бежанцаў. Але яны таксама бачаць небясьпеку ў штодзённым росьце колькасьці бежанцаў, сярод якіх нямала палестынцаў. Гуманітарная дапамога, якая патрабуе скаардынаваных дзеяньняў усіх структураў, мае на мэце, што і ліванскія ўлады зоймуцца пытаньнем забесьпячэньня бясьпекі, зьвязанай з наплывам бежанцаў.
 
Сінод мараніцкіх біскупаў выказвае пажаданьне, каб парламенцкая камісія па распрацоўцы новага закону аб выбарах знайшла рашэньне, здольнае гарантаваць раўнапраўнае прадстаўніцтва ўсіх складовых частак ліванскага народу. Новы ўрад закліканы надаць асаблівую ўвагу бясьпецы, росту эканомікі і рэальным патрэбам насельніцтва, ахоўваючы Ліван «ад усіх рэгіянальных і міжнародных спрэчак».
 
Паводле словаў біскупаў Мараніцкай Царквы, неабходна праводзіць выразныя адрозьненьні паміж «патрабаваньнямі дзяржаўнага рэгуляваньня і палітычнымі, прыватнымі і групавымі інтарэсамі розных бакоў». Біскупы лічаць, што менавіта зьмешваньне гэтых двух асьпектаў паралізуе ліванскія ўстановы, паколькі «кожны з бакоў імкнецца атрымаць уласную выгаду з дзейнасьці дзяржавы, прыкрываючы карупцыю адміністрацыі і разбазарваньне дзяржаўнай казны». Дзяржава, якая ня рабіць спробаў выйсьці з гэтай сітуацыі, пішуць біскупы, асуджана на поўны крах.
 
Ліванскія крыніцы паведамляюць таксама, што нядаўна ў Бкерке адбылася асамблея розных хрысьціянскіх палітычных груповак, якія сёньня належаць да розных кааліцыяў. Яны прыйшлі да кансэнсусу што да законапраекту аб выбарах, прапанаванага так званым «Прававерным сходам». На аснове гэтага законапраекту грамадзяне павінны будуць галасаваць за кандыдатаў, якія належаць да адпаведных канфесіяў.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 46 разоў (-ы)