Царква
Падчас сытасці ўспамінай пра час голаду, і ў дні багацця - аб беднасьці і нястачы
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 18-25)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

24.01.2013
Абраны новы Першаярарх коптаў-католікаў
 
Папа Бенядыкт XVI 18 студзеня 2013 году прыняў у царкоўную сулучнасьць Яго Блаславенства Ібрагіма Ісака Сідрака, новага Патрыярха Александрыйскага Копцкай Каталіцкай Царквы — паведамляе Ватыканская інфармацыйная служба VIS. Абраны 15 студзеня 2013 году Сінодам Біскупаў гэтай Царквы, патрыярх Ібрагім прасіў пра гэта ў адпаведнасьці з нормамі канону 76 пар. 2 Кодэксу Канонаў Усходніх Цэркваў.
 
Сінод Біскупаў Копцкай Каталіцкай Царквы, які засядаў у Каіры ад 12 да 16 студзеня, параіўшыся з Сьвятым Айцом, у адпаведнасьці з канонам 126 пар. 2 Кодэксу Канонаў Усходніх Цэркваў прыняў адрачэньне ад пасады, пададзенае 77-гадовым патрыярхам Антоніясам кардыналам Нагібам па стане здароўя, і абраў ягоным наступнікам колішняга япарха Эль-Міньі Ўладыку Ібрагіма Ісака Сідрака.
 
Новаабраны патрыярх Сідрак нарадзіўся 19 жніўня 1955 году ў Цэнтральным Ягіпце. Навучаўся ў копцкай семінарыі, у 1980 годзе быў высьвячаны на сьвятара, затым зьдзяйсьняў душпастырскае служэньне ў патрыяршай япархіі. Пасьля навучаньня ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме атрымаў ступень доктара дагматычнага багаслоўя, выкладаў у патрыяршай семінарыі, узначальваў катэхетычную камісію сваёй Царквы. У кастрычніку 2002 году быў абраны біскупам Эль-Міньі, а 15 лістапада атрымаў архірэйскія сьвячаньні.
 
Копцкая Каталіцкая Царква належыць да Александрыйскай літургічнай традыцыі. Яна паўстала ў выніку вяртаньня да еднасьці з Біскупам Рыму часткі вернікаў Копцкай Праваслаўнай Царквы. Копты-католікі пражываюць у Ягіпце і Судане, іх колькасьць — каля 250 тысячаў. Існуе таксама невялікая колькасьць вернікаў-эмігрантаў гэтай Царквы і ў іншых краінах сьвету.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 53 разоў (-ы)