Царква
Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых
(Кніга Эклезіяста 7:9)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

24.01.2013
Разьвітаньне з гісторыкам і археолагам Міхасём Чарняўскім
 
20 студзеня 2013 году на 75-м годзе жыцьця, памёр Міхась Чарняўскі — вядомы беларускі гісторык і археолаг, вернік грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Менску. У апошнія месяцы Міхал Чарняўскі перанёс некалькі аперацыяў, выкліканых хуткім разьвіцьцём ракавых пухлінаў.
 
Міхась Чарняўскі быў асьветнік па духу, які шчыра любіў Бацькаўшчыну. Чалавек эпохі беларускага Адраджэньня, энцыклапедычных ведаў і працаўнік, нязломны і прынцыповы, высокамаральны. Сьціпласьць, адзначаюць сябры, была важнай рысай яго характару. Ён меў сьветлую натуру, дабразычлівы характар і вылучаўся арганічным паўсюдным гумарам. Нават да сваіх апанентаў, ворагаў і нядобразычліўцаў ствіўся як сапраўдны хрысьціянін. Як адзначаюць сябры і паплечнікі, ён быў для ўсіх сапраўдным маральным аўтарытэтам.
 
Ён заўжды імкнуўся служыць іншым людзям, сваёй краіне. За сваё жыцьцё выгадаваў цэлае пакаленьне сапраўдных беларускіх патрыётаў. Анкалагічная хвароба прыпыніла нястомную працу гэтага цудоўнага чалавека, выдатнага навукоўцы і асьветніка.
 
22 студзеня ў Менску прайшло разьвітаньне з Міхалам Чарняўскім. Правесьці яго ў апошні шлях прыйшлі вядомыя літаратары, навукоўцы і грамадзкія дзеячы. Разьвітацца з настаўнікам, паплечнікам і сябрам прыйшлі дзясяткі людзей, хто падзяляў ягоныя ідэі і жыцьцёвую пазіцыю — змаганьне за нацыянальныя каштоўнасьці, вольную і незалежную Беларусь.
 
Адпяваньне заснулага слугі Божага Міхала Чарняўскага, верніка менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа, адбылося 22 студзеня ў Доме Смутку ў Менску.
 
Памінальныя абрады ўзначаліў Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, у саслужэньні менскага протапрасьвітара Яўгена Ўсошына і адміністратара сталічнай парафіі Праведнага Язэпа а. Аляксандра Шыбекі.
 
Пасьля чытаньня Евангельля Архімандрыт Сяргей (Гаек), як адзначае сайт грэка-каталіцкай парафіі сьвятога Язэпа, сказаў некалькі словаў пра памерлага: “Словы евангельскіх блаславенстваў (Мц 5, 3-12), якія Царква сьпявае на разьвітальным багаслужэньні: “Шчасьлівыя ціхія…, шчасьлівыя чыстыя сэрцам…, шчасьлівыя міратворцы…, шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць Валадарства нябеснае”, адносім сёньня да нашага заснулага брата Міхася. Яго цела будзе сёньня складзена ў беларускую зямлю, якую ён шчыра любіў ды якую – як археолаг – раскопваў, каб пазнаць багацьце ейнай гісторыі.
Беларускую зямлю і беларускую гісторыю сьвятой памяці Міхась любіў і любіць яе навучаў іншых. І за гэта мы яму вельмі ўдзячныя. Душу заснулага Міхася, які адышоў да Госпада, Царква суправаджае малітвай, каб Госпад прыняў яго ды супакоіў “дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу, але жыцьцё бясконцае”. Адначасова молімся, каб мы глыбока прынялі і асэнсавалі каштоўную духовую спадчыну, якую давярае нам сьвятой памяці Міхась: прыклад ягонага шляхотнага жыцьця, прыклад яго руплівай працы, прыклад мужнай любові да Бацькаўшчыны, да яе мовы і гісторыі”.
 
На разьвітаньне прысутныя прасьпявалі малітоўны гімн “Магутны Божа”.
 
Пахаваньне заснулага слугі Божага Міхала Чарняўскага адбылося на яго радзіме, у вёсцы Круці Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Абрад пахаваньня ўзначаліў а. Яўген Усошын.
 
25 студзеня ў капліцы Душпастырскага цэнтра сьв. Язэпа будзе адслужана таксама Боская Літургія за супакой душы сьвятой памяці Міхала Чарняўскага.
 
***
 
Гісторык і археолаг, а таксама пісьменьнік Міхал Чарняўскі быў вядомым грамадзкім, палітычным і культурным дзеячам Беларусі. Ён нарадзіўся 7 сакавіка 1938 году ў вёсцы Круці Мядзельскага раёна. Гісторыяй, археалогіяй захапіўся яшчэ ў дзяцінстве.
 
Скончыў гістарычны факультэт Менскага педагагічнага інстытуту. Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру першабытных плямёнаў каменнага і бронзавага вякоў. Разам з Уладзімірам Караткевічам, Міколам Прашковічам, Арсенем Лісам, Зянонам Пазьняком, Лявонам Баразной, Міколам Ермаловічам ён быў адной з ключавых постацяў клубу вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі “Акадэмічны асяродак”, за што ў 1974 годзе яго доўга цягалі на допыты ў КГБ і ўрэшце звольнілі з працы з Акадэміі наву з забаронай на прафесію. Без ягонага мудрага ўдзелу немагчыма ўявіць “Мартыралог Беларусі” і Аргкамітэт БНФ “Адраджэньне”, з якіх пачалася новая эпоха.
 
Быў кандыдатам гістарычных навук, працаваў дацэнтам катэдры археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Ён быў з тых, што прынцыпова гаварылі па-беларуску і фармавалі рух за незалежнасьць, дасьледаваў паваенны антыбальшавіцкі супраціў.
 
Міхал Чарняўскі ў якасьці аўтара і рэдактара ўдзельнічаў у падрыхтоўцы такіх фундаментальных выданьняў як “Гісторыя беларускага мастацтва”, “Археалогія Беларусі” (у 4-х тамах) і “Гісторыя Беларусі” (у 6-ці тамах). Быў таксама навуковым кансультантам і аўтарам энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі”.
 
Ён аўтар кніг: “Неаліт беларускага Панямоньня”, “Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі”, “Археалагічныя помнікі Міншчыны”, “Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі”, “Правадыр крылатых вершнікаў Ян Кароль Хадкевіч”, “Як пошуг маланкі. Расьціслаў Лапіцкі”, склаў зборнік матэрыялаў пра дзейнасьць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольля “Ня бойцеся ахвяраў і пакутаў”.
 
Таксама Міхась Чарняўскі напісаў захапляльныя дзіцячыя кнігі пра старажытныя часы: “Страла Расамахі”, “Вогнепаклоньнікі”, “Дзесяць бітваў”.
 
Разам з рэжысёрам Валерыем Мазынскім Міхась Чарняўскі зьняў фільм пра моладзевы антысавецкі супраціў “Як пошуг маланкі” і адкрыў беларусам імя Расьціслава Лапіцкага, расстралянага савецкімі ўладамі ў 1950-ыя. Уласна ён, рызыкуючы свабодай, у свой час вывез і ўрэшце апублікаваў мемуары нязломнай паэткі і вязьня ГУЛАГу Ларысы Геніюш.
 
 
Фота і відэа з сайту Радыё Свабода.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 75 разоў (-ы)