Царква
Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца
(Псалтыр 54:23)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

25.01.2013
У Вялікай Брытаніі створана япархія для вернікаў УГКЦ
 
Украінскія грэка-католікі ў Вялікай Брытаніі маюць цяпер сваю паўнавартасную япархію. Папа Бенядыкт XVI паблаславіў просьбу Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і ўзвысіў Апостальскі экзархат для ўкраінскіх католікаў у гэтай краіне да статусу япархіі.
 
18 студзеня 2013 году Ватыканская інфармацыйная служба VIS паведаміла пра тое, што Папа Бенядыкт XVI узвысіў да статусу япархіі колішні Апостальскі экзархат для ўкраінцаў візантыйскага абраду, якія жывуць у Вялікай Брытаніі, надаючы ёй афіцыйную назву Япархія Сьвятой Сям’і з рэзідэнцыяй у Лондане (Ukrainian Catholic Eparchy of the Holy Family of London).
 
Колькасьць вернікаў новай япархіі складае каля 15 тысячаў, а катэдрай для ўкраінскіх грэка-каталікоў у Вялікай Брытаніі будзе лонданскі храм Сьвятой Сям’і ў выгнаньні, названы ў памяць яе ўцёкаў у Ягіпет (пабудаваны ў 1891 годзе, ён быў перададзены ў 1967 годзе ў карыстаньне ўкраінскім грэка-католікам Вэстмінстарскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіяй).
 
Першым япархам новастворанай Лонданскай япархіі Сьвятой Сям’і Сьвяты Айцец прызначыў 58-гадовага тытулярнага біскупа Барэта Ўладыку Глеба Ланчыну, які належыць да Студыйскага Уставу. На працягу апошніх чатырох гадоў ён займаўся душпастырскай апекай украінскіх грэка-католікаў, якія жывуць у Вялікай Брытаніі, спачатку ў якасьці Апостальскага адміністратара мясцовага экзархату, затым як экзарх.
 
Апостальскі экзархат для ўкраінскіх грэка-католікаў быў заснаваны 10 чэрвеня 1957 году і ахопліваў тэрыторыю Англіі і Ўэльса. 5 сакавіка 1967 году юрысдыкцыя экзархату была распаўсюджана і на Шатландыю.
 
Уладыка Глеб Лончина нарадзіўся 23 лютага 1954 году ва ўкраінскай сям’і ў ЗША. Багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме, дзе ў Папскім Універсітэце «Урбаніанум» атрымаў ступень ліцэнцыята біблейскага багаслоўя, а ў Папскім Усходнім інстытуце абараніў доктарскую дысертацыю па літургіцы.
 
У 1975 годзе ён уступіў ва ўкраінскі манастыр Айцоў Студытаў у Гротаферата каля Рыму, дзе ў 1977 годзе быў рукапакладзены на сьвятара Вярхоўным Архібіскупам УГКЦ Ёсіфам Сьліпым. Некаторы час служыў у ЗША, а ў 1994 годзе разам з субратамі-студытамі прыехаў ва Ўкраіну, дзе выконваў розныя служэньні.
 
У студзені 2002 году а. Глеб Ланчына быў прызначаны дапаможным біскупам Львоўскім, а 27 лютага атрымаў біскупскую хіратонію. Праз год ён пачаў служэньне як Апостальскі візітатар для ўкраінскіх грэка-католіквў у Італіі і пракуратар Вярхоўнага Архібіскупа УГКЦ ў Рыме, а з сакавіка 2004 году ён таксама стаў Апостальскім візітатарам у Гішпаніі і Ірландыі.
 
З 2 чэрвеня 2009 году ён зьяўляўся Апостальскім адміністратарам Экзархату для ўкраінцаў візантыйскага абраду ў Вялікай Брытаніі, а з 14 чэрвеня 2011 году — Апостальскім экзархам.
 
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 54 разоў (-ы)