Царква
Не давай вадзе выхаду, ні злы жонцы - улады, а калі яна не ідзе пад рукою тваёю, то адатні яе ад плоці тваёй
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 25:28-29)
Галоўная Навіны за 2009 год
Памер шрыфту

27.09.2009

Патрыярх Кірыл пра рэлігійную сітуацыю ў Беларусі, яе прыярытэты і дыялог

Як падкрэсьліў па прылёце ў Менск Першарярах РПЦ МП Патрыярх Кірыл, "Беларусь – краіна з абсалютна праваслаўнай большасьцю". Пры гэтым Парыярх Кірыл заўважыў, што "тут ёсьць і іншыя канфэсіі", а "добрыя стасункі з рознымі канфесіямі садзейнічаюць гуманізацыі грамадзтва".

Характарызуючы рэлігійную сітуацыю ў Беларусі, ён сказаў: "Важна, каб грамадзтва не разьдзялялася, кансалідавалася. У Беларусі гэта мае месца. Тут ёсьць мір і ніякага напружаньня".

На ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі 25 верасьня 2009 г., які адбыўся з нагоды прыбыцьця ў сталіцу Беларусі Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, адбылася кароткая сустрэча паміж Патрыярхам Кірылам і Мітрапалітам Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Тадэвушам Кандрусевічам. Ярархі прывіталі адзін аднаго, пасьля чаго адбылася кароткая прыватная размова.

Як паведамляе Catholic.by, ярархі сустрэліся, як старыя знаёмыя, якія добра ведаюць адзін аднаго. Падчас размовы Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсьліў добрыя адносіны і плённае супрацоўніцтва, якія склаліся паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Царквой у Беларусі і пажадаў Патрыярху Божай дапамогі ў яго служэньні.

У праграме 4-дзённага візіту ў Беларусь Патрыярха РПЦ МП асобнай сустрэчы з ярархамі Каталіцкай Царквы ў Беларусі і прадстаўнікамі іншых канфесіяў не прадугледжана.

У сваёй прамове ў Палацы Рэспублікі ў Менску Патрыярх Кірыл яшчэ раз зьвярнуў увагу на монаканфесійны характар нашай краіны і адначасова падкрэсьліў яе асаблівасьць: "Праваслаўная краіна Беларусь, у якой таксама жывуць людзі і іншых рэлігіяў, іншых канфесіяў, застаючыся праваслаўнай, адначасова нясе на сабе пячатку гэтай самай заходняй часткі Сьвятой Русі, памежнай зоны. Яна судакранаецца з іншым сьветам, іншымі цывілізацыямі. І не заўсёды ў гісторыі гэтае судакрананьне было лёгкім, часам яно было трагічным".

Выступаючы перад прадстаўнікамі беларускай праваслаўнай супольнасьці і інтэлігенцыі, зьверхнік РПЦ МП сказаў, што, без сумневу, заўважную стабільнасьць беларускаму грамадзтву надае стваральная роля Праваслаўнай Царквы і добрыя стасункі яе з іншымі канфесіямі. На думку Патрыярха Кірыла, гэта ёсьць вялікая заслуга БПЦ і асабіста Мітрапаліта Філарэта, а таксама кіраўнікоў тых рэлігійных групаў, з якімі яна мае добрыя і партнёрскія стасункі.

Паводле Інтэрфаксу Патрыярх Кірыл не пацьвердзіў магчымасьць сустрэчы з Папам Рымскім на тэрыторыі Беларусі. На пытаньне журналіста, што ён думае пра ініцыятывы кіраўніцтва Беларусі па арганізацыі ў Беларусі сустрэчы зьверхнікаў Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў, Партырях Кірыл сказаў: "Пра гэтыя намаганьні я нічога ня ведаю".

У сваім выступе перад прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці ў Палацы Рэспублікі ў Менску Патрыярх Маскоўскі Кірыл шмат увагі ўдзяліў усходнеславянскаму адзінству, неабходнасьці бараніць каштоўнасьці "народа адзінай Сьвятой Русі". Асабліва патрыярх РПЦ МП акцэнтаваў на важнасьці захаваньня саюзу Беларусі і Расеі, які, як ён сказаў, "бласлаўляецца Праваслаўнай Царквою". "Калі мы яго згубім, то прайграем і эканамічна, і палітычна. Прайграем ня толькі, як народы і дзяржава, але і як асобы ў цэлым. Бог будзе судзіць нас", – настойваў Патрыярх Кірыл.

26 верасьня, падчас сваёй лекцыі ў Інстытуце тэалогіі імя сьвятых Мятода і Кірылы БДУ, дзе Патрыярх Кірыл быў адзначаны ганаровым дыпломам доктара багаслоўя honoris causa за заслугі перад навукай і культурай, зьверхнік РПЦ МП таксама закрануў тэму важнасьці міжрэлігійнага дыялогу. На яго думку якасная багаслоўская адукацыя "можа быць як "прышчэпкай" ад рэлігійнага экстрэмізму, так і дапамогаю ў міжрэлігійным дыялогу".

Паводле патрыярха, у працэсе эфектыўнага міжрэлігійнага дыялогу нават "такі далёкі панятак, як іранскія шыіты, бачыцца зусім інакш, і праз гэты дыялог мы бачым, што ў нас існуе шмат агульнага, у тым ліку і ў сферы нашай рэлігійнай ідэнтычнасьці". "І прававерны мусульманін табе па духу робіцца бліжэй за заходняга чалавека, які да мозга костак секулярызаваны і ня здольны адрозьніць дабро і зло", – сказаў Патрыярх Кірыл.

Фота кс. А.Амяльчэні, Catholic.by

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 135 разоў (-ы)