Царква
Голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
(Кніга Ёва 1:21)
Галоўная Навіны за 2013 год
Памер шрыфту

30.01.2013
Экуменізм бяз веры — як імкненьне да выгаднага кантракту
 
25 студзеня 2013 году, у дзень успаміну навяртаньня апостала Паўла, Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI узначаліў вячэрнюю малітву ў базыліцы сьвятога Паўла за мурамі на заканчэньне 46-га Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, тэмай якога сёлета былі словы: “Што Бог патрабуе ад нас?”.
 
Сярод шматлікіх прадстаўнікоў розных Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў у гэтай экуменічнай малітве прынялі ўдзел праваслаўны мітрапаліт Генадзіяс Лімурыс, прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату, архібіскуп Кентэрбэрыйскі Дэвід Рычардсан, прадстаўнік Англіканскай Царквы, а таксама сябры Міжнароднай зьмешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Старажытнымі Праваслаўнымі Цэрквамі Ўсходу.
 
Падчас экуменічнага набажэнства на закрыцьцё Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, Сьвяты Айцец адзначыў, што агульная вера зьяўляецца асновай экуменізму. Атрымаўшы хрост, усе хрысьціяне зьяднаныя ў вызнаньні веры “ў Бога, Айца і Стваральніка, Які аб’явіў Сябе ў Сваім Сыне Ісусе Хрысьце, і выліў Духа Сьвятога, які дае жыцьцё і асьвячае”. “Бяз веры, якая зьяўляецца першым дарам ад Бога, але таксама і адказам людзей, увесь экуменічны рух будзе зьведзены да свайго роду “кантракту”, якога трэба прытрымлівацца дзеля агульных інтарэсаў”, — сказаў Бенядыкт XVI.
 
Рымскі Архірэй таксама адзначыў, што дактрынальныя пытаньні, якія ўсё яшчэ падзяляюць нас, ня варта выпускаць з-пад увагі або зводзіць да мінімуму. Хутчэй, іх трэба разглядаць сьмела, у духу братэрства і ўзаемнай павагі. “Дыялог, калі ён адлюстроўвае прыярытэт веры, можа быць адкрыты для дзеяньня Бога, калі маем цьвёрдую ўпэўненасьць, што самыя мы ня можам будаваць еднасьць, але што Сьвяты Дух ёсьць Тым, хто вядзе нас да поўнай сулучнасьці і дазваляе нам убачыць духоўнае багацьце, якое прысутнічае ў розных Цэрквах і царкоўных супольнасьцях”, — сказаў Сьвяты Айцец.
 
“Сапраўдная вера ў Бога непарыўна зьвязана з асабістай сьвятасьцю, а таксама з пошукам справядлівасьці”, — падкрэсьліў Рымскі Архірэй. Аднак, адзначыў ён, сёньня выглядае так, што хрысьціянскае сьведчаньне здаецца ўсё менш уплывае на асабістае і грамадзкае жыцьцё, і гэта ўяўляе сабой праблему для ўсіх Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў. Таму на шляху да поўнай еднасьці трэба імкнуцца да канкрэтнага супрацоўніцтва паміж вучнямі Хрыста, каб несьці веру сучаснаму сьвету. Сёньня, сказаў Сьвяты Айцец, існуе вялікая патрэба прымірэньня, дыялогу і імкненьня да паразуменьня для больш дзейснай прысутнасьці ў сучаснай рэальнасьці.
 
“Еднасьць зьяўляецца найлепшым сродкам і практычна перадумовай для больш праўдзівага абвяшчэньня веры. Скандал падзелаў, якія перашкаджаюць місіянерскай дзейнасьці, быў стымулам, з якога распачаўся экуменічны рух, які мы ведаем сёньня. Таму поўная і бачная еднасьць паміж хрысьціянамі павінна ўспрымацца як падставовая рыса ўсё больш выразнага сьведчаньня”, — сказаў Сьвяты Айцец.
 
Аднак, зьвярнуў увагу Папа, на шляху нашага пошуку еднасьці ў праўдзе і любові ніколі ня варта забываць, што рэальная хрысьціянская еднасьць ёсьць найперш працаю і дарам Духа Сьвятога, а ня нашых намаганьняў. Таму духоўны экуменізм і, асабліва, малітва павінны быць у цэнтры нашых экуменічных абавязкаў.
 
Сьвяты Айцец падкрэсьліў таксама, што экуменізм ніколі ня дасьць добрага плёну, калі ў ім ня будзе канкрэтных дзеяньняў для пераменаў, якія зьменяць нашае сумленьне і будуць спрыяць аздараўленьню памяці ды адносінаў. І менавіта сапраўдныя перамены зьяўляюцца адным з асноўных элементаў нашага экуменічнага абавязку. Абнаўленьне ўнутранага жыцьця нашых сэрцаў і розуму, якое будзе адлюстраванае ў паўсядзённым жыцьці, мае вырашальнае значэньне ва ўсялякім дыялогу або шляху да прымірэньня. Гэта прынясе ў экуменізм ўзаемаабавязанасьць для паразуменьня, павагі і любові, “так, каб сьвет паверыў”.
 
Паводле VIS - Vatican Information Service і польскай службы Радыё Ватыкану.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 63 разоў (-ы)